Мсціслаў Дабужынскі. “Старая Літва”.

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Пад такой назвай у Нацыянальным мастацкім музеі РБ працуе выстаўка жывапісу і графікі вядомага ў свеце мастака Мсціслава Валер’янавіча Дабужынскага і некалькіх твораў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з фондаў Літоўскага мастацкага музея (г. Вільнюс) і каўнаскага Нацыянальнага мастацкага музея імя М.К. Чурлёніса.

 /i/content/pi/cult/139/852/Dabuzhynski1.jpg
 М.Дабужынскі. “Вільнюскі касцёл Св. Катрыны”. 1906 г.
Экспазіцыя арганізавана Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і прысвечана 15-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Літвой і Беларуссю.
Мсціслаў Дабужынскі (1875 — 1957 гг.) нарадзіўся і жыў у Расіі, затым — у Літве, ЗША, шмат гадоў правёў у Англіі, Францыі, Італіі, некаторы час працаваў і на Беларусі — у Віцебску, дзе ў 1918 годзе выкладаў у Мастацка-практычным інстытуце.
З 1902 года ён — актыўны член аб’яднання “Мир искусства”, і з гэтага часу паказаў сябе як выдатны майстра сцэнаграфіі, станковай графікі, плаката і жывапісу, кніжнай ілюстрацыі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.У 1924 годзе Дабужынскі з сям’ёй пераехаў у Літву і да пачатку Другой сусветнай вайны жыў і працаваў у Каўнасе як тэатральны мастак і кіраўнік студыі графікі і дэкаратыўнага жывапісу ў мясцовай школе мастацтваў, шмат падарожнічаў па свеце і па Літве, дзе рабіў замалёўкі твораў старога дойлідства.
У 1939 годзе Дабужынскі са сваёй выстаўкай паехаў у Лондан, дзе яго заспела вайна. І мастак пераехаў у Нью-Йорк, дзе 20 лістапада 1957 года — роўна паўстагоддзя таму — памёр.Сённяшняя выстаўка прадстаўляе творы мастака 1907 — 1939 гадоў. Калекцыя архітэктурных пейзажаў Літвы М.Дабужынскага была набыта Літоўскім фондам (ЗША) у сына мастака Усевалада Дабужынскага ў 1983 годзе.
У 2006 годзе Савет Літоўскага фонду падарыў малюнкі Літве, а сёлета яны былі перададзены ў Літоўскі мастацкі музей у Вільнюсе (дырэктар — Рамуалдас Будрыс).
Творы М.Дабужынскага падаюць відарысы Літвы: ад Клайпеды і Укмярге — да Седы і Шакеная, ад Алітуса і Марыямполя — да Прэная і Луокі.
Гэтыя малюнкі, вельмі высокія па мастацкіх якасцях, яскрава раскрываюць вобраз той старой Літвы, якой яна была ў 10 — 30-ыя гады мінулага стагоддзя.
Работа выстаўкі прадоўжыцца да 8 студзеня 2008 года.

Ул. інф.

P.S. Аб жыцці і творчасці М.Дабужынскага, аб яго знаходжанні ў Беларусі “К” друкавала матэрыял Барыса Крэпака “У Віцебску ён шукаў душэўную раўнавагу” (№№ 34, 35 за 1997 г.).