Венгрыя: вяртанне ў маладосць

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

На гэтым тыдні ў Будапешце, у галерэі "Фораш", адкрылася выстаўка вядомага беларускага мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера. Культурная акцыя арганізавана Пасольствам Беларусі ў Венгрыі.

Выстаўка мае немудрагелістую назву "Культурны плакат", і на ёй экспануецца 45 твораў гэтага жанру. Паводле слоў Уладзіміра Цэслера, ён не рыхтаваў для выстаўкі ў замежжы нешта адмысловае, асаблівае. Прадстаўленыя там постары добра вядомыя беларускай аўдыторыі. На ягоную думку, па сутнасці, няма розніцы: выстаўляцца на радзіме, у Расіі, ці ў краінах Еўрасаюза, бо культурная публіка паўсюль аднолькавая, людзей цікавіць адно і тое ж. У гэтым мастак у чарговы раз пераканаўся пасля таго, як пабачыў, які поспех у гледачоў на радзіме і ў замежжы сёння маюць яго сацыяльныя плакаты, створаныя яшчэ ў савецкі час. Жыццё змяняецца, а тэмы застаюцца…

Выстаўка ў Будапешце для мэтра беларускага дызайну ў пэўнай ступені — юбілейная. Яна — як вяртанне ў маладосць. 25 гадоў таму Цэслер ладзіў персаналію ў венгерскім горадзе Пэч — культавай мясціне для фанатаў "оп-арту" (тут нарадзіўся заснавальнік гэтага напрамку — класік ХХ стагоддзя Віктор Вазарэлі). Тое, што Уладзімір Цэслер прадставіў зараз у венгерскай сталіцы, — таксама класіка. Беларуская нацыянальная.

П.В.