Беларускі клатч з 1950-х

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Майстар-клас для руплівых лэдзі

Ідэя гэтага матэрыялу нарадзілася літаральна “з паветра”. Ад фатографа Аляксандры Саладатавай рэдакцыя “К” атрымала копіі некалькіх здымкаў парыжскіх мадэлей. Адбіткі тыя захоўваюцца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Маладая аўтарка адшукала гэтыя матэрыялы амаль выпадкова, даследуючы фатаграфічную спадчыну дзяржаўнай установы. Тым не менш, жаночыя абліччы на рарытэтных адбітках завалодалі нашай увагай, і спакваля нарадзілася пытанне: а наколькі сучасная мода пазычае, выкарыстоўвае ідэі мінулых гадоў? Наколькі строі тых 1930-х, 40-х, 50-х цікавыя нам не толькі як артэфакты пэўных эпох, але і як карысны ды “жывы” матэрыял для творчасці? І, магчыма, тыя куфры, што ў кагосьці хаваюць “састарэлае” адзенне нашых матуль і бабуль, — часам зусім і не “хлам вякоў”, а істотная дапамога для сучасных дызайнераў?

/i/content/pi/cult/417/8537/1-1.jpeg

Па адказы на пытанні (якія ўзніклі, вядома, з “агаворкай” на вясновы святочны настрой) мы звярнуліся да эксперта — віцебскага дызайнера Тамары ГАРЫДАВЕЦ. Яе даволі вядомаму брэнду адзення “Harydavets&Efremova” (сумесна з дызайнерам Таццянай Яфрэмавай) блізкія ідэі рэтра-моды. На апошнім Беларускім тыдні моды (вясна/лета-2013) калекцыя віцебскіх дызайнераў адсылала да 1960 — 70-х. Аднак мы папрасілі Тамару пракаментаваць выявы дам ранейшых дзесяцігоддзяў сярэдзіны мінулага стагоддзя, абліччы якіх нам удалося адшукаць на старых фатаграфіях. Як французскіх — з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, так і беларускіх — з сямейных архіваў супрацоўнікаў “К”.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-2.jpeg

— Адразу хачу падкрэсліць, — зазначае дызайнер, — што калі дзяўчына хоча быць лэдзі, то неабходна вучыцца на лепшых узорах прыгажосці і ў ікон стылю. Тое — залог вашага поспеху… Напрыклад, для мяне строі маёй мамы, бабулі, старэйшай сястры з’яўляюцца ўзорамі для пераймання. Яны развілі маё пачуццё стылю, і я з вялікім захапленнем абыгрываю матывы мінулых дзесяцігоддзяў у сваіх калекцыях. Не бойцеся пазычаць ідэі, дэталі, сілуэты рэтра-абліччаў, бо менавіта яны нададуць вам асаблівы шарм і інтэлігентнасць…

Мы прапанавалі Тамары фатаграфіі, з дапамогай якіх яна магла звярнуць увагу сучасных лэдзі на цікавыя элементы адзення.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-3.jpeg

Фатаграфіі 1920 — 50-х гг. з сямейных архіваў супрацоўнікаў рэдакцыі "К"

— Напрыклад, на адным з фота з парыжскай калекцыі, — каментуе віцебскі дызайнер, — на дзяўчыне апранута шыкоўная спадніца-балон. Здавалася б, перад намі — аблічча парыжанак 1930-х, але спадніцу з тафты такой формы цалкам можна выкарыстоўваць пры стварэнні сукенкі для выпускнога балю. Балеро з полачкамі з карункаў — таксама можна ўзяць на ўзбраенне. І, вядома, цікавая дэталь — накладны каўнер з арганзы.

На наступным фота — узор таго, як можна спалучыць дзелавы стыль і спартыўнае адзенне. Усім належыць “узяць на заметку”! Камбінезон і канты, што ўвяла ў моду Шанэль! Борцікі — як у дзелавым касцюме, і, у той жа час, — разрэзы па баках на шортах. Спалучэнне таго, што не спалучаецца, — гэта суперсучасна! Такі дэвіз, прынамсі, выкарыстоўваем і мы пры стварэнні сваіх строяў.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-5.jpeg

Паліто на дзяўчыне на наступным фотаздымку. Магу сказаць наступнае: калі яго паўтарыць адзін у адзін сёння, выкарыстаўшы новыя матэрыялы, — гэта будзе вельмі актуальна. Паліто — лаканічнае, простае, нават гэткі мінімалізм, але звярніце ўвагу на накладныя кішэні ды іх размяшчэнне — па касой. Арыгінальна аформлена і гарлавіна-стойка, што пераходзіць у невялікі бант. Звычайна, гэты “прыём” можна ўбачыць на блузках, але не на паліто — аднак тое класна! Я літаральна закахалася ў гэтую вопратку і планую ўзяць паліто ў сваю калекцыю вобразаў.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-4.jpeg

Не абмінём увагай абліччы беларускіх жанчын: яны зусім не саступаюць па ідэйных прапановах. Напрыклад, фота з выявамі дзвюх сёстраў у гэткіх просценькіх сукеначках. Але я так і бачу тыя сукенкі ў колеры: напэўна, яны былі цудоўнага сіняга колеру ды, вядома, з белымі каўнярамі — вельмі распаўсюджаныя строі ў тыя часы. Надзвычай блізкія мне па настроі: такія трапяткія, пяшчотныя абліччы, на якія абавязкова зверне ўвагу і сучасны мужчына. Шчыра прызнаюся, падобная сукенка ўжо ёсць у адной з маіх калекцый.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-6.jpeg

Парыж. 1930-я гг. (З фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.)

Далей — фота з выявамі студэнтак, ва ўсялякім разе, падаецца, што гэтыя дзяўчаты дзесьці вучацца. Усім модніцам належыць звярнуць увагу на сумачкі гэтых лэдзі: штосьці сярэдняе паміж радыкюлем і клатчам. Такі аксесуар без ваганняў можа аздобіць ваш сённяшні выхад у свет. Што яшчэ магу дадаць да іх чароўнага партрэта? У сукенках арыгінальна вырашана лінія гарлавіны. Каўняры тут — складанай канфігурацыі, але таксама можна запомніць гэтае рашэнне. У цэлым, крой сукенак — немудрагелісты, але лаканічна падкрэслівае складаны квяцісты малюнак тканіны.

Дарэчы, наступная фатаграфія, на якой квяцістыя сукенкі дзяўчын маюць аб’ёмныя рукавы,  — мадэлі, актуальныя для сённяшняга часу. Таму калі маеце падобныя сукенкі вашых блізкіх, ні ў якім разе не выкідвайце! Літаральна некалькі высілкаў — і перад вамі вельмі жаноцкае ды сучаснае адзенне.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-7.jpeg

Мадэлі з калекцыі Тамары Гарыдавец

А вось яшчэ адзін “майстар-клас”. Дзяўчына на каляровую сукенку накінула плашч, апранула капялюш — і ейнае аблічча простым ужо не назавеш. Яна дадала сабе статуса і глянцу, нават пэўнага англійскага шыку. Можна ў яе павучыцца, як зрабіць звычайны строй асаблівым. Вінтажныя капелюшы — асобная тэма, і тут заўжды важна ацэньваць, як спалучаецца гэты арыгінальны “верх” і сучасны “ніз”. Але заўсёды давайце ім — галаўным уборам — другі шанец.

На сямейнай фатаграфіі ў жанчыны — вышыты каўнер: дэталь, якая часта сустракаецца ў сучасных строях. Не шкадуйце часу на вышыўку: яна — у трэндзе.

/i/content/pi/cult/417/8537/1-8.jpeg

А вось аблічча той арыгінальнай дамы, што ў куце на групавым здымку 1920 — 30-х, — проста скарб! Ейны строй — гэта прататып сучаснай тунікі. Сукенка прамога сілуэта — дзяўчына выглядае вельмі модна. І тое тым больш цікава адзначыць, што паміж намі палягае амаль стагоддзе. Але калі сёння яна вырашыла б прашпацыраваць па нашым праспекце — яе выгляд бы быў дарэчным і элегантным.

Нават па тых фатаграфіях, што мне ўдалося прагледзець, можна зразумець: няма састарэлых ідэй — ёсць арыгінальнае іх выкарыстанне. Таму раю ўсім спадарыням уважліва, з большым піетэтам, ставіцца да гардэробу, які застаўся ім “у спадчыну”. Як бачым, пры больш пільным разглядзе ён можа ператварыцца ў актуальныя і, што яшчэ больш важна, — стыльныя строі…

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Аляксандры Салдатавай і супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аргкамітэту Belarus Fashion Week, а таксама супрацоўнікам газеты “Культура”, што пагадзіліся прадаставіць фота з уласных сямейных архіваў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"