Станцаваць “Зайца”

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Старадарожчына: абласны семінар

На базе Старадарожскага раёна прайшоў абласны семінар па фальклоры “Абрадавая і пазаабрадавая лірыка”. У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі 13 раёнаў Міншчыны, сярод іх — мастацкія кіраўнікі фальклорных калектываў і метадысты. Начальнік аддзела культуры Старадарожскага райвыканкама Святлана Каролька звярнула ўвагу ўдзельнікаў на тое, як важна для работнікаў культуры абменьвацца вопытам.

На мяжы раёна гасцей вітаў народны тэатр народнай гульні “Старадарожская лясёнка” (кіраўнік — Людміла Міхалькевіч). Госці пазмагаліся з удзельнікамі тэатра ў спрыце пад час танца “Заяц”, які выконваецца на крыжы, складзеным з двух кіёў. Трэба скакаць у пэўным парадку, не збіваючыся.

/i/content/pi/cult/416/8514/1-2.jpeg

Фальклорны калектыў "Прусаўчанка".

У Старадарожскім раённым цэнтры культуры і адпачынку метадыст па фальклоры і этнаграфіі Любоў Бірук пазнаёміла гасцей з выстаўкай метадычнай літаратуры. Госці паглядзелі выступленне гуртка бытавога танца і ансамбля лыжкароў Языльскага цэнтра культуры і адпачынку. Усебаковае ўяўленне аб народнай спадчыне раёна дапамог атрымаць фільм “Зямля беларуская”, у здымках якога работнікі сферы раёна ўдзельнічалі ў якасці кансультантаў, акцёраў і касцюмераў адначасова.

З выстаўкай вырабаў народных майстроў Раённага цэнтра рамёстваў удзельнікаў семінара пазнаёміла дырэктар установы Алена Рыжанкова. На Старадарожчыне развіваюцца ткацтва, выраб традыцыйнага строя, саломкапляценне, аплікацыя саломкай, выраб лялек, вышыўка, вязанне. Госці мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з народным майстрам Беларусі ткачыхай Таццянай Міхалькевіч, якая працуе ў РЦР майстрам-метадыстам.

Удзельнікі семінара наведалі Гісторыка-этнаграфічны музей, які змяшчае пакуль дзве экспазіцыйныя залы: першая прысвечана гісторыі пошты і шляхоў зносін, у другой можна пазнаёміцца з інтэр’ерамі беларускіх кузні і карчмы, агледзець сапраўдную брычку, якая і сёння на хаду. Пад час стварэння тэматыка-экспазіцыйных планаў супрацоўнікі музея прытрымліваюцца навуковага падыходу, напрыклад, выкарыстоўваюць працу І.Сербава “Беларусы-сакуны”, надрукаванай упершыню ў 1915 годзе. Сакунамі Ісак Сербаў назваў некаторых палешукоў за асаблівасці гаворкі, калі тыя замест “-ся” ў канчатку дзеясловаў вымаўляюць “-са”. Варта адзначыць, што Старадарожскі раён, як і іншыя паўднёвыя раёны Мінскай вобласці, па сваіх этнаграфічных асаблівасцях з’яўляецца пераходным ад гісторыка-этнаграфічнай зоны “Цэнтральная Беларусь” да Палесся.

У праграме семінара было і наведванне сельскіх клубных устаноў. Першым пунктам стала вёска Баранава, дзе госці адзначылі высокі ўзровень работы фальклорных калектываў “Набіліцы” і “Вяснянка”, што выканалі каляндарныя і пазаабрадавыя песні. Абодвума калектывамі кіруе Вольга Мемус… А фальклорны калектыў “Прусаўчанка” з вёскі Прусы паказаў праграму “Заручыны”. Алена Леанідаўна Чаркоўская, мастацкі кіраўнік “Прусаўчанкі”, здолела зрабіць дзею відовішчнай і, у той жа час, інтэрактыўнай: гучалі аўтэнтычныя песні, потым гасцям было прапанавана паўдзельнічаць у завяршальным этапе вяселля — дзяльбе караваю. “Набіліцы” і “Прусаўчанка” з’яўляюцца аўтэнтычнымі гуртамі, і зараз вядзецца праца па падрыхтоўцы дакументаў да надання іх стылю выканання абрадавых і пазаабрадавых песень статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, вядучы метадыст па фальклоры Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці