Пасля апрабацыі — уключэнне ў бюджэт

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Праект з неабмежаваным тэрмінам рэалізацыі

Рэгіёны: анкета ідэі — прынцып ажыццяўлення

Цяпер — пра канкрэтныя творчыя праекты. І не толькі быхаўскія. Сваю камандзіроўку я пачаў з наведання Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра. Там мне і паведамілі, што кожны год аддзелы культуры Магілёўшчыны рэалізуюць па пяць-шэсць сацыяльных і творчых праектаў. Цудоўны прыклад першых — горацкі “Дапамажы сабе сам” (рэабілітацыя жанчын пасля іх прабывання ў лячэбна-працоўных прафілакторыях). Сярод творчых адны з апошніх і пераканаўчых — “Дрыбінскія таржкі”, дзе рэалізуюцца “лячэбна-сувенірныя” лапці, і “Глушанскі хутарок” — акцыя Дома рамёстваў Бабруйскага раёна, што аб’ядноўвае цяпер лепшых керамістаў вобласці. Інакш кажучы, калі рэгіянальны праект паспяхова праходзіць “абкатку”, яго апрабацыя завяршаецца тым, што мерапрыемства ўключаецца ў абласны бюджэт. Менавіта так былі адзначаны фестывалі і святы ў Глуску, Асіповічах, Касцюковічах...

“Баркалабаўскія карункі”

Баркалабава — адзін з першых на Быхаўшчыне аграгарадкоў. І, у той жа час, — калыска беларускага праваслаўя, месца, дзе ў XVII стагоддзі нарадзіўся незабыўны летапіс. Баркалабаўскі культурна-спартыўны цэнтр разам з праектам “Баркалабаўскія карункі” ўдзельнічаў летась у рэспубліканскім аглядзе конкурсе “Клуб года”. Прызавых месцаў пакуль не атрымаў. Не атрымаў пакуль праект і абласнога фінансавання. Але ўсё гэта ніякім чынам не азначае, што “Баркалабаўскія карункі” — бесперспектыўныя. Наадварот, гаворка — пра акцыю-брэнд з неабмежаваным тэрмінам дзеяння. А для гэтага і падыходы да ўдасканалення праекта павінны быць выключна грунтоўнымі. Ягоны аўтар і кіраўнік клубнага аб’яднання па інтарэсах “Спадчына” Алеся Аседач і дырэктар Баркалабаўскага КСЦ Алена Усава гэта цудоўна разумеюць. Таму і шукаюць пастаянна дадатковыя фарбы ды адценні для свайго творчага “палатна”.

/i/content/pi/cult/416/8511/1-1.jpeg

Дырэктар Баркалабаўскага культурна-спартыўнага цэнтра Алена Усава і мастацкі кіраўнік установы Алеся Аседач пастаянна ўдасканальваюць праект “Баркалабаўскія карункі”.

Мэта і задачы праекта

Дык для чаго ж ствараліся “... Карункі”? Мэта праекта: вывучэнне малой радзімы, папаўненне краязнаўчага багажу. Інакш кажучы, аўдыторыя, што ахопліваецца акцыяй, — рознаўзроставая. Канкрэтныя і задачы: развіццё ва ўдзельнікаў клуба “Спадчына” навыкаў экскурсавода, папулярызацыя мясцовых абрадаў (сярод іх — і Баркалабаўскі кірмаш), правядзенне заняткаў у музейным пакоі па тэмах, звязаных з асаблівасцямі мясцовых ручніка, строю, лозапляцення, з гісторыяй Свята-Увазнясенскага жаночага манастыра, выраб буклетаў “Гульні, песні, казкі і прымаўкі Баркалабаўскага краю”.

Механізм і этапы рэалізацыі

Самае, на мой погляд, галоўнае: у ажыццяўленне праекта ўцягваецца не толькі насельніцтва аграгарадка, бо магчымасці “Баркалабаўскіх карункаў” пастаянна рэкламуюцца праз мясцовы друк і радыё. Пра шматлікія буклеты я ўжо казаў.

Адзін з рэалізаваных этапаў — уладкаванне музейнага пакоя пры Баркалабаўскім КСЦ. Тут ужо ёсць амаль усё, што адлюстроўвае багатую гісторыю і адметны побыт старадаўняй вёскі. А Баркалабаўскі летапіс стаў грунтам для цікавых расповедаў мясцовых краязнаўцаў. Вясковыя гістарызмы сталі асновай і для выступлення клубнага батлеечнага тэатра. Працуе пры КСЦ і сувенірная крама. Тутэйшае лозапляценне ўражвае завершанай вытанчанасцю. А побач з музейным пакоем — бібліятэка, дзе яе супрацоўніца Святлана Чухманава прапануе вам літаратуру і пра вёску, і пра летапіс, і пра слаўных землякоў...

Натуральна, да Дня беларускага пісьменства і рэклама праекта набудзе большую маштабнасць. І пра сутнасць Баркалабаўскага летапісу, яго важнасць не толькі для вясковага экзоту, але і для станаўлення нацыянальнага пісьменства будзе сказана больш выразна, даходліва і папулярна. Урэшце, такіх музейных этнапакояў у клубных установах рэспублікі ўжо вельмі шмат, а Баркалабаўскі летапіс — адзіны ў сваёй унікальнасці. І мультымедыйныя магчымасці клубнага камп’ютара тут, я ў гэтым перакананы, — невычэрпныя.

/i/content/pi/cult/416/8511/1-2.jpeg

Баркалабаўская званіца.

Формы праектнай дзейнасці

Гэта, як ужо згадвалася, гульнявыя праграмы, абрады, экскурсіі, турыстычныя маршруты. Апошнія, як пераканана загадчык метадычнага кабінета аддзела культуры Святлана Саламевіч, павінны стаць сапраўды інтэрактыўнымі. Хто ведае на сёння, апрача мясцовых вяскоўцаў, якім прадстаўнічым быў той Баркалабаўскі кірмаш? А дзе і хто напісаў Баркалабаўскі летапіс? Як жыў і пра што мроіў той невядомы і геніяльны аўтар?

Вось чаму асноўны турыстычны маршрут — духоўны, да царквы Казанскай Божай Маці. Менавіта паблізу яе, як распавядае галоўны музейны фондазахавальнік Ірына Міхайлава, і ладзіліся яркія святочныя кірмашы (вось сюды і перанесці б сувенірную краму пад час будучых тэатралізацый!). А за царквой — пойма Дняпра. Тут калісьці было замчышча, потым — мужчынскі манастыр, дзе і ствараўся летапіс. Усе забудовы за савецкім часам былі знішчаны, адрадзіліся адносна нядаўна. Цяпер тут — Свята-Увазнясенскі жаночы манастыр. І любая з манашак распавядзе не толькі пра гаючую сілу мясцовай іконы Баркалабаўскай Божай Маці, што праз гады нягод захавалі быхаўскія вернікі, але і пра літаратурную духоўнасць гэтых святых мясцін...

І вельмі хацелася б, каб сярод сувеніраў, што прыдбаюць госці і ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства, было б грунтоўнае падарункавае мультымедыйнае выданне і старога летапісу, і новых, што нястомна ствараюць сучасныя баркалабаўскія летапісцы...

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Быхаўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"