Струннікі, наперад!

№ 10 (1084) 09.03.2013 - 16.03.2013 г

Менш чым праз месяц, 5 красавіка, скончыцца прыём заявак на ўдзел у ІІІ Міжнародным конкурсе выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя Міхала Ельскага. Да 15 мая можна будзе ўнесці папраўкі ў заяўленую праграму выступленняў. А сам конкурс пройдзе ў Мінску 5 — 14 чэрвеня.

Заснавальнікамі конкурсу выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўленне культуры Мінгарвыканкама, Беларускі саюз музычных дзеячаў, наша Акадэмія музыкі і сталічная філармонія. Спаборніцтва пройдзе ў тры туры, фіналісты (не больш за шасцёра ў кожнай з намінацый: скрыпка, альт, віяланчэль, кантрабас) выступяць з аркестрам. Прызавы фонд складае 15 тысяч долараў.

Сярод абавязковых умоў, што вельмі прыемна, — выкананне беларускай музыкі. Спіс вызначаных твораў даволі багаты, для кожнага з інструментаў ёсць выбар паміж некалькімі кампазіцыямі. Гэта п’есы самога Міхала Ельскага — беларускага скрыпача і кампазітара ХІХ стагоддзя, а таксама многіх нашых творцаў ХХ і ХХІ стагоддзяў: Дзмітрыя Камінскага, Уладзіміра Алоўнікава, Яўгена Глебава, Уладзіміра Солтана, Галіны Гарэлавай, Уладзіміра Дарохіна, Валерыя Карэтнікава, Аляксандра Клеванца, Вячаслава Кузняцова, Ларысы Мурашка, Уладзіміра Саўчыка. Да таго ж, скрыпачы ў другім туры павінны выканаць п’есу нацыянальнага кампазітара, і мы зноў пачуем беларускую музыку, але ўжо толькі ад нашых канкурсантаў. А ў фінальным туры, спадзяёмся, прагучыць і Канцэрт для альта, струнных і званоў Галіны Гарэлавай, уключаны ў магчымы для гэтага конкурснага вітка рэпертуар. Увогуле, гэты кампазітар піша надзвычай віртуозныя (як па выканальніцкім, так і па кампазітарскім майстэрстве) творы, якія адразу знаходзяць сваіх адданых прыхільнікаў сярод спецыялістаў і шырокай публікі. Дый увесь конкурс мае стаць сапраўдным святам нацыянальнага мастацтва міжнароднага ўзроўню.

Н.Б.