Як цікава прабавіць час, апынуўшыся праездам на некалькі гадзін у невялікім мястэчку? А гэтага часу цалкам хопіць, каб правесці шахматны турнір. Такім мястэчкам можна смела назваць Негарэлае, што знаходзіцца ў Дзяржынскім раёне.
У міжваенны час мястэчка было на слыху ў многіх еўрапейцаў дзякуючы цягніку “Парыж — Негарэлае”, які рэгулярна курсіраваў у 1920 — 30-я гады. Тады сціплая станцыя “Негарэлае” знаходзілася на тагачаснай савецка-польскай мяжы, была своеасаблівай візітоўкай Савецкага Саюза для пасажыраў з Захаду. З-за пераводу з савецкай на еўрапейскую чыгуначную каляіну цягнікі звычайна стаялі тут каля дзвюх гадзін.
Міхаіл Бацвіннік
Сярод многіх славутых людзей, якія сыходзілі на перон станцыі “Негарэлае” ў час працяглай стаянкі, было нямала славутых шахматыстаў. Айчынны даследчык гісторыі шахмат Вольф Рубінчык у новай кнізе “З гісторыі Беларусі шахматнай” называе імёны шэрагу карыфеяў, што пабывалі тут. Сярод іх — чэмпіёны свету па шахматах розных гадоў Эмануіл Ласкер, Хасэ Рауль Капабланка, Макс Эйве, першая чэмпіёнка свету сярод жанчын Вера Менчык, славутыя гросмайстры Сала Флор, Андрэ Ліліенталь. Адбывалася гэта пераважна ў 1934 — 1936 гадах, калі ў СССР сталі частымі міжнародныя спаборніцтвы з удзелам вядучых шахматыстаў Захаду. Некаторыя са згаданых гросмайстраў, дарэчы, у тыя часы наведвалі і Мінск, выступаючы там з сеансамі адначасовай гульні. А славуты Міхаіл Бацвіннік, што валодаў сусветнай каронай у 1948 — 63 гадах з некалькімі перапынкамі, у студзені 1935-га нават паспеў даць у Негарэлым сеанс на адзінаццаці дошках! Сапернікамі гросмайстра былі мясцовыя чыгуначнікі, рабочыя ды пагранічнікі. Адметна, што Бацвіннік перамог у дзесяці партыях, а адну згуляў унічыю.
Як жа сёння захоўваецца памяць пра тыя даўнія падзеі? На самой жа станцыі летась мелася толькі мемарыяльная дошка ў гонар Максіма Горкага, які таксама праязджаў тут. Але, думаецца, варта было б адкрыць на станцыі Негарэлае і мемарыяльную шыльду ў гонар славутых шахматных чэмпіёнаў. Тым больш, цяпер у Дзяржынску ёсць свая шахматная школа — вось і быў бы добры напамін для патэнцыйных новых чэмпіёнаў свету…
Вадзім ЖЫЛКО, літаратар, шахматны кампазітар, рэдактар шахматнага бюлетэня “Альбіно”, Васіль ЖУКОВІЧ, паэт, эсэіст, публіцыст, шахматны кампазітар, Іван КЛІМЯНКОЎ, празаік, шахматыст першай катэгорыі