800 трэкаў Паліводы: якімі стануць рэаліі віртуальнага альбома?

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Сучасная музычная класіка: наступны этап — матэрыялізацыя?

Сёння ў Інтэрнэце адкрываецца сайт palivoda.net, прысвечаны вядомаму беларускаму кампазітару, піяністу, аранжыроўшчыку Ігару Паліводу, які на адным з этапаў свайго, на жаль, нядоўгага жыцця быў удзельнікам ансамбля “Песняры”. Сярод разнастайных матэрыялаў сайта асаблівай увагі заслугоўваюць змешчаныя там аўдыязапісы цыкла “Вясёлыя жабракі” паводле Роберта Бёрнса.

Створаны больш як трыццаць гадоў таму, цыкл выконваўся ў канцэртных праграмах, разглядаўся ў ансамблі для выхаду на грампласцінцы фірмы “Мелодыя”, але… так ніколі і не быў запісаны. Захаваліся хіба трансляцыйныя стужкі з некалькімі часткамі, побытавыя магнітафонныя запісы, зробленыя аматарамі, а таксама рэпетыцыйны дэма-запіс, асобныя партытурныя старонкі. На аснове ўсяго гэтага і адбылося новае нараджэнне цыкла — выкананне яго сучаснымі музыкантамі з васьмі краін. Праект можна назваць папраўдзе міжнародным, бо ў ім узялі ўдзел “песняроўцы” і іх прыхільнікі-паслядоўнікі не толькі з Беларусі, але і з Бельгіі, ЗША, Ізраіля, Канады, Расіі, Украіны, Харватыі.

Асаблівасць праекта і ў тым, што ён дабрачынны. І практычна без капіталаўкладанняў. Усе “ўзаемасувязі” ажыццяўляліся без пераездаў-пералётаў -- адно праз сацыяльныя сеткі, відэасувязь, электронную пошту ды іншыя сучасныя сродкі камунікацыі.

Вядома, цыкл, як і ўся кампазітарская творчасць Ігара Паліводы, якая шмат у чым сфарміравалася пад “узаемаўплывамі” з “Песнярамі”, яшчэ чакае сваіх грунтоўных даследчыкаў. Пакуль жа — аповед пра тое, як нарадзіўся і здзяйсняўся дадзены праект. З роспытамі пра гэта мы звярнуліся (у тым ліку праз Інтэрнэт) да “чатырох мушкецёраў” (менавіта ў такіх вобразах і строях яны “пазначылі” сябе на сайце): Барыса Бярнштэйна (бас-гітарыст ансамбля “Песняры” ў 1982 — 1986 гг.) з ЗША, які выступіў галоўным ініцыятарам, заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра ТКАЧЭНКІ (“пясняр” у 1978 — 1985 гг.), які ажыццявіў аранжыроўку, Аляксандра ВІСЛАЎСКАГА (артыст мулявінскіх “Песняроў” у 1987 — 1991 гг.), які апроч выканання асобных нумароў рабіў амаль усе запісы, і Мікалая НЯРОНСКАГА (“пясняр” у 1989 — 1991 гг.), які звёў усе гукавыя “дарожкі” разам, а таксама выступіў дызайнерам сайта.

Ідэя

Барыс Бярнштэйн:

— Ігар Палівода яшчэ са школьных гадоў быў для мяне нейкім творчым арыенцірам. Можаце ўявіць, які я быў шчаслівым, калі прыйшоў у “Песняры” і адразу сутыкнуўся з “Вясёлымі жабракамі”! Якая цудоўная музыка! І якая, нарэшце, тэма — папраўдзе філасофская і адначасова вельмі жыццёвая: што ні здарылася б — заставацца аптымістам. Таму спраўдзіць тую ідэю, якая была тады ў “Песняроў”, а менавіта: зрабіць запіс цыкла, — было неабходна. І як толькі ідэя прыйшла мне ў галаву, яна ўжо больш мяне не пакідала.

Асаблівых складанасцей у аддаленасці ўдзельнікаў праекта не ўзнікала, бо ёсць Інтэрнэт! Зрабіў я ў час працы і сваё “маленькае адкрыццё”: у чарговы раз пераканаўся, што словы “Хто быў нікім, той стане ўсім” — лухта.

/i/content/pi/cult/417/8533/2-1.jpeg

Рыхтуючы цяперашні праект, мы абапіраліся на рэпетыцыйны запіс “Песняроў” 1981 года, зроблены на нейкі дапатопны магнітафон, дзе было ўсяго дзве дарожкі. Гэта быў дэма-запіс для паказу мастацкаму савету фірмы “Мелодыя”, каб атрымаць дазвол на далейшы запіс твора на студыі. Стужка захавалася ў меламанаў, і мы ёй, зразумела, кіраваліся. Ад сябе дадалі фінал, пры гэтым цалкам перааранжыраваўшы ўступ. Але набліжацца да зыходнага гучання — справа бесперспектыўная. І займацца капіраваннем, на мой погляд, нецікава. Мы падышлі да праблемы іначай: ёсць музыка Ігара Паліводы, для якога ансамбль “Песняры” быў інструментам у ажыццяўленні яго ідэй. І таксама ажыццяўлялі яго ідэі, але вырашылі выкарыстоўваць для гэтага іншыя “інструменты” і не былі абмежаваны ў тым нейкімі рамкамі. Таму віталіся імправізацыі ўдзельнікаў, але ў межах мастацкага густу. А калі музыка ды аранжыроўкі, напісаныя больш як трыццаць гадоў таму, застаюцца актуальнымі, гэта ўжо паказчык творчых якасцей самога кампазітара і аранжыроўшчыка…

Кантэнт

Уладзімір Ткачэнка:

— Тое, што мы зрабілі, — чарговая выканальніцкая версія. Не “канчатковая”, нейкая “самая-самая”, “эталонная”, “найноўшая” і г. д. Чым больш варыянтаў, тым лепш для самога твора: ён будзе атрымліваць усё большую папулярнасць і пры гэтым не надакучыць. Цыкл Ігара Паліводы ўспрымаецца сёння як “жывая класіка”. А некаторыя дэталі здаюцца гэткім “прадбачаннем” цяперашніх музычных падзей.

Памятаю, як “Вясёлыя жабракі” ствараліся. Палівода ўсё рабіў ціха, без залішняга папярэдняга ажыятажу. Так і з гэтым цыклам: у “Песнярах” мы даведаліся пра яго, калі Ігар яго ўжо напісаў. І, я ўпэўнены, паказаў Мулявіну, бо без яго згоды і падтрымкі ён не стаў бы адразу прапаноўваць нам. Праца над цыклам працягвалася і надалей. Асобныя нумары былі ў працэсе пошукаў, некаторыя мы не бралі развучваць, бо ён сам іх адхіліў (Ігар, дарэчы, быў вельмі патрабавальны да сябе, і такое творчае “рэшата” было для яго нормай). Ён і сам уносіў шмат новага ў ранейшую задуму. Памятаю, як ужо ў час нашай працы над цыклам змяняў нумары па форме, шліфаваў тыя або іншыя “дробязі”, дадаваў “разыначкі”. Многае мне стала відавочна зараз, калі трапляліся накіды розных партый, фрагменты асобных нумароў. Той варыянт, які мы выконвалі, можна лічыць, згодна з усімі законамі тэксталогіі, “аўтарскай воляй”. І цяпер, рыхтуючы твор да новага выканання, мы ад яе не адступілі.

Як ні дзіўна, але не толькі ўласна музыка, а і аранжыроўка Ігара аказалася сёння вельмі сучаснай. Я толькі крыху спрасціў малюнкі ў рытм-секцыі, бо сёння выкарыстоўваюцца больш простыя, кідкія формулы. Да таго ж, дадаў струнныя. Але гэта не пярэчыць ні эстэтыцы твора, ні памкненням самога Паліводы. Іншая справа, што ў “Песнярах” не было той колькасці струнных, якой яму хацелася б. У нас былі дзве скрыпкі, альт, партыю віяланчэлі ён часам граў на сінтэзатары. Таму сёння, пашырыўшы струнныя, я зрабіў тое, лічу, чаго ён хацеў бы сам. Адзін з нумароў, дарэчы, мы ўвогуле пакінулі ў некранутым выглядзе — і ён ніколькі не выбіваецца з усіх астатніх нейкай састарэласцю. Наадварот! “Бывай, красуня!” — гэта яшчэ і ўзор таго, як цудоўна Ігар валодаў фартэпіяна. І калі ён, піяніст, што стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу, прыйшоў у “Песняры”, многія ўспрынялі такі паварот ледзь не як здраду музыцы! Але ж ён не страціў свайго таленту, не прамяняў яго на славу і грошы, як гэта камусьці здавалася. Я паказваў “...Красуню” многім сучасным піяністам — ніхто не ўзяўся паўтарыць тое, што дасягнута ў яго ігры. Вось мы і пакінулі гэты “дуэт” Паліводы з Валерыем Дайнэкам.

Запісы рабіліся метадам “накладання”. Першым запісаў сваю партыю ўдарнік Вадзім Чайкоў, літаральна з аднаго дубля. Потым далучыўся Мікалай Няронскі, прапісаўшы партыю бас-гітары. І ўжо на гэтай аснове працавалі ўсе астатнія, далучаючы свае галасы да гарманічна-рытмічнай сеткі.

Мне ніколі такая шалёная думка не прыйшла б у галаву: прасіць кагосьці рабіць штосьці забясплатна! І сапраўды, спачатку нам не вельмі шанцавала. Усе, да каго мы звярталіся, пад рознымі прычынамі адмаўляліся. Першым, хто адгукнуўся, прычым без аніякіх “але”, быў Пеця Ялфімаў. Ён нават быў згодны запісаць шмат песень, але мы хацелі максімальнай разнастайнасці тэмбраў, фарбаў. Той сваёй радасцю, з якой пагадзіўся ўдзельнічаць у праекце, ён быццам прынёс нам удачу. Бо ніводны з тых, каго мы прасілі потым, ужо не адмаўляўся. І мы пераканаліся, як шмат, у рэшце рэшт, у нас музыкантаў, згодных выконваць “некамерцыйную” музыку.

Вядома, сёння многіх цікавіць, што будзе з праектам надалей. Мы неяк не задумваліся пра гэта. Проста працавалі, таму што гэта было, што называецца, “у кайф”. І рабілі ўсё гэта для самага шырокага кола аматараў музыкі. У мяне, дарэчы, гэта ўжо другая спроба ўвасобіць “Вясёлых жабракоў”. Першая прадпрымалася яшчэ ў 1990-я, адразу пасля заўчаснай смерці Ігара... Цяперашні праект — дабрачынны, ён нікому з нас не прынёс грашовага прыбытку. Мы шчаслівыя, што можам данесці творчасць таленавітага чалавека да слухачоў. А чым далей, тым больш складана будзе ўсё гэта аднавіць і выканаць. І чаму сённяшняе пакаленне моладзі павінна быць пазбаўлена той цудоўнай музыкі? Чаму яно павінна думаць, што раней была, маўляў, пустэча?..

Запіс

Аляксандр Віслаўскі:

— З Мікалаем Няронскім мы працавалі разам яшчэ ва Уладзіміра Мулявіна, у тагачасных “Песнярах”. І з Ігарам Паліводам там жа пазнаёміліся. Праўда, з ім я працаваў усяго год, але потым мы сябравалі ажно да ягонай смерці.

Жаданне вярнуцца да яго творчасці было заўсёды — як нейкая мара, амаль што нязбыўная. І дастаткова было з’явіцца толькі аднаму штуршку, каб усё закруцілася-завярцелася і мара стала паступова набываць абрысы жывой рэальнасці.

Прыемна, што праект такога ўзроўню з’явіўся менавіта ў Беларусі. Паплечнікі і прыхільнікі Мулявіна раскіданы па ўсім свеце, але вакол гэтага праекта яны з’ядналіся без скідак на адлегласць. Я і сам, акрамя працы гукарэжысёрам (а тэхніка ў мяне добрая, іншай такой у Беларусі няма), праспяваў “Песню салдата”, запісаў бэк-вакал. Дапамагла, можна сказаць, школа Мулявіна, бо ў яго спявалі ўсе. І добра спявалі! Тым больш, што заўсёды — жыўцом. А якія выкшталцоныя аранжыроўкі зрабіў Уладзімір Ткачэнка! Ведаеце, як мы яго называем? Анёл музыкі. Бо на такія цудоўныя, папраўдзе Боскія, знаходкі здольныя хіба анёлы...

Ужо зараз, наколькі я ведаю, нашай працай зацікавіліся ў Амерыцы (і не толькі тыя, хто памятае выступленні там “Песняроў”), прапаноўвалі фільм зняць пра тое, як мы ажыццяўлялі гэты праект. Бо ён там успрымаецца як адзін з самых сур’ёзных у нашай краіне, паколькі раскручаны ў Сеціве. Добрая музыка, якасныя запісы заўсёды знойдуць прыхільнікаў. Але ж адчуваць, што гэтым запісам мы, да ўсяго, “прадстаўляем Беларусь”, — гонар удвая. Хочацца адзначыць такую падзею: як-ніяк, больш за год працавалі. Далучыце сюды 30-годдзе, пакуль цыкл не выконваўся, нарэшце, той час, калі ён ствараўся Ігарам Паліводам, а потым гучаў у канцэртах “Песняроў”. А яшчэ — канец ХVIII стагоддзя, калі пісаліся вершы. Гэта ж які адрэзак часу атрымліваецца!..

Прамоўшн

Мікалай Няронскі:

— Праект аказаўся складаным (праца над ім заняла больш за год), але — вельмі цікавым. У мяне яшчэ ніколі ў жыцці не было такой добрай ініцыятывы! Яна захапіла ўсіх нас, бо калі ёсць натхненне, дык не зважаеш на час ды ўсё астатняе. Каб неяк паглядзець на зробленае збоку, я даслаў запіс адной спявачцы з Лос-Анжэлеса. А яна, між іншым, ніколі не слухае рускамоўных запісаў, бо лічыць іх апрыёры недасканалымі: маўляў, яшчэ не сустракала чагосьці якаснага, па заходніх мерках, цікавага, дык на што спадзявацца? А тут, паслухаўшы, кажа: “Ваў! Быццам зроблена на нейкай студыі Фрэдзі Мэрк’юры. А музыка, аранжыроўка — проста цуд!” Ну як жа не пахваліцца такой ацэнкай? Тым больш, што ўмовы, у якіх усё рабілася, ідэальнымі не назавеш: кожны запісваў сваю партыю паасобку, што называецца, “без дырыжора”. Некаторыя, асабліва замежнікі — у сябе дома, як я кажу ў такіх выпадках, “на кухні”, бо чуваць, як вада дзесьці далёка ліецца і, галоўнае, кулер “шамаціць”. Бярнштэйн у мяне потым пытаўся: “Колькі ўсяго трэкаў да цябе паступіла?” А я не лічыў. Кажу яму: “Падлічы сам”. І ён не паленаваўся, падлічыў: атрымалася акурат 800. У адной з частак — больш за сотню. Адным словам, было што і падправіць, і звесці, усё “склеіць” так, каб было збалансавана па гуку. Слухаў кожную песню разоў па сто, пакуль дасягнуў той якасці, да якой імкнуўся. Але за вынікі не сорамна. Вельмі хочацца, каб цыкл дайшоў да слухачоў, бо ён годна прадстаўляе не толькі творчасць Ігара Паліводы, але і сучасную беларускую нацыянальную культуру ўвогуле….

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"