Англія і не толькі

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

Сёння — апошні спектакль надзвычай працяглых гастролей Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета ў Вялікабрытаніі. Пачалося турнэ яшчэ напрыканцы студзеня, і за гэты час у 25 англійскіх гарадах ажно 39 разоў былі паказаны оперы Дж.Пучыні: 15 — "Мадам Батэрфляй", астатнія 24 — "Багема".

— Маё першае ўражанне, — распавядае галоўны дырыжор тэатра Віктар Пласкіна, які вярнуўся з гастролей раней, — гэта вельмі высокі ўзровень нашых спектакляў і каласальны ўздым, што атрымліваюць артысты, асабліва аркестр і хор, у час вандроўкі. Усе так "збіраюцца", натхняюцца, што выдаюць нават больш за свае магчымасці. На роднай сцэне, пэўна, такога не бывае. Хаця тут, як кажуць, і сцены дапамагаюць: усё ж больш спакойная атмасфера, якая крыху расслабляе. А там, нягледзячы на цяжкія пераезды, — яшчэ большы ўзлёт. Я бываў у Англіі з 2003 года, і ўжо тады ацаніў тамтэйшую публіку. Можа, яна крыху кансерватыўная, але складаецца спрэс са знаўцаў опернага мастацтва. Выступаць для яе — вялікі гонар!..

Заслужаная артыстка Беларусі Настасся Масквіна ў гастролях не ўдзельнічала, бо 22 сакавіка ў яе прэм’ера — у Вялікім тэатры ў Маскве. Яна запрошана спяваць у канцэртным выкананні оперы К.М. Вэбера "Аберон, або Клятва караля эльфаў". А вядучыя салісты нашага балета — народная артыстка краіны Вольга Гайко і ўладальнік Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Аношка — вярнуліся з Баку, дзе феерычна саліравалі ў "Лебядзіным возеры" П.Чайкоўскага.

Н.Б.