“Капрызны” альбом

№ 37 (905) 12.09.2009 - 18.09.2009 г

Хуткім часам аматары музыкі атрымаюць цудоўны падарунак: кампакт-дыск песень Чэслава Нэмэна ў выкананні беларускіх артыстаў. Запісаў гэты альбом, запрасіўшы салістаў, эстрадны аркестр “Капрыз” Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы на чале з Раісай ЛЕВІНАЙ.

— Хто, як не мы, ягоныя землякі, — кажа Раіса Леанідаўна, — павінны садзейнічаць гэткаму “вяртанню” яго творчасці на радзіму? Гісторыя праекта распачалася некалькі гадоў таму, калі магістратуру нашай навучальнай установы скончыла Святлана Дзякун. Яшчэ раней яна стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу ў Польшчы, і ў якасці прыза атрымала магчымасць прайсці майстар-класы ў Эвы Бэм, а займацца ў яе мараць многія маладыя спевакі. Гэта дапамагло нашай выхаванцы глыбей пранікнуць у творчасць Чэслава Нэмэна, якая не можа не хваляваць людзей розных пакаленняў. Наша пакаленне памятае яго бліскучую перамогу ў Сопаце ў 1979-м, пік папулярнасці ягоных песень, дзе ён выступаў аўтарам музыкі, слоў і выканаўцам. У ягоных творах ёсць той асаблівы нерв, што адразу вылучае іх сярод іншых. Святлана не проста зацікавілася песнямі Нэмэна, а падышла да іх грунтоўна: напісала магістэрскую дысертацыю, прысвечаную іх вобразнаму свету.
Запісы мы пачалі рабіць яшчэ год таму, запрасіўшы да супрацоўніцтва таксама Валерыя Дайнеку, Пятра Ялфімава, Руслана Мусвідаса. Усе аранжыроўкі для нашага аркестра зрабіў Уладзімір Ткачэнка, а гукарэжысёрам выступіў Васіль Нікалаеня. 16 лютага, акурат да 70-годдзя з дня нараджэння Нэмэна, наш калектыў правёў канцэрт, дзе прагучалі гэтыя песні. Зараз выпуск альбома выйшаў на фінальную стадыю: яго застаецца хіба запусціць у тыраж. Гэтым, як і дызайнам вокладкі дыска, займаецца польскі бок: дадзены праект робіцца сумесна з Беластоцкім універсітэтам, з якім у нас заключана дамова. Усяго ў альбом будзе ўключана 13 песень. Падрыхтавана і запісана іх было болей, але мы вельмі прыдзірліва (можна сказаць, нават “капрызна”, у адпаведнасці з назвай аркестра) ставіліся да кожнай ноты. І, яшчэ болей, — да эмацыйнага напаўнення запісаў. Каб перадаць яго— трэба адчуць, мабыць, саму душу Нэмэна і тых прынёманскіх мясцін, што падпітвалі яго творчасць.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"