Бібліятэкар з імпэтам

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Гомельшчына: праектная дзейнасць

Даўняе мудрае выслоўе кажа: той, хто шмат чытае, — вялікі розум мае. З такой высновай згодная і Антаніна Уварава, загадчык гарадской бібліятэкі № 11 (філіял № 8 Гомельскай ЦБС).

Не сакрэт, што ў часы тэхнічнага прагрэсу, калі нават школьнікам малодшых класаў сталі даступны камп’ютар ды Інтэрнэт, бібліятэкарам неабходна пастаянна шукаць і ўдасканальваць новыя метады працы. Можна сказаць, што Сеціва сталася нашым своеасаблівым канкурэнтам. Таму, улічваючы падобныя нюансы, каб зацікавіць чытачоў, трэба зрабіць працу бібліятэкі больш насычанай, разнастайнай, цікавай. І гэта не адно арганізацыя звычайнай кніжнай выстаўкі, сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі, цікавымі асобамі-сучаснікамі, але і новыя формы работы.

/i/content/pi/cult/416/8516/1-3.jpeg

Да прыкладу, летась у цёплыя сонечныя дні Антаніна Васільеўна арганізоўвала своеасаблівы выхад бібліятэкараў на вуліцу. У скверы і нават каля Любенскага возера супрацоўнікі разгарнулі цэлую кніжную выстаўку: тут можна было пачытаць беларускія газеты і часопісы, цікавую мастацкую літаратуру, пазнаёміцца з кніжнымі навінкамі. Такая прапаганда займела добрыя вынікі: многія гамяльчане надоўга пасябравалі з бібліятэкай.

Асабліва арыгінальным атрымаўся праект “Чытаючы аўтобус”, пра які ўжо падрабязна пісала “К”. Дарэчы, ініцыятарам гэтай ідэі таксама была Антаніна Уварава. Варта падкрэсліць, што акцыя “Чытаючы аўтобус” ладзілася ў Гомелі цягам года і часцяком была прымеркавана да многіх святаў, таму вельмі спадабалася і запомнілася многім жыхарам ды гасцям абласнога цэнтра…

Вось так плённа сёння працуе ініцыятыўная, няўрымслівая Антаніна Васільеўна Уварава. Больш за 35 гадоў аддала яна любімай бібліятэчнай справе. А за выдатную працу яна адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі “Бібліятэчная справа” за 2005 год, узнагароджана юбілейным медалём, знакам “2000-годдзе хрысціянства”, шматлікімі граматамі і дыпломамі...

Ганна АТРОШЧАНКА

Гомель

На здымку: Антаніна Уварава.

Фота аўтара