“Ні пятлічкі, ні лычкі з гімнасцёркі маёй…”

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Няскончаная аповесць пра мастака з Віцебска

(Працяг. Пачатак у № 9 за 2013 г.)

…10 мая 1921 года ў памяшканні клуба Саюза работнікаў мастацтваў на Замкавай вуліцы, 10 адбылася выстаўка твораў Л.Зевіна, М.Куніна і Э.Валхонскага, якую не абмінула крытыка. Вось што пісаў А.Ром у артыкуле “Мастацкая выстаўка “групы трох” у “Известиях Витебского губисполкома и губкома РКП (б)” 17 мая 1921-га, і, у прыватнасці, пра Зевіна: “…Віцебск не занадта спешчаны мастацкімі выстаўкамі. З часу апошняй (дзяржаўная выстаўка ў лістападзе 1919 г.) віцябчане маглі знаёміцца з сучасным мастацтвам галоўным чынам тэарэтычна, па дакладах ды мастацкіх мітынгах. І трэба асабліва прывітаць пачынанне трох маладых мастакоў, якія зладзілі 9 і 10 мая выстаўку сваіх работ у клубе “Сорабис”.

І далей. “Група трох” аб’ядноўваецца, перш за ўсё, глыбокай павагай да выяўленых геніяльным Сезанам пачаткаў чыстай жывапіснай культуры. Агульнымі ў іх з’яўляецца і самастойнасць пошукаў, і станаўленне на шлях індывідуальнай творчасці па-за вузкай дагматыкі УНОВИСа. Прыкметны і ў рабоце Дзяржаўных мастацкіх майстэрняў жывапісны талент Зевіна на выстаўцы выяўляецца больш ярка і поўна: можна без сумневу казаць пра яго як пра культурнага мастака з вялікім патэнцыялам. Ужо зараз ягоныя яшчэ няспелыя творы паказалі нам пэўныя дасягненні ў колеры, канструкцыі форм, жывапіснай фактуры. У яго найбольш удалых кампазіцыйных вопытах (карціны “Купальшчыцы” і “У доме”), пры ўсёй непазбежнай блізкасці да Сезана і Пікаса, адчуваецца пэўная мастацкая індывідуальнасць з асаблівай экспрэсіўнасцю ды творчымі заданнямі, якія ўласцівы менавіта ёй…”

/i/content/pi/cult/417/8542/2-1.jpeg

Гадавіна Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (Леў Зевін — у першым радзе пяты справа; другі рад, злева направа: Якерсон, Пэн, Шагал, Малевіч, Ермалаева). 1920 г.

Процілеглую думку наконт творчасці Зевіна і яго калег выказаў С.Міндлін у той жа газеце 25 мая. Ён сказаў, што пасля наведання выстаўкі “…у галовах гледачоў застаўся суцэльны туман і блытаніна мудрагелістых выказванняў: кампазіцыя, канструкцыя, фактура, кавалак жывапіснага мяса, беспрадметны жывапіс і г. д. Ні адной дзелавітай думкі, ні аднаго яснага прадстаўлення. Так, напрыклад, каля адной карціны, на якой, як і варта было спадзявацца, па-новаму, не аказалася нічога, акрамя кучы ўсялякіх фарбаў, сабралася група, і т. Зевін урачыста аб’явіў, што гэтая куча азначае вуліцу. Ашалелыя гледачы збянтэжыліся. Смельчакі спрабавалі выказаць сумненне. Тады т. Зевін аўтарытэтна давёў непасвячоным, што на падставе вышэйшых законаў кампазіцыі, канструкцыі, фактуры і жывапіснага мяса гэтую штуку загадана лічыць вуліцай. І па меры таго, як ён развіваў далейшыя тлумачэнні, у слухачоў у вачах згасалі апошнія пробліскі разумення…” Свой артыкул аўтар заканчвае так: “Якім чынам такое нікому не даступнае і нікім не зразумелае мастацтва магло стаць дамінуючым менавіта цяпер, у эпоху, калі рэвалюцыя імкнецца ўсе культурныя каштоўнасці наблізіць да народа, — тайна гэта вялікая, і вядомая яна толькі Богу і Зевіну з кампаніяй. Дасведчаныя людзі!”

Але настойлівы А.Ром праз пару месяцаў ізноў вяртаецца да Зевіна ў часопісе “Искусство (Витебск)”, 1921 г., №№ 4 — 6, ліпень — жнівень, абараняючы яго ад нападкаў “правай” прэсы і, у той жа час, адрывае мастака ад мастацкай ідэалогіі “ўсемагутнага УНОВИСА, які адводзіць мастака ад праблем жывапісных да праблем, якія ляжаць, па сутнасці, па іншы бок мастацтва”. Думаю, што свае “жывапісныя праблемы” Зевін пачаў па-сапраўднаму рэалізоўваць толькі тады, калі ў Віцебску сустрэў Фалька, а потым разам з ім з’ехаў у Маскву, каб прадоўжыць сваю вучобу ў ВХУТЕМАСе, у майстэрні Роберта Рафаілавіча.

Фальк пакінуў Віцебск восенню 1921-га. З сабой “прыхапіў” Зевіна ды мастачку-пачаткоўку Раю Ідэльсон, дачку вядомага віцебскага ўрача-тэрапеўта, якая праз год стала законнай жонкай Фалька. І той жа восенню Зевін прыступіў да заняткаў у вхутэмасаўскай майстэрні Фалька, які, да таго ж, выконваў абавязкі дэкана жывапіснага факультэта.

/i/content/pi/cult/417/8542/2-2.jpeg

Л.Зевін. "Дворык".1940 г.

Колькі слоў пра гэтую легендарную ўстанову. ВХУТЕМАС (Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні) узнік у Маскве восенню 1920 г. (трошкі пазней з’явіўся і яго “клон” — ВХУТЕИН (Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут) — у Ленінградзе). Як аказалася, дадзеная ўстанова стала найважнейшым цэнтрам генерыравання фармальных і стылявых ідэй у маштабе ўсяго еўрапейскага мастацтва ХХ ст. Яна ў максімальнай ступені адлюстравала ў сабе ўсе тыя складаныя ды супярэчлівыя творчыя прынцыпы, якія працякалі тады ў мастацкім жыцці ўсёй краіны, у тым ліку і Беларусі. У нетрах ВХУТЕМАСа ўзнікалі альбо былі з ім цесна звязаны шматлікія творчыя аб’яднанні, суполкі і групы: АСНОВА, ОСА, АРУ, “Бытие”, “Цех живописцев”, “Октябрь”, РОСТ, “Четыре искусства”, “13”, ОСТ. У чатырох апошніх у розныя часы ўдзельнічаў і Леў Зевін. У гэтыя аб’яднанні ўваходзілі педагогі, выпускнікі і студэнты ВХУТЕМАСа, што ператварала ўстанову ў бурлівы акіян розных творчых канцэпцый, дзе бушавалі гарачыя пачуцці ў спрэчках, звальваліся з п’едэсталаў адны куміры, з’яўляліся новыя, якія, у сваю чаргу, хутка замяняліся “ультра-свежымі”.

Падкрэслю, што вхутэмасаўскую школу, акрамя Зевіна, прайшлі і некаторыя іншыя беларускія мастакі. У той задачы, што ставілі перад сабой стваральнікі ВХУТЕМАСа, вельмі ярка выявіўся дух часу: рыхтаваць не мастакоў-станкавістаў, у вузкім сэнсе слова, а мастакоў — майстроў шырокага профілю, звязаных з новым жыццём краіны і людзей, здольных актыўна ўдзельнічаць у развіцці сацыялістычнай культуры. Гэтая ідэя далася ў знакі і ў самой структуры ВХУТЕМАСа, у сістэме навучання — з першых падрыхтоўчых і да старэйшых курсаў. У час паступлення Зевіна (1921-ы) у склад установы ўваходзіла восем факультэтаў: архітэктурны, скульптурны, графічны, тэкстыльны, керамічны, дрэваапрацоўчы, металаапрацоўчы і жывапісны, які ўключаў манументальнае і тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва. Першыя два гады Зевін навучаўся на Асноўным аддзяленні, дзе вывучалі грамадскія дысцыпліны, а таксама анатомію, перспектыву, малюнак, жывапіс, колер, аб’ём, прастору, фактуру. Малюнак вялі І.Паўлінаў, С.Герасімаў, Д.Шчарбіноўскі, аб’ём — скульптар А.Бабічаў, фактуру — Л.Папова, колер — А.Дрэвін, Г.Клуцыс, жывапіс — Р.Фальк і К.Істомін. Хачу падкрэсліць, што педагогі былі вельмі розныя па сваім творчым характары. Але практычна ўсе яны з’яўляліся і таленавітымі мастакамі. Скажам, на жывапісным факультэце, які быў арганізаваны па прынцыпе персанальных майстэрняў, акрамя Фалька выкладалі І.Машкоў, Д.Кардоўскі, С.Малюцін, П.Канчалоўскі, Д.Штэрэнберг, А.Архіпаў, А.Шаўчэнка, М.Чарнышоў, А.Лентулаў. Імёны — што трэба!

/i/content/pi/cult/417/8542/2-3.jpeg

Л.Зевін. "Дзяўчынка ў чырвоным капелюшы". Пачатак 1930-х гг.

Лекцыі па гісторыі мастацтва чытаў А.Сідараў, па тэорыі літаратуры — пісьменнік В.Шклоўскі. Моцнае ўражанне пакінуў Павел Аляксандравіч Фларэнскі, чалавек надзвычай цікавы і вельмі таленавіты. Ён быў буйным матэматыкам, фізікам, біёлагам, філолагам, інжынерам і адначасова святаром. Цягам двух вучэбных гадоў Зевін слухаў у яго тэорыю перспектывы. Па сутнасці, гэта былі, хутчэй, вельмі глыбокія, яркія па форме і змесце лекцыі па тэорыі адлюстравання і “канкрэтнай метафізіцы”. (Як вядома, у 1933 г. Фларэнскі быў арыштаваны, сасланы ў Салавецкі ГУЛАГ, а потым, у 37-м, расстраляны…)

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"