Першым браў слова Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Гун Цзянвэй. Ён адзначыў важную ролю культурных праектаў для ўмацавання міждзяржаўных сувязей і развіцця супрацоўніцтва Кітая і Беларусі ва ўсіх галінах.
Эмацыйнай уверцюрай урачыстасці стаў музычны твор "Ноч на Юаньсяцзе", выкананы дуэтам кітаянкі Ма Лі, якая вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва, і Зінаіды Расаевай, студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Укладальнік анталогіі і перакладчык вершаў у кнізе Мікола Мятліцкі ў сваёй прамове засяродзіўся на гуманістычным змесце і пазачасавым значэнні класічнай кітайскай паэзіі. Спадар Мятліцкі выказаў задавальненне тым, што сёння ў Беларусі ўжо нямала інтэлектуалаў добра ведаюць кітайскую мову.
Кульмінацыяй імпрэзы стала перадача кнігі ў дар Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Яе прыняў дырэктар НББ Раман Матульскі. У падзячным слове ён згадаў, што праз яго рукі штодня праходзяць дзясяткі кніг, але "Пад крыламі дракона…" не згубілася ў той плыні.
П.В.