Статус інвестыцыйнай непрыцягальнасці, або Броўнаўскі рух у добрым кірунку?

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Не выпадае сумнявацца ў тым, што ў сферы “бросовой” гістарычнай нерухомасці сёння назіраецца не абы-які рух. Адно што — пакуль ён мае збольшага броўнаўскі характар, і таму патэнцыйным інвестарам вельмі цяжка скласці нейкую агульную карціну ды вызначыць, што прадаецца, што ўжо прададзена, а што пакуль завісла на стадыі афармлення дакументаў. А бізнесмены, як вядома, любяць дакладнасць. На вялікі жаль, пакуль так і не з’явіўся нейкі цэнтралізаваны медыярэсурс, спецыялізаваны на гэтым спецыфічным сегменце рынку нерухомасці, з дапамогай якога патэнцыйны інвестар мог бы дазнацца, “што, дзе, пачым”, занурыцца ў прававую базу, атрымаць усю інфармацыю пра гісторыю і тэхнічны стан аб’ектаў, загадзя даведацца аб усіх запланаваных аўкцыёнах ды пачуць голас кваліфікаваных экспертаў. Няпроста адсачыць і далейшы лёс набытых аб’ектаў. Каб хаця б трошкі праясніць агульную сітуацыю, мы вырашылі зрабіць своеасаблівы маніторынг некаторых падзей у гэтай сферы, канстатаваўшы ў пэўных выпадках іх прыкрую адсутнасць — насуперак аптымістычным чаканням.

Дык прадаецца ці не?

Доўгія спробы распачаць рэвіталізацыю для адной з самых прыгожых сядзіб Гомельшчыны нарэшце прыносяць пэўныя вынікі. Па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Сяргея Разанава, да палаца ў вёсцы Хальч, што непадалёк ад Веткі, усур’ёз прыглядаецца зацікаўлены інвестар, і не так даўно ён ужо ўзяў у арэнду частку памяшканняў. А ў планах — стварэнне ў гэтых маляўнічых мясцінах рэабілітацыйнага цэнтра.

— Мяркуецца, напачатку сядзіба будзе здадзена ў доўгатэрміновую арэнду, але, калі інвестар падмацуе справамі свае добрыя намеры, цалкам верагодна, што гэты аб’ект будзе перададзены яму ва ўласнасць, — кажа Сяргей Разанаў.

Знакаміты палац Горватаў у Нароўлі таксама не зведаў пакуль відавочных змен. Як адзначыў галоўны спецыяліст, работы па яго аднаўленні яшчэ проста не выйшлі на будаўнічую стадыю: завяршыліся комплексныя даследаванні, а цяпер ідзе падрыхтоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Асвоеныя на гэтым аб’екце сумы, вядома, пакуль не ўражваюць, але ж фінансаванне адбываецца без перабояў.

— У 2009 годзе гэтую сядзібу ўключылі ў пералік аб’ектаў, прапанаваных інвестарам, але ўжо налета яна трапіла ў Дзяржпраграму развіцця Прыпяцкага Палесся, і таму яе аднаўленне плануецца за дзяржаўны кошт,  — патлумачыў суразмоўца.

/i/content/pi/cult/417/8532/1-1.jpeg

Як ні дзіўна, гэтая акалічнасць зусім не перашкаджае аднаму мінскаму агенцтву нерухомасці прапаноўваць свае паслугі па набыцці аб’екта — адпаведная інфармацыя змешчана на яго сайце. Зрэшты, у спісе прапаноў там фігуруюць і тыя сядзібы, што даўно ўжо набылі прыватную ўласнасць.

Палац за сто мільёнаў

Не так даўно сядзіба Пузынаў у вёсцы Грымяча Камянецкага раёна зноў прыцягнула ўвагу СМІ, і нагода была “традыцыйна” невясёлай: маўляў, перспектыўны для развіцця турызму аб’ект ужо два гады таму быў прададзены ў прыватную ўласнасць, а воз, як кажуць... Пайшла нават пагалоска, нібыта інвестар збіраецца адмовіцца ад сваёй уласнасці ды плануе перапрадаць яе. А гэта азначае чарговую затрымку ў вырашэнні лёсу зграбнага, ды занядбанага палацыка, які і так ужо на ладан дыхае.

Але галоўны спецыяліст упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Вячаслаў Гарбузаў абнадзеіў: доўгачаканыя рэстаўрацыйныя работы пару месяцаў таму, нарэшце, распачаліся, і гаспадар выяўляе зацікаўленасць у тым, каб гэты працэс ішоў без прамаруджванняў.

А вось знайсці ўласніка для колішняга палаца Патоцкіх у Высокім усё ніяк не ўдаецца, хаця аб’ект ужо некалькі разоў выстаўляўся на аўкцыён. Наступным разам яго стартавая цана будзе зніжана ажно на 80% ад першапачатковай, дасягнуўшы ўсяго ста з нечым мільёнаў рублёў!

/i/content/pi/cult/417/8532/1-2.jpeg

Здавалася б, сітуацыя досыць дзіўная, асабліва калі ўлічыць, што гэты прыгожы класіцыстычны будынак захаваўся даволі няблага; адносна нядаўна яго дах быў заменены за кошт абласных улад, ды і нагляд пастаянна ажыццяўляецца.

— Думаю, прычына ў тым, што само месцазнаходжанне палаца, на жаль, зусім не назавеш аптымальным, — лічыць Вячаслаў Гарбузаў. — Літаральна за некалькі метраў ад яго — сучасны гмах інтэрната, і каларыту сельскага турызму ён, вядома ж, не стварае. Калі б палац месціўся ў такім самым зацішным кутку, як сядзіба ў Грымячы, праблем з яго продажам не ўзнікала б…

Між іншым, гэтыя дзве сядзібы аддзяляюць усяго якіх пятнаццаць кіламетраў, прычым шлях ідзе праз Воўчын з яго знакамітым касцёлам. Нібы сам сабою вымалёўваецца выдатны тэматычны маршрут, які можна праехаць, напрыклад, на брычцы — няхай і па сучаснай дарозе. Таму ёсць надзеі, што палацу Патоцкіх наканавана стаць калі не агратурыстычным аб’ектам, дык, скажам, гатэлем для падарожнікаў, якія завіталі сюды на дзянёк па дарозе ад Камянецкай вежы ў Белавежскую пушчу. Бо сёння ў багатым на адметнасці мястэчку Высокае заначаваць няма дзе.

Бровары ідуць на ўра

Набыты больш за два гады таму палац у вёсцы Туча Клецкага раёна пакуль стаіць “без руху”: інвестар з ініцыятывай не спяшаецца. Затое не так даўно распачаліся работы па адраджэнні нешматлікіх парэшткаў сядзібы Багдановічаў у Стайках, што на Вілейшчыне. Яе новы ўласнік мяркуе пераўтварыць у V.I.P.-аб’ект даўно закінуты бровар. Добра пайшоў з аўкцыёну і яго “стрыечны брат” (надта падобны!) з цяперашняга пасёлка Вароўскага, што на Барысаўшчыне. Па словах вядучага спецыяліста ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Анжалікі Янкоўскай, усе сціплыя гаспадарчыя пабудовы колішняга маёнтка Тышкевічаў ужо распрададзены.

А вось з буйнымі сядзібнымі комплексамі Міншчыны справа пакуль ідзе куды марудней. Прыкладам, адзін з самых прывабных такіх аб’ектаў — былы маёнтак у Раванічах — яшчэ толькі рыхтуецца да выстаўлення на аўкцыён. Інвестары ўжо праяўлялі цікавасць да гэтай сядзібы, а вось з прававызначальнымі дакументамі былі праблемы.

/i/content/pi/cult/417/8532/1-3.jpeg

Няма зрухаў пакуль і ў такім “залатым” раёне, як ваколіцы Нясвіжа, дзе паціху руйнуюцца рэшткі маёнткаў у Вялікай Ліпе ды Завушшы. А рэйтынг самых праблемных сядзіб Міншчыны, напэўна, узначаляць Радзівілімонты. І справа не толькі ў тым, што рамантычны некалі палац ужо ледзь не пераўтварыўся ў друз. Яго атачае надзвычай прыгожы парк, які з’яўляецца не толькі гісторыка-культурнай каштоўнасцю, але і помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. Аднак менавіта ў гэтым пачэсным статусе тоіцца інвестыцыйная непрыцягальнасць.

 — Натуральна, гаспадарчая дзейнасць на тэрыторыі сядзібы моцна абмежавана, будаўніцтва там не дазволена, дык як тады стварыць належныя плошчы для размяшчэння турыстаў?  — кажа Анжаліка Янкоўская.

Аднак праблему рэвіталізацыі гэтага аб’екта наўрад ці выпадае лічыць невырашальнай — урэшце, амаль страчаны палац можна аднавіць на дакументальнай аснове, а ў дадатак яшчэ і адаптаваць пад тураб’ект сучасны адміністратыўны будынак, што месціцца побач (менавіта такі варыянт і прапаноўваюць мясцовыя ўлады). Але, зразумела, гэта запатрабуе сур’ёзных затрат, на якія інвестары зазвычай пакуль не гатовы…

На здымках: сядзібны дом у Тучы; стайня ў Вялікай Ліпе; рэшткі палаца ў Радзівілімонтах.