А вы ўжо буккросер?

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Абмен кнігамі: праверана на сабе

Ператварыць увесь свет у бібліятэку — гэта мара і мэта любога заўзятага буккросера. “Прачытаў кнігу — аддай іншаму” — галоўны прынцып сусветнага руху пад назвай “буккросінг”. Яго ў маі 2001 года прыдумаў спецыяліст па інтэрнэт-тэхналогіях Рон Хорнбекер. У холе сваёй гасцініцы ён пакінуў некалькі кніг з надпісамі пра тое, што кнігу можа ўзяць любы ахвотны, але ўзамен трэба пакінуць (тут ці ў любым іншым месцы) сваю з такім жа надпісам. Узятую кнігу неабходна зарэгістраваць на спецыяльным сайце. Пастаяльцам ідэя спадабалася, і ў хуткім часе на сайце Хорнбекера было зарэгістравана больш як трыста карыстальнікаў. Не першы год рух пашыраецца і ў нас — літаральна па ўсёй краіне.

А раптам дворнік не чытае?

Буккросеры пакідаюць прачытаныя кнігі ў парках і скверах, у грамадскім транспарце і на прыпынках, у кафэ і крамах. Для таго, каб такія выданні, запушчаныя ў “вандроўку”, не выкінулі на сметнік, кнігі маюць наклейкі і закладкі з тлумачэннямі, што яны не згублены, не забыты, а “шукаюць” свайго чытача. Нагадаю, такую кнігу рэгіструюць на сайце буккросінгу, дзе ёй прысвойваецца ўнікальны ідэнтыфікацыйны нумар, які трэба запісаць на наклейцы або закладцы. Той, хто знойдзе кнігу, павінен пазначыць яе нумар на гэтым жа сайце — толькі пасля гэтага выданне лічыцца знойдзеным... А маршрут кніжнай вандроўкі можна прасачыць.

Вольнае паветра небяспечнае для буккросінгу. Акрамя дворнікаў і прыбіральшчыкаў кнігі баяцца дажджу, туману, снегу і яркага сонца. Вось чаму былі прыдуманы бяспечныя паліцы ў офісах і на прадпрыемствах…

Мінская кніжная хваля і 20 адрасоў

У Мінску буккросінг з’явіўся ў 2007 годзе. У вітальні Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М.Астроўскага паставілі стол з кнігамі, дзе любую ўпадабаную можна было ўзяць без рэгістрацыі ў бібліятэцы, а ўзамен прынесці што-небудзь з уласнага хатняга збору. Ідэя вольнага абмену кнігамі спадабалася чытачам бібліятэкі — асартымент кніг пастаянна абнаўляецца. У хуткім часе да руху далучыліся мінскія дзіцячыя бібліятэкі № 10 і № 14. Тут былі ўстаноўлены буккросінгавыя стэлажы.

Мінула пяць гадоў. Як сёння пачувае сябе названы мінскі рух? Каб яго прааналізаваць, звернемся па дапамогу да Інтэрнэту. У першую чаргу спрабую адшукаць адрасы бяспечных паліц. Пошукавая сістэма выдае некалькі спасылак на сайты буккросінгу ў Беларусі. Большасць з іх адрозніваецца толькі афармленнем, а сутнасць інфармацыі — аднолькавая: гісторыя руху, яго распаўсюджванне, адрасы бяспечных паліц, карысныя звесткі для пачынаючых буккросераў, а таксама інфармацыя пра вандроўку кнігі і статыстыка.

Карацей, набралася каля дваццаці адрасоў з бяспечнымі паліцамі. Некаторыя згадваліся толькі аднойчы, а некаторыя — сустракаліся на ўсіх сайтах.

А дзецям не шанцуе

Адпраўляюся па адрасах з бяспечнымі паліцамі, найбольш папулярных на сайтах. У першую чаргу, натуральна, накіроўваюся ў бібліятэкі. У дзіцячых бібліятэках выбар выданняў — велізарны. У першую чаргу, гэта кнігі класікаў рускай і замежнай літаратуры, шмат праграмных твораў. Зручна для школьнікаў: разабралі ўсе кнігі ў бібліятэцы — можна ўзяць на палічцы буккросінгу. Галоўнае, каб патрэбная знайшлася.

Не забыць чытацкі білет

У бібліятэках БНТУ, Інстытута журналістыкі БДУ буккросер можа заблукаць у пошуках бяспечных паліц з вольнымі кнігамі. Акрамя мастацкай літаратуры, тут неблагі, на мой погляд, выбар вучэбнай літаратуры. Праўда, кажуць, што некаторыя студэнты спрабавалі здаць гэтыя кнігі ў бібліятэку замест страчаных. Але нічога ў іх не атрымалася.

А вось каб узяць кнігу ў Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэцы, трэба абавязкова быць чытачом апошняй. Бяспечная паліца знаходзіцца ў інтэрнэт-цэнтры на пятым паверсе. Бібліятэкар запытвае чытацкі білет, штосьці сабе адзначае і пасля гэтага дазваляе выбіраць кнігі. А вось колькі іх будзе браць буккросер, ужо нікога не цікавіць. Дарэчы, выбар кніг тут велізарны: цэлы стэлаж з рознымі творамі сучасных аўтараў, класікі савецкіх гадоў выдання амаль няма.

Проста ля барнай стойкі

Скіроўваюся на праспект Незалежнасці ў адну з тамтэйшых кавярань. Маленькае ўтульнае памяшканне з невялікай бібліятэчкай ля барнай стойкі. Кніг тут мала, але тэматыка — разнастайная: ад папулярных жаночых раманаў да пазнаваўчых савецкіх энцыклапедый, даведнікаў і дапаможнікаў. Вось толькі выносіць кнігі з кафэ нельга. Праўда, калі хто-небудзь пажадае забраць кнігу сабе, даганяць і адшукваць несумленнага бібліяфіла ніхто не будзе. Усё разлічана на прыстойнасць. У гэтым, зрэшты, — асноўны прынцып буккросінгу.

У галерэі сучаснага мастацтва “Ў” паліца з кнігамі ёсць, але яна прызначана для наведвальнікаў кавярні, якая знаходзіцца побач з галерэяй. Але, зноў жа, за кнігамі ніхто не сочыць; спадабалася якая-небудзь — забірай з сабой, калі сумленне дазваляе. Кніжная паліца была арганізавана па ініцыятыве кіраўніцтва, і вялікая частка кніг сюды перабралася з асабістай бібліятэкі дырэктара.

Колькі ўзяў, столькі ж пакінь

А вось у кнігарні, што знаходзіцца побач з галерэяй, — паўнавартасная буккросінгавая паліца. Можна смела браць любыя выданні ў любой колькасці. Але трэба памятаць закон бяспечных паліц: колькі кніг узяў, столькі ж пакінь сваіх. Адметнай рысай паліцы з’яўляецца вялікі выбар кніг на беларускай мове — ад класікаў да сучаснікаў.

Паліцы прыгожа аформлены, усюды — рэкламныя шыльды. А вось амаль усе выданні — без тлумачальных закладак і наклеек. Часам узнікае пачуццё, што кнігі трапілі сюды выпадкова: іх неслі выкідваць, а на шляху трапілася бяспечная палічка.

…Іншыя бяспечныя паліцы, адрасы якіх я знайшла ў Інтэрнэце, амаль нічым не адрозніваюцца — звычайныя стэлажы або сталы з кнігамі. Выбар — разнастайны, месцамі сустракаюцца часопісы і дыскі. Практычна ўсе выданні — у добрым стане. Але ўсе паліцы змешчаны ў памяшканнях, якія маюць свой рэжым працы. Час доступу — абмежаваны.

Буккросінг ёсць не толькі ў сталіцы. Ён з’явіўся ў Гомелі, Брэсце, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Мастах, Наваполацку… Новаўвядзенне ўпэўнена развіваецца. У якасці эксперыменту вырашаю сама стаць буккросерам. Выбіраю кнігу з асабістай бібліятэкі. Рэгіструю яе на блогу http://bookcrossing.blog.tut.by, атрымліваю ідэнтыфікацыйны нумар, раздрукоўваю і размяшчаю наклейкі. Раблю рэкламу для буккросінгавых груп у сацыяльнай сетцы. На наступны дзень “забываю” кнігу на лаве ля аглядавага кола ў парку імя М.Горкага, назіраю за сітуацыяй збоку. Некалькі чалавек прайшлі міма. Маленькі хлапчук “прынаду” пагартаў і адклаў. Я пашкадавала, што кніга была без яркіх малюнкаў. Зацікавіўся і забраў яе малады хлопец. Місія — выканана: мая кніга знайшла чытача. Праўда, далейшы яе лёс застаўся невядомы. Але ўсё роўна, быць буккросерам мне спадабалася. Магчыма, калі-небудзь стану актыўным удзельнікам вольнага абмену кнігамі. Далучайцеся!..

Марына ПЕТРАШКЕВІЧ, бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі № 8 г. Мінска

Дэталь у тэму

У Докшыцах буккросінгам заняліся таксама ў 2009 годзе. Інфармацыя пра гэты рух, як распавядае загадчык Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі Алена Гудзь, была адшукана ў Інтэрнэце.

Акцыя была добра прарэкламавана. Стэлажы спачатку працавалі ля бібліятэчнага будынка, потым іх размясцілі ў бібліятэчным холе. Натуральна, што сярод прапаноўваемых выданняў былі і кніжкі для дзяцей. Але буккросінг у раённым цэнтры быў разлічаны і на дарослую чытацкую аўдыторыю. Буккросінгавыя паліцы адным часам працавалі і ў грамадскім транспарце.

Дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі Ілона Сарокіна кажа, што буккросінгавы рух у абласным цэнтры ўстанова распачала ў 2009 годзе.

Стэлаж быў уладкаваны ў фае, кнігі з асабістых збораў падабралі супрацоўнікі абласной бібліятэкі. Ілона Сарокіна згадвае, што спачатку вольны абмен выданнямі выклікаў у магіляўчан пэўнае непаразуменне. Але за тры гады жыхары абласнога цэнтра прызвычаіліся да новаўвядзення. Колькасць стэлажоў была павялічана.

Рух падхапілі не толькі публічныя бібліятэкі Магілёва, але і ўстановы школ, каледжаў, ВНУ. Інакш кажучы, чытачы з вялікай ахвотай карыстаюцца нестандартнай паслугай кнігаабмену. У выніку буккросінгавы фонд — заўжды рухомы.