Цягам двух гадоў у гарадскім Цэнтры культуры будзе наладжаны цыкл вечароў-сустрэч “Аб людзях харошых”. Гэта своеасаблівыя бенефісы былых кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў Глыбоччыны, ардэнаносцаў, працаўнікоў самых розных прафесій, што ў розныя часы станавіліся людзьмі года.
Агляд-конкурс творчых калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада таксама будзе праходзіць два гады. Інакш кажучы, Таццяна Малатоўнік працягвае адшукваць у раённым цэнтры ўсё новыя і новыя таленты. Справа, у любым выпадку, — карысная і сярод гледачоў заўжды запатрабаваная...
У мікрараёне “Беразвечча” было пабудавана шмат жылля для маладых сем’яў. І гэтая акалічнасць таксама стала адным з пунктаў праекта. Свята мікрараёна павінна аб’яднаць моладзь горада не толькі месцажыхарствам, але і творчасцю.
А свята вуліцы Язэпа Драздовіча выклікана тым, што сёлета ў ліпені мастаку, публіцысту і філосафу споўнілася б 125 гадоў. Вуліца — аднапавярховая. Гэткім жа сямейна-ўтульным абяцае быць і мерапрыемства. Кожны падворак прапануе падарункі на свой густ, а сцэна размесціцца пасярод вуліцы пад засенню дрэў. Я асабіста жыхарам вуліцы Драздовіча зайздрошчу белай зайздрасцю. Як, зрэшты, і насельнікам вуліц Маскоўская і Садовая. Першая — самая старадаўняя, самая доўгая і самая шматнаселеная ў Глыбокім. На другой размешчаны дамы № 34 і № 39, дзе жывуць перасяленцы-чарнобыльцы. Значыць, маштабныя святочныя мерапрыемствы пройдуць і па названых адрасах. А папярэднічаць гэтым падзеям будзе, натуральна, добраўпарадкаванне згаданых вуліц. Інакш кажучы, свята чакаецца двайное.
І гэта яшчэ далёка не ўсё. Абвешчаны конкурс на лепшы аматарскі відэафільм “Пралеска сіняй Беларусі”. Пераможа той “аператар”, хто здолее давесці сваёй відэатворчасцю, што Глыбокае — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. Гэткія ж мэты ставіць перад сабой і будучая выстаўка фотамастацтва “Гісторыя і сучаснасць горада Глыбокае”. Начальнік аддзела культуры тлумачыць, што прапановы на ўдзел у выстаўцы атрымалі ці не ўсе ўраджэнцы райцэнтра, раскіданыя па ўсім свеце.
Ведаючы прафесіяналізм мясцовых народных майстроў (першы Дом рамёстваў на Беларусі быў створаны менавіта ў Глыбокім), прадчуваю, якімі незабыўнымі атрымаюцца і выстаўкі народнай творчасці... Карацей, Глыбокае пасля вераснёўскага Дня пісьменства тэмпаў творчай разваротлівасці губляць ніяк не жадае. Таццяна Малатоўнік такім становішчам спраў цалкам задаволена. Маўляў, крэатыўнае развіццё — гэта няспынны рух.
Хто запярэчыць? Між тым, такія арыгінальныя і непаўторныя святы нашых вёсак ператварыліся ў выніку не заўжды творчага пераасэнсавання ў даволі будзённыя ды аднастайныя мерапрыемствы. Пабываеш на такіх святах у двух суседніх раёнах запар і потым доўга ўзгадваеш, як тыя раёны ды вёскі называюцца. Словам, творчасць і руціна — антонімы. А крэатыў — гэта штодзённае думанне.
Я.Р.