Эксперыментальны "M.@rt.кантакт"

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

14 спектакляў з 8 краін свету будуць прадстаўлены на VIIІ Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме

Сярод удзельнікаў — шмат навічкоў, але ёсць і тыя калектывы, што ўжо не першы год прыязджаюць у Магілёў, напрыклад, "Прытулак камедыянта" з Санкт-Пецярбурга, Кішынёўскі маладзёжны драматычны тэатр "З вуліцы Руж", маскоўскі "ТЕАТР.DOC".

"Шчыра кажучы, я нават не ведаю, якую з пастановак сёлетняга
"M.@rt.кантакту" можна вылучыць, — кажа дырэктар Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Андрэй Новікаў. — Усе яны — выключныя, арыгінальныя і па-свойму прыцягальныя. Вельмі радуе, што фестываль, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, па-ранейшаму застаецца некамерцыйным праектам і працуе, у першую чаргу, на фарміраванне добрага мастацкага густу ў маладога гледача".

/i/content/pi/cult/417/8530/2-2.jpeg

Кожны спектакль фестывалю — эксперымент і гульня на мяжы. Гэтымі рысамі, напрыклад, вылучаецца пастаноўка "9 месяцаў/40 тыдняў" (ТЕАТР.DOC) аўтараў і рэжысёраў Аляксея Кулічкова і Сяргея Шаўчэнкі. Разам з гераінямі п’есы, якіх, дарэчы, будуць іграць мужчыны, аўтары прапаноўваюць гледачу прайсці разам шлях у дзевяць месяцаў — ад навіны аб цяжарнасці да нараджэння дзіцяці. Абраўшы найбольш вядомыя тыпажы ("шматдзетная", "V.I.P.-пацыентка" і г. д.), акцёры сыгралі гэтыя ролі так, быццам самі апынуліся ў "цікавым становішчы".

Заўжды эксперыментальныя і незвычайныя на фестывалі лялечныя пастаноўкі. Сёлета гледачы
"M.@rt.кантакту" змогуць убачыць адразу тры спектаклі, прадстаўленыя Ерэванскім лялечным тэатрам імя Тумаяна з п’есай "Палёт над горадам", Магілёўскім абласным тэатрам лялек з яго бачаннем шэкспіраўскага "Гамлета" і Беларускім дзяржаўным тэатрам лялек з пастаноўкай "Шоўк".

Але, відавочна, "разыначкай" сёлетняга фестывалю стане спектакль пад адкрытым небам. Падобныя вулічныя перформансы вельмі папулярныя ў Еўропе, а зараз ужо набываюць сваіх аматараў і сярод беларускіх гледачоў. Мінулым разам у фармаце open air выступалі "ружовыя прышэльцы" з інтэрактыўнага тэатра "KUD LJUD" (Славенія), а сёлета сваё майстэрства прадэманструе Познаньскі тэатр "Biuro Podrozy" з пастаноўкай "Пахаванне Кармэн". Але гэта ўжо не проста "міленькая" імпрэза на забаву гледачам, а сапраўдны маніфест тых, хто разумее бессэнсоўнасць этнічных канфліктаў ды войнаў, бачыць праблемы бежанцаў і выкінутых на задворкі жыцця людзей. На спектакль пад адкрытым небам усе ахвотныя змогуць трапіць бясплатна.

Акрамя спектакляў у рамках форуму будзе арганізавана спецыяльная праграма: майстар-класы, "круглы стол" "Сучасная драматургія: погляд маладога рэжысёра" з удзелам тэатразнаўцаў, журы і крытыкаў, прэс-канферэнцыі. А вось традыцыйная Творчая лабараторыя маладой рэжысуры зведае пэўныя змены. Напрыклад, калі раней у працу над сучаснымі п’есамі ўключаліся студэнты-выпускнікі, то зараз гэта будуць ужо даволі вядомыя маладыя рэжысёры: Кацярына Аверкава (Беларусь), Шаміль Дыйканбаеў (Кыргызстан), Глеб Чарапанаў (Расія). Па словах Андрэя Новікава, такія творчыя майстэрні патрэбны для таго, каб можна было ўбачыць маладых рэжысёраў непасрэдна ў дзеянні, ацаніць іх працу і, магчыма, запрасіць для работы над спектаклямі ў будучым.