Рэкорды і фонд крэатыўных ідэй

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы

Сваёй версіяй пяцёркі найлепшых ідэй з Інтэрнэту падзяліўся дырэктар “Беларускага відэацэнтра”, дасведчаны кінатэлепрадзюсар Юрый ІГРУША.

1. Відэарэкорд.

Не так даўно вядучы сусветны відэасэрвіс назваў самыя папулярныя відэаролікі мінулага года. Абсалютна прадказальна, што ў лідарах апынуўся кліп выканаўцы PSY на кампазіцыю “Gangnam Style”. За паўгода інтэрнэт-ратацыі ён сабраў 971 мільён праглядаў, а гэта сусветны рэкорд! Але мяне цікавіць іншае: што ж на відэасэрвісах глядзяць беларусы? Хто б правёў такое даследаванне?

/i/content/pi/cult/416/8518/2-1.jpeg

2. Фонд крэатыўных ідэй.

У Расіі на самым высокім дзяржаўным узроўні ініцыявалі стварэнне Фонду крэатыўных ідэй. Праз названую структуру дзяржава будзе адбіраць для далейшага фінансавання і прасоўвання знойдзеныя ў Сеціве ідэі. Асаблівая ўвага мае надавацца сацыяльна значным праблемам. Глабальная мэта — знайсці працоўныя месцы для крэатыўнай моладзі. Ужо цяпер гаворыцца, што падтрымку дзяржавы атрымаюць, прынамсі, суполкі ў Інтэрнэце, электронныя бібліятэкі, сайты разнастайных ініцыятыў, парталы дыстанцыйнага навучання і нават карысныя гульні. У якасці перспектыўнага развіцця адзначаецца, што кліенты падобных вэб-рэсурсаў пасля набываюць тысячы людзей па ўсім свеце. Як мяркуецца, такі фонд будзе абапірацца на інструменты дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Мне падаецца, падобны фонд мог бы з’явіцца і на Беларусі. У нас вельмі шмат крэатыўных людзей, што здольныя генерыраваць ідэі. Дык чаму б апошнія не ўрэчаісніць?

3. Гільдыі неігравога кіно.

Не так даўно сустрэў у Сеціве топ-20 лепшых расійскіх дакументальных стужак па версіі тамтэйшай Гільдыі неігравога кіно. Адразу правёў паралелі: беларускае неігравое кіно, не сакрэт, больш вядомае ў свеце, чым ігравое. Пра тое сведчаць шматлікія перамогі на міжнародных кінафорумах. Магчыма, ужо наспела і стварэнне Гільдыі неігравога кіно ў Беларусі? Тады б мы маглі, верагодна, сказаць новае слова ў прасоўванні стужак і скласці свой топ-20 па аб’ектыўных крытэрыях.

4. Краўдфандзінг.

Амерыканскі рэжысёр і прадзюсар Гары Хаствіт зняў сваю кінатрылогію пра дызайн за кошт грошай, атрыманых праз краўдфандзінг — шляхам "народных укладанняў". Кінематаграфіст кажа: “Практычна ў кожнай дакументальнай гісторыі ёсць свая аўдыторыя. Задача рэжысёра — устанавіць кантакт з такімі людзьмі. Відавочна, Інтэрнэт — ідэальны канал сувязі”. На думку Хатсвіта, важна загадзя ўцягнуць публіку ў працэс, каб людзі ведалі пра здымкі, сачылі за імі, чакалі фільм. Калі мабілізаваць такую вэб-супольнасць, можна знайсці фінансаванне, месцы для паказу, новыя ідэі, урэшце. Вось і мінскі Фестываль кароткаметражнага кіно “Cinema Perpetuum Mobile” пайшоў менавіта такім шляхам. Ды і пра камп’ютарную гульню “Легенды Эйсенвальда” ўсе чулі неаднойчы. Мяркую, падобныя формы варта скарыстоўваць і ў іншых галінах культурнай сферы.

5. Акварыум.

Так-так, магла б атрымацца найцікавейшая атракцыя. Падобны ёсць у адным з гатэляў Берліна: вышыня — 25 метраў, вонкавы дыяметр — 11. У нас, на жаль, няма ніводнага такога акварыума. А мне падаецца, што такі аб’ект карыстаўся б не абы-якой папулярнасцю як у беларусаў, так і ў замежных турыстаў. Толькі ў Нацыянальным парку “Прыпяцкі” — 37 відаў рыб, 11 — амфібій, 7 — рэптылій. А наша Чырвоная кніга ўключае 10 відаў рыб, што знікаюць…