“Ні пятлічкі, ні лычкі з гімнасцёркі маёй..."

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Няскончаная аповесць пра мастака з Віцебска

Звесткі пра гэтага вельмі таленавітага мастака-віцябчаніна Льва Зевіна ў літаратуры і сродках масавай інфармацыі надзвычай скупыя. Нават у час мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю Віцебскай мастацкай школы, ягонае імя засталося зусім незаўважаным. Няма яго твораў ні ў віцебскіх музеях, ні ў мінскіх. У пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага ёсць, праўда, “Партрэт невядомага. Леў Зевін (?)”, напісаны настаўнікам Юдалем Пэнам у 1917-м. Але наўрад ці мог так даросла выглядаць тады 14-гадовы мастак-пачатковец. Хаця ў вонкавым выглядзе штосьці падобнае на больш познія фатаграфіі Зевіна можна знайсці. Нешта пра яго жыццё ды творчасць ёсць у кнізе Г.Казоўскага “Мастакі Віцебска. Іегуда Пэн і яго вучні”, у некаторых кароткіх нарысах ды накідах сучаснікаў Зевіна (А.Рома, К.Малевіча, Б.Рыбчанкова, С.Міндліна, Н.Эфраса), у нешматлікіх артыкулах сённяшніх мастацтвазнаўцаў (А.Шацкіх, І.Холадавай, Д.Барысава ды іншых), кароткіх успамінах тых, хто яго ведаў, у тым ліку пляменніка мастака — М.Жысліна. Захаваліся ўспаміны таго ж А.Рома, якія знаходзяцца ў маскоўскім сямейным архіве Маі Сакаловай, пляменніцы жонкі А.Рома — Алены Нагаеўскай. Мастацтвазнаўца Абрам Георгіевіч Ром — актыўны ўдзельнік усіх мастацкіх працэсаў, якія адбываліся ў Віцебску ў 10 — 20-я гады мінулага стагоддзя, адзін з заснавальнікаў Народнага мастацкага вучылішча і так званага Віцебскага музея сучаснага мастацтва...

/i/content/pi/cult/416/8520/2-1.jpeg

Леў Зевін. "Кубізм (Аўтапартрэт)". 1920 г.

…Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, 37-гадовы Леў Зевін не стаў шукаць бяспечнага прыстанку ў тыле, а амаль адразу ж, 7 ліпеня 1941-га, пайшоў у ваенкамат, каб запісацца добраахвотнікам у Чырвоную Армію (па іншай версіі — у апалчэнне). Разам з ім быў і яго блізкі сябра — зямляк з Гомеля, мастак Леў Аронаў (1909 — 1972 гг.). Абодва яны і адбылі на месца службы пад Ржэў. Але там Аронаў хутка цяжка захварэў на язву страўніка. Зевін пераканаў палкавое начальства, што трэба адправіць таго ў шпіталь, і Аронава накіравалі спачатку ў маскоўскую бальніцу, потым — на Урал, у эвакуацыю. А што да самога Льва Зевіна, то яму не пашанцавала. Сляды яго губляюцца напрыканцы 1941-га, калі ён ці то пад Ржэвам, ці то пад Вязьмай абараняў падыходы да Масквы. Ёсць версія, што ён прапаў без вестак у пачатку вясны 1942 года. Цалкам можа быць.

“Я добра памятаю дзядзьку, — успамінае Міхаіл Жыслін, — але — урыўкамі, асобнымі эпізодамі. У яго быў прыемны голас, ён хораша спяваў, і я нават памятаю, што менавіта спяваў. Ён быў іскрамётным, артыстычным, вясёлым і добрым. У яго было шмат сяброў, якія яго шчыра любілі. Многія з іх, як і ён, загінулі, а тыя, хто засталіся, паспелі падзяліцца ўспамінамі. Мне помніцца апошняя з ім сустрэча. Курскі вакзал. Ля перона — эшалон з цялячых вагонаў. У адным мы — бабуля, дзядуля, мама, дзве яе сястры — Ханна і Фрыда, — я і Жэнька, сын Лёвы і Фрыды — мой стрыечны брат. Мае адбыцца эвакуацыя. Сядзім на цюках, клунках і чамаданах. Чакаем адпраўлення. Дзверы цяплушкі пакуль што прачынены. У светлы квадрат праёма бачны перон. І раптам з’яўляецца Лёва. Нарэшце ён нас знайшоў. Але яго час заканчваецца. Трэба развітвацца. Неўзабаве дзверы зачыняюць на засаўку. Паехалі...”

Так, паехалі на Ржэў… Пішу гэта, і раптам успомніў пранізлівыя радкі бессмяротнага верша Аляксандра Твардоўскага “Я убит подо Ржевом”, надрукаванага адразу ж пасля вайны: “Я убит подо Ржевом,/ В безымянном болоте,/ В пятой роте, на левом,/ При жестоком налете…// Фронт горел, не стихая,/ Как на теле рубец./ Я убит и не знаю,/ Наш ли Ржев наконец?/ Я не слышал разрыва,/ Я не видел той вспышки,/ Точно в пропасть с обрыва -/ И ни дна ни покрышки./ И во всем этом мире,/ До конца его дней,/ Ни петлички, ни лычки/ С гимнастерки моей…”

/i/content/pi/cult/416/8520/2-2.jpeg

Л.Зевін. Пейзаж. 1939 г.

Невядома, як і дзе загінуў Леў Зевін. Можа, пад Клемяціна або пад Сычоўкай, пад Дуніна ці Аленіна, а можа, у Манчалаўскіх лясах — усё каля Ржэва, дзе палягла 369-я стралковая дывізія, у якой ён, па некаторых звестках, пачынаў служыць? Хто ведае… Затое ўжо зараз вядома, што Ржэўская бітва 1941 — 1943 гг. была, бадай, адной з самых кровапралітных за ўсю гісторыю той вайны. І яна ж найбольш замоўчвалася гісторыкамі. Яно і не дзіва, бо давялося б абвінавачваць у трагедыі глаўкама І.Сталіна, а таксама будучага “маршала Перамогі”, тады камандуючага Заходнім фронтам, генерала арміі Г.Жукава і камандуючага Калінінскім фронтам, генерал-палкоўніка І.Конева. Страшна падумаць, але ў тых 15-месячных баях загінула больш за 2 мільёны савецкіх салдат, афіцэраў, а таксама мірных жыхароў Ржэўшчыны! Праўда, Ржэў так і не быў узяты немцамі. Сёння на тэрыторыі горада і раёна знаходзіцца больш як сорак брацкіх магіл загінулых савецкіх байцоў і камандзіраў. А яшчэ сотні тысяч іх засталіся непахаванымі ў той палітай крывёю зямлі Цвершчыны ды Смаленшчыны. Можа, дзесьці там — і Леў Зевін… А магчыма, ён апынуўся, як і дзясяткі тысяч іншых, у палоне ды згінуў па дарозе ў пекла або ў фашысцкім канцлагеры... Пра гэта мы, хутчэй за ўсё, ужо ніколі не даведаемся…

Апошняя карціна мастака — “Швейная фабрыка ў Віцебску”, пра якую Абрам Ром потым напісаў так: “Са шчымлівым пачуццём разглядаеш яе... Што з новым, светлым, прасторным будынкам, дзе, мабыць, лёгка і добра працавалася? Што з гэтымі цудоўнымі, крыху заўзята-кплівымі, але разважлівымі дзяўчынамі? Тут прайшла жалезная крывавая пята гітлерызму. Руіны і засмучаныя цені, якія заклікаюць да помсты... Які лёс ні спасціг бы аўтара гэтай карціны, што ўстаў у шэраг мсціўцаў, хай недаказаў ён многае і занадта рана перарваўся ягоны творчы шлях, вынікі гэтага нядоўгага жыцця — прыгожыя...”

Віцебск — яго радзіма. Тут, у сям’і небагатага рамесніка, 6 снежня
1903-га, Леў і з’явіўся на белы свет. Вучыўся ў школе, а ў 14 гадоў бацька, пабачыўшы цягу сына да малявання, адвёў яго ў мастацкую студыю Юдаля Пэна. У 15 — Леў апынуўся ў Народнай мастацкай школе Марка Шагала — гэта, значыць, 1918-ы. Дарэчы, раннія малюнкі і акварэлі Зевіна былі створаны якраз пад уплывам Шагала. Восенню ён ужо лічыўся мастаком-выканаўцам падкамісіі Губнародадукацыі па ўпрыгожанні Віцебска да першай гадавіны Кастрычніка пад кіраўніцтвам таго ж Шагала. Ну а калі з’явіўся новы “месія” — Казімір Малевіч, з лістапада 1920 года юны Зевін уліўся ў кагорту унавісаўцаў: тады ультрановае вучэнне Малевіча з яго супрэматызмам стала яму бліжэй за візіянера Шагала, хаця Марк Захаравіч лічыў яго адным з лепшых сваіх вучняў.

/i/content/pi/cult/416/8520/2-3.jpeg

Л.Зевін. "Віцебск". 1921 г.

У архіве Малевіча ў Амстэрдаме (інв. № 32. Запіс-ідыагноз) захаваліся накіды яго рукапісу пра Зевіна ў “Запісной кніжцы III 1924” (2 старонкі, чарнілы), прысвечанай аналізу творчага развіцця Льва Зевіна з пункта гледжання канцэпцыі аўтара “Чорнага квадрата” адносна дадатковага элемента ў жывапісе. Вось гэтыя, трошкі мудрагелістыя, накіды: “Леў Якаўлевіч Зевін быў: 1) На выпрабаванні кірунку. З 18 года працаваў у Шагала. Свае работы жывапісныя праводзіў пад уплывам Пікаса. Кубізм. Шагал не аказваў уплыву. 2) З Сезанізмам не быў знаёмы. Кубістычнае з’яўленне прайшло, хутчэй, Сезанаўскім характарам, і ён быў захоплены ім. 3) 19-ы год. Перайшоў працаваць да мяне і працаваў два гады. Са з’яўленнем майго метаду Зевін быў прымушаны працягваць пазнаванне Кубізму, і гэта было яго лагічным рашэннем. 4) Пра … (напісана неразборліва. — Б.К.) 1-й стадыі Кубізму быў жывапісны перыяд, але калі перайшоў у другую стадыю, ён адчуў чыста графічныя акалічнасці. І гэта можна было лічыць за прычыну, якая стварала затор для жывапіснага развіцця. Адбыўся працэс разважання, тэарэтычны аналіз. Зевін пайшоў у майстэрню Сезанаўскую, але хутка перайшоў у Кубістычную і прадоўжыў работу ў больш чыстым выглядзе ўспрымання сістэмы. Але праз некаторы перыяд унутраная барацьба з жывапісным… Калі ён рабіў малюнкі, то гэта было як бы арганічна. Аднак калі ўзніклі фарбы жывапісу, то сустрэліся цяжкасці ў выяўленні гэтых форм жывапісу. Пасля гэтага было рашэнне Зевіна вярнуцца да жывапісу, і, канешне ж, прынцып Сезана быў асновай усёй дзейнасці яго настаўніка Фалька..."

Сапраўды, калі ў Віцебскі мастацка-практычны інстытут прыйшоў Роберт Фальк, ён аказаў на маладога жывапісца такі ўплыў, што і Малевіч са сваім супрэматызмам адышоў на другі план. Аднак гэта будзе потым…

Упершыню імя Зевіна сустракаецца ў друку летам 1919 года ў артыкуле “Школьны музей” (“Известия Вит. губ. Совета крест., раб., красноарм. и батрацк. деп.”, № 149, 8 ліпеня, ст. 4) у пераліку вучняў Віцебскага народнага мастацкага вучылішча побач з Чашнікам, Бескіным, Кіновічам, Папрадухінай, Выдрэвічам і Удрэ, лепшыя работы якіх былі прыняты ў школьны музей з 1-й справаздачнай выстаўкі вучняў. Пра тое ж было сказана і ў газеце “Витебский листок” (1919 г., № 1266, 8 ліпеня). А праз паўгода ў артыкуле “Мастацкая выстаўка” (“Известия”, 1920 г., № 36, 17 лютага) гаварылася, што на 2-й справаздачнай выстаўцы “чаляднікі Віцебскіх свабодных дзяржаўных мастацкіх майстэрняў” Зевін, Кунін, Юдовін, Юдзін, Валхонскі, Зельдзін, Хідэкель, Кабішчэр, Чашнік былі прэміраваны за лепшыя творы...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"