Дошка ў гонар Купалы і перамовы ў Рызе

№ 11 (1085) 16.03.2013 - 23.03.2013 г

14 сакавіка ў сталіцы Латвіі на будынку Рыжскай беларускай асноўнай школы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка народнаму паэту Беларусі — Янку Купалу.

Гэта яшчэ адзін помнік Песняру, што ўстаноўлены за мяжой, пасля манументаў у Маскве і Нью-Ёрку, адноўленай мемарыяльнай дошкі ў Вільнюсе. Значнасць гэтых крокаў па ўвекавечанні памяці выбітных постацей нацыянальнай культуры і падкрэсліў у сваёй прамове пад час цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў, які знаходзіўся ў Латвіі з 13 — 15 сакавіка з афіцыйным візітам па запрашэнні міністра культуры Латвійскай Рэспублікі Жанэты Яўнзэме-Грэндэ. Адзначым, што менавіта па ініцыятыве Міністэрства культуры нашай краіны і Пасольства Беларусі ў Латвіі і быў ажыццёўлены праект па ўстаноўцы мемарыяльнай дошкі Янку Купалу.

/i/content/pi/cult/418/8545/1-1.jpeg

Заўважым, што аўтар помніка — скульптар Павел Вайніцкі — стварыў нешараговы мастацкі аб’ект. Мастак выканаў твор у вольнай манеры, адышоўшы ад традыцыйных канонаў выяўлення нацыянальных герояў.

Таксама пад час візіту Барыса Святлова ў Латвію адбыліся перамовы па пытаннях далейшага супрацоўніцтва ў сферы культуры і мастацтва паміж дзвюма краінамі. Па іх выніках падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Латвійскай Рэспублікі на 2013 — 2015 гады. Праграма ўключае шэраг пунктаў, сярод якіх — развіццё супрацоўніцтва ў сферы кінематаграфіі, тэатральнага мастацтва, канцэртна-гастрольнай дзейнасці, музейнай справы і выставачнай дзейнасці, бібліятэчнай справы, арганізацыі абменных стажыровак выкладчыкаў і студэнтаў ВНУ культуры і інш.

Д.А.