Рэпартаж амаль з дзяцінства

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Што чакае ТЮГ у родных сценах?

Напрыканцы бягучага года Тэатр юнага гледача мае вярнуцца ў свой адрэстаўраваны і рэканструяваны будынак па вуліцы Энгельса. Згодна з праектам, вонкава будынак практычна захавае звыклае аблічча, а вось інтэр’еры будуць перароблены з улікам новых патрабаванняў і магчымасцей. Зручней стане артыстам на сцэне, утульней — гледачам у зале. На месцы колішняга гаспадарчага блока паўстане прыбудова да асноўнага гмаху, у якой размесціцца адміністрацыя. Стылёва гэтая прыбудова будзе адпавядаць неакласіцыстычнаму Палацу піянераў, вонкава спалучанага з тэатрам.

/i/content/pi/cult/417/8529/2-1.jpeg

...Дазволю сабе аспрэчыць вядомую тэзу: "Тэатр пачынаецца з вешалкі". Насамрэч, тэатр пачынаецца з вуліцы, на якой стаіць яго будынак. Вуліца Энгельса — адна з цэнтральных. Але доўгі час яна захоўвала рысы старасвецкага, дарэвалюцыйнага Мінска. Са свайго дзяцінства, з 1960-х гадоў, памятаю яе камяніцы з карункавым кавальствам балконаў і прыгожай разьбой дзвярэй. Тыя кавальства і разьба перажылі рэвалюцыі і войны, але зніклі кудысьці ў час капітальных рамонтаў тамтэйшых будынкаў. Аблічча вуліцы і вакол яе змянялася паступова: паўставалі Тэатр лялек і кінатэатр "Піянер", ліцэй БДУ, новы, "па-хайтэкаўску" выразны будынак бальніцы, шыкоўны "Прэзідэнт-гатэль", адрэстаўраваны Купалаўскі тэатр. Рэканструяваны Тэатр юнага гледача стане апошнім штрыхом у новым вобразе вуліцы.

У ТЮГ я хадзіў з бацькамі (у тыя часы, калі фасад яшчэ аздаблялі скульптуры піянера з горнам і піянеркі з кнігамі)... А потым я вадзіў сюды сваіх дзяцей — на спектаклі паводле беларускіх народных казак. Прозвішчы артыстаў, драматургаў ды рэжысёраў з майго дзяцінства не запомніліся (гэта цяпер я назаву Любоў Мазалеўскую, Петруся Макаля, Артура Вольскага, Віктара Лебедзева, Міхася Пятрова ды многіх іншых), а вось тое, што пастаноўкі былі без авангардысцкіх вывертаў, зразумелыя дзецям і формай, і зместам — запала ў памяць.

Днямі, ужо як карэспандэнт "К", я наведаў будаўнічую пляцоўку з надзеяй пабачыць нешта знаёмае, аднавіць успаміны. Настальгія засталася няўтольнай: нічога не ўбачыў з тых па-хатняму ўтульных інтэр’ераў, якія, здаецца, самім сваім маштабам адпавядалі маленькім гледачам. Іх, мяркую, варта было захаваць хаця б фрагментарна, дзеля іх эмацыянальнай энергетыкі, або, як кажуць, намоленасці. Фае тэатра і зала дзіўным чынам сумяшчалі ў сваім убранні дэмакратызм і раскошу, як яе разумелі мы ў савецкі час. Зараз перад вачыма — толькі голыя сцены з адбітай атынкоўкай. Ад колішняга ўнутранага ўбрання ТЮГа захаваліся хіба ўпрыгожаныя карынфскім арнаментам калоны і фрагменты аздобы столі. Можна сказаць, што старых інтэр’ераў ужо няма, а новых яшчэ няма. Па сённяшнім стане ўявіць будучае аблічча тэатра немагчыма.

Я зрабіў фотаздымкі і пагутарыў з галоўным на пляцоўцы чалавекам — майстрам будаўніча-мантажных работ Алегам Нарко. Ведаючы, што артысты пакінулі будынак на пачатку 2009-га, пытаюся ў спадара Алега, чаму за больш як чатыры гады зроблена, як мне падаецца, так няшмат. Той адказвае, што будаўнікі прыйшлі сюды толькі ў лістападзе 2011-га, а цягам двух папярэдніх гадоў вяліся праектныя работы. Увогуле ж, будаўнікі працуюць у адпаведнасці з зацверджаным графікам і мусяць завяршыць працу ў тэрмін. У будаўнічага ўпраўлення, што прадстаўляе Алег Нарко, ужо ёсць вопыт працы на аб’ектах, якія з’яўляюцца часткай архітэктурнага вобраза сталіцы. Гэта, у прыватнасці, будынак філармоніі. Такім чынам, культурны аб’ект — не першы на рабочым рахунку будаўнікоў.

Зразумела, найбольш чакаюць завяршэння будаўнічых работ артысты ТЮГа. Пра гэта карэспандэнту "К" распавёў дырэктар тэатра Юрый Кулік.

— Ужо пяты год мы выступаем на чужых пляцоўках. Калі б вы запыталіся, што за гэты час мы страцілі, а што прыдбалі, я адказаў бы вам паэтычным радком: "Чалавек свой час не выбірае — ён у ім жыве і памірае". Калі ўжо здарылася такое выпрабаванне, дык трэба годна яго вытрымаць. Наша галоўнае дасягненне гэтых гадоў у тым, што мы не згубілі творчы калектыў. Чатыры гады — гэта шмат, гэта такі час, за які тэатр паспее і нарадзіцца, і знікнуць. Мы — захаваліся. Кожны год ставілі па чатыры — пяць спектакляў. Умовы ж на Фрунзэ, 5, дзе мы арандуем сцэну, вельмі адрозніваюцца ад тых, да якіх мы прызвычаіліся ў родных сценах….

Важна і тое, што наша публіка нас не забыла, не пакінула. Людзі па-ранейшаму прыходзяць на нашы спектаклі, цікавяцца, калі артысты ТЮГа нарэшце вернуцца на сваю сцэну…

Мэр горада, наколькі вядома, даў распараджэнне будаўнікам парупіцца, каб Тэатр юнага гледача сустрэў новы, 2014-ы, год у сваім адноўленым будынку. Спадзяюся, так і будзе. А яшчэ хацелася б, каб нашы гледачы, і ўвогуле ўсе, хто разам з намі чакае гэтага дня, бралі да ўвагі тую акалічнасць, што нам спатрэбіцца пэўны час на адаптацыю. Сцэна хоць і родная, але ж яе "начынка", абсталяванне — новае. І творчаму калектыву, і тэхнічным службам тэатра давядзецца да гэтага прызвычайвацца. Да таго ж, сцэнаграфія тых амаль двух дзясяткаў спектакляў, што мы паставілі за гэтыя чатыры гады, была вымушана сціплай. Каб перавесці спектаклі ў іншы сцэнаграфічны фармат, таксама патрэбны час. Так што, перш чым мы ўвойдзем у нармальны творчы рытм, зведаем пераходны перыяд….

На здымку: так выглядае Тэатр юнага гледача зараз.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"