Фэст for guests

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Карэспандэнт "К" даведаўся, якімі яшчэ буйнымі фестывалямі адзначыцца сёлетняя вясна. Як паведаміў нам галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры нашай краіны Іван Галабурда, найбольш яркімі мерапрыемствамі можна назваць Фестываль дзіцячай творчасці "Зямля пад белымі крыламі", які пройдзе 22 — 27 красавіка ў Мазыры, і Рэспубліканскі фестываль народных промыслаў "Вясновы букет", што адбудзецца 25 мая ў Лошыцкім парку горада Мінска.

"Вясновы букет": рэпетыцыя перад Чэмпіянатам

Менавіта фестываль-кірмаш "Вясновы букет" стане адным з тых мерапрыемстваў, якімі наша краіна будзе здзіўляць гасцей Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Па словах Івана Галабурды, сёлетняе свята — гэта своеасаблівая генеральная рэпетыцыя, якая пакажа, наколькі цікавай беларуская народная творчасць падасца нашым замежным гасцям.

Амаль 450 удзельнікаў з усіх куткоў краіны ўжо не ўпершыню збяруцца разам у Мінску, каб прадэманстраваць сваё майстэрства. Тканыя, вязаныя, вышываныя рэчы, разнастайныя вырабы з бісеру, гліны, скуры, дрэва — каб агледзець кожную міні-экспазіцыю, пэўна, спатрэбіцца не адна гадзіна.

Галоўнай інтрыгай фестывалю стане традыцыйны конкурс сярод майстроў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які пройдзе ў два этапы: непасрэдна прэзентацыя загадзя падрыхтаваных выставак і правядзенне ўмельцамі майстар-класаў.

Работы ацэніць спецыяльная экспертная камісія, якую прызначае аргкамітэт — Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і грамадскае аб’яднанне "Беларускi саюз майстроў народнай творчасцi". Удзельнікам фестывалю важна не толькі прадэманстраваць свой мастацкі і тэхнічны ўзровень, але і ўмела ды далікатна інтэрпрэтаваць народны вопыт і традыцыі згодна з сучасным ладам жыцця.

"Такія фестывалі патрэбны ў першую чаргу для падтрымкі народнай творчасці і промыслаў, — кажа выканаўчы дырэктар Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Тамара Харланчук, — узнаўлення рэдкіх і забытых відаў традыцыйнай творчасці, стымулявання іх развіцця, павышэння сацыяльнага і творчага статуса народных майстроў, папулярызацыі мастацкай творчасці сярод моладзі".

Дзе ўзрастаюць таленты?

Ягор Валчок, Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Міхаіл Ліла, Лідзія Заблоцкая — хто сёння не ведае гэтых юных спевакоў? А між іншым, усе яны калісьці пачыналі з мазырскага Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці "Зямля пад белымі крыламі". Гэта падзея не толькі для Гомельшчыны, але і для ўсёй краіны, бо ў Беларусі — толькі два дзіцячыя конкурсы такога ўзроўню: "Зямля пад белымі крыламі" і "Залатая пчолка" ў Клімавічах.

Як паведаміла начальнік аддзела культуры Мазырскага райвыканкама Ірына Міронычава, ужо распачала сваю працу адборачная камісія, і ўзровень тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх выбралі для ўдзелу ў фінале фестывалю, уражвае. "Нягледзячы на тое, што да падзеі засталося яшчэ амаль два месяцы, працаваць арганізатарам даводзіцца вельмі шмат, — адзначыла Ірына Міронычава. — Галоўную і самую адказную працу — пастаноўку і рэжысуру — робім сіламі нашага горада. Рэжысёрска-пастановачнай працай ужо не першы раз кіруе Людміла Паніна. Таксама ў складзе творчай каманды — балетмайстар Аляксандр Зенічэнка, галоўны мастак Святлана Палынь ды іншыя майстры".

Гэтай вясной "Зямля пад белымі крыламі" прыме амаль 500 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Казахстана ды некаторых іншых краін. Ацэньваць маладых талентаў мае інтэрнацыянальнае журы — па некалькі прадстаўнікоў амаль ад кожнай краіны-ўдзельніцы.

"Будзе ў сёлетняга фестывалю і адрозненне ад усіх мінулых, — адзначае Ірына Міронычава. — У рамках мерапрыемства плануецца праводзіць канцэртныя праграмы канкурсантаў у аграгарадках Мазырскага раёна. Мы імкнёмся паказаць як мага большай аўдыторыі, якія таленавітыя дзеткі жывуць у Беларусі і з якой радасцю прыязджаюць да нас такія ж таленавітыя маленькія артысты з іншых краін..."

Н.П.