Карані — у Стаўбуне

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Веткаўшчына: фольк-падзея

Народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Стаўбунскія вячоркі” днямі адзначыў 30-годдзе. Свята адбылося ў новым будынку Стаўбунскага сельскага дома культуры, канцэртная зала якога ледзь умясціла ўсіх ахвотных павіншаваць артыстак.

Акрамя гасцей з Веткі і Гомеля прыехалі таксама і мінчане — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсістэта культуры і мастацтваў Энгельс Дарашэвіч і фальклорны калектыў “Талака” гэтай жа кафедры пад кіраўніцтвам яе загадчыка Вячаслава Калацэя.

Душой “Стаўбунскіх вячорак” і кіраўніком ансамбля ўвесь гэты час з’яўляецца Святлана Парашчанка — чалавек творчы, апантаны і неабыякавы да сваёй працы. Дзякуючы яе намаганням цягам многіх гадоў аматары традыцыйнага фальклору збіраюцца на рэпетыцыі, маладое пакаленне далучаецца да лепшых узораў каранёвага мастацтва рэгіёна.

Народны ансамбль “Стаўбунскія вячоркі” — жаданы госць ва ўсіх вёсках раёна ды горада Веткі. Заўсёды з поспехам прымае ўдзел у абласных, рэспубліканскіх святах і фестывалях фальклорнага мастацтва, на высокім узроўні прадстаўляе краіну за яе межамі — у Расіі і Літве. На сёння гурт з’яўляецца адным з лепшых фальклорных калектываў вобласці.

Ірына ГЛУШЭЦ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці