Дарагія суайчынніцы!

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Нашы мілыя і любімыя мамы, бабулі, сёстры, жонкі, дочкі і супрацоўніцы! У гэты цудоўны час прыходу доўгачаканай вясны мне хочацца ад імя ўсіх беларускіх мужчын павіншаваць вас з Днём жанчын. Крыніца жыцця, пачатак усіх пачаткаў, Жанчына з яе мудрасцю і ўнутранай сілай з’яўляецца той асновай, на якой трымаецца свет. Вы натхняеце нас на подзвігі і адкрыцці, умееце ашчаслівіць поглядам і спыніць варожасць словам, дорыце чалавецтву неўміручасць, заключаную ў дзецях. Нездарма самыя патаенныя для кожнага словы — Зямля, Радзіма, Беларусь — маюць жаночы род. Сёння вы — адна з галоўных рухаючых сіл паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падтрымання палітычнай стабільнасці ў грамадстве, навуковага і культурнага прагрэсу. Вашы веды, талент і вялікая працавітасць даюць бліскучыя вынікі ў розных сферах. І пры гэтым вы не страчваеце душэўнасці, мяккасці і прыгажосці, застаяцеся добрымі матулямі, жонкамі і гаспадынямі, вернымі і надзейнымі спадарожніцамі. Прыміце словы захаплення, падзякі і пакланення за тое, што вы робіце для сваёй сям’і і для ўсёй краіны. Няхай у вашых дамах пануюць згода і дабрабыт, ніколі не сціхае дзіцячы смех і квітнее цудоўная зямная любоў. Здароўя, поспехаў, шчасця і дабра вам і вашым блізкім. Са святам радасці і ўсмешак — з 8 Сакавіка! Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА