Хочаш жыць багата, дык скараці затраты

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

Як мы паведамлялі ў мінулым нумары “К”, 22 лістапада адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры РБ пад старшынствам міністра культуры РБ Уладзіміра Матвейчука. Асноўныя пытанні, якія разглядаліся на калегіі, — рэалізацыя Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2007 г. № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, а таксама праца ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама па ахове матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

 /i/content/pi/cult/139/851/Hochash zhyc 48.jpg
З дакладам па першым пытанні выступіў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства Віктар Рымашэўскі.
Ён нагадаў, што для выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2007 г. № 3 Міністэрства культуры распрацавала мерапрыемствы, зацверджаныя рашэннем калегіі ад 23 жніўня 2007 г. № 95. Загадам ад 10.09.2007 № 208 распрацавана і зацверджана Палажэнне аб камісіі Міністэрства культуры па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. Адпаведныя мерапрыемствы распрацаваны і зацверджаны ў абласных упраўленнях, у гарадскіх і раённых аддзелах культуры, ва ўсіх арганізацыях галіны.
На пасяджэнні камісіі Міністэрства культуры па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, якое адбылося 17 кастрычніка, былі разгледжаны вынікі выканання Дырэктывы па стане на 15 кастрычніка 2007 года.
У ліпені — жніўні гэтага года ў бізнес-планы развіцця камерцыйных прадпрыемстваў галіны ўнесены раздзел “Энергазберажэнне”. Прыклад мабільнасці ў рэалізацыі такога праекта — мадэрнізацыя пафарбовачных камер у ААТ “Віцебск-Белпрамкультура”, разлічаная на эканамічны эфект 4 тыс. кВт. гадзін у год.
У адпаведнасці з мерапрыемствамі па мінімізацыі страт ад росту коштаў на цеплаэнергарэсурсы па ўпраўленнях культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў на 1 кастрычніка 2007 г. склала 9169 тон умоўнага паліва— 2375 млн. руб., у тым ліку за кошт укаранення энергазберагальных мерапрыемстваў — 461 млн. руб.; адмовы ад набыцця вугалю і пераводу сістэм ацяплення на стопрацэнтнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва — 38 млн. руб.; эканоміі цеплавой, электрычнай энергіі, кацельна-пячнога паліва— 1514 млн. руб.
За студзень — верасень 2007 г. у галіне выкарыстана 15480 тон паліва мясцовых відаў — гэта 90% ад агульнага спажывання паліва. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года выкарыстанне мясцовых відаў паліва зменшылася на 6400 тон. Топачныя кацельныя, побытавыя катлы і печы ва ўстановах культуры Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей цалкам пераведзены на мясцовыя віды паліва.Упраўленне культуры Віцебскага аблвыканкама разглядае магчымасць аптымізацыі колькасці ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці, скарачэнне іх у маланаселеных пунктах. На 2007 г. плануецца эканомія бюджэтных сродкаў у суме 9,6 млн. руб.
Мэтавы паказчык па энергазберажэнні ва ўсіх абласцях і ў Мінску выконваецца са значнай эканоміяй.
Па арганізацыях рэспубліканскай уласнасці за 10 месяцаў гэтага года пры заданні мінус 10,4% дадзены паказчык выкананы на мінус 11%, праведзена энергазберагальных мерапрыемстваў на суму 709 млн. руб., што дазволіць зэканоміць 404 тоны ўмоўнага паліва ў год.В.Рымашэўскі адзначыў, што Міністэрства культуры ўнесла ў інструкцыю аб парадку прэміравання кіраўнікоў арганізацый Міністэрства рэспубліканскага падпарадкавання, фінансуемых з бюджэту, зацверджаную пастановай Міністэрства культуры РБ ад 8 снежня 2004 г. № 30, змены, датычныя ўмоў прэміравання кіраўнікоў у залежнасці ад выканання мэтавага паказчыка па энергазберажэнні.
У сувязі з прыняццем Пастановы Савета Міністраў РБ ад 31 жніўня 2007 г. № 1124 “Аб стымуляванні работнікаў за эканомію і рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных і матэрыяльных ресурсаў” камерцыйным арганізацыям накіравана пісьмо з даручэннем прывесці ў адпаведнасць з дадзенай пастановай лакальныя нарматыўныя прававыя акты арганізацый, якія прадугледжваюць меры матэрыяльнага і маральнага стымулявання за эканомію і рацыянальнае выкарыстанне паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. Распрацаваны палажэнні аб укараненні эканамічных механізмаў стымулявання энергазберажэння на ВРУП “Светокон”, у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў іншых арганізацыях.
Міністэрства культуры распрацоўвае інструкцыю аб парадку правядзення спаборніцтва сярод падведамасных арганізацый за высокія паказчыкі па эканоміі рэсурсаў.У вышэйшых навучальных установах галіны вывучаецца прадмет “Асновы энергазберажэння”, а ў сярэдніх — “Асновы аховы навакольнага асяроддзя і энергазберажэння”. У навучальныя праграмы павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры ўнесены тэмы энерга- і рэсурсазберажэння.
На базе Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры на курсах павышэння кваліфікацыі ў кастрычніку 2007 г. была праведзена вучоба на тэму: “Аб працы арганізацый, устаноў галіны па ўкараненні энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій”.
А 12 снежня плануецца семінар для рэзерву кіраўнічых кадраў цэнтральнага апарата Міністэрства, арганізацый рэспубліканскага падпарадкавання па пытаннях выканання Дырэктывы.
Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” зняла дакументальны фільм “Беражлівасць — мая праца”. У рамках кінаальманаха “Беларусь-2007” рыхтуецца дакументальны фільм “Энергетыка Беларусі”. “Белвідэацэнтр” запусціў у вытворчасць відэаролік “Хочаш жыць багата — скараці затраты”, завяршаецца конкурсны адбор сцэнарыя другога тэматычнага відэароліка.
Міністэрства культуры праводзіць Адкрыты рэспубліканскі конкурс на стварэнне лепшага плаката на тэму “Эканомія і беражлівасць — зарука бяспекі краіны”. Конкурсныя работы дэманстраваліся ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва з 21 па 30 лістапада. За лепшыя плакаты прысуджаюцца прэміі: дзве першыя — па 800 тыс. руб., тры другія — па 600 тыс. руб., чатыры трэція — па 400 тыс. руб.
У клубных установах рэспублікі праводзяцца вусныя часопісы, віктарыны, дыспуты, гутаркі на тэму “Эканомім разам са сваёй краінай”. У музеях і бібліятэках адкрыты экспазіцыі, прысвечаныя пытанням эканоміі і беражлівасці. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі з 15 па 29 кастрычніка адбылася выстаўка “Перадавыя тэхналогіі— зарука эканоміі і поспеху ў энергетычнай бяспецы краіны”.
Кантрольна-рэвізійны аддзел Міністэрства распрацаваў план-графік праверак у арганізацыях культуры стану эканоміі паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. У дадзены час у кантракты з кіраўнікамі арганізацый уносіцца дапаўненне аб адказнасці за выкананне даведзеных паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў.
Адзначыў В.Рымашэўскі і той прыкры факт, што ва ўстановах культуры Брэсцкай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей у якасці паліва выкарыстоўваецца імпартуемы вугаль, а трэба выйсці на стопрацэнтнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва.
Далей былізаслуханы справаздачы аб эканоміі рэсурсаў асобных кіраўнікоў устаноў культуры.Міністр Уладзімір Матвейчук падкрэсліў, што кіраўнікі ўстаноў культуры мусяць надаваць гаспадарчым, фінансавым, эканамічным пытанням такую ж увагу, як і творчым. Урад ставіць перад установамі культуры такія ж задачы па зберажэнні энергарэсурсаў, як і перад іншымі арганізацыямі. Рэзервы для эканоміі ў нас ёсць.
Намеснік міністра Уладзімір Грыдзюшка дадаў:
— Для нас вельмі важна было ўбачыць, як у цэлым у галіне ажыццяўляюцца меры па эканоміі рэсурсаў. Праблем тут яшчэ шмат, але ў цэлым паказчыкі абнадзейваюць. Эканоміць трэба ва ўсім, але разумна, не ствараючы дыскамфортных умоў для працы ўстаноў культуры.
Па другім пытанні з дакладам выступіў начальнік упраўлення Міністэрства культуры па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Васіль Абламскі. Ён вынес на разгляд калегіі важную праблему: удзел у захаванні гісторыка-культурнай спадчыны мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, дзе не заўсёды надаецца належная ўвага ўліку і кантролю за выкананнем заканадаўства па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей і за належным выкарыстаннем аб’ектаў спадчыны.
Нягледзячы на тое, што вызначаны адказныя спецыялісты ў раённых і гарадскіх аддзелах культуры, у некаторых раёнах, асабліва ў Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях, дадзеныя функцыі ўскладзены на работнікаў музеяў, бібліятэк, метадычных цэнтраў, што прыводзіць да частых кадравых змен, парушэння пераемнасці ў працы і нізкага ўзроўню ведаў.
Каб выправіць гэтае становішча, пры Беларускім дзяржаўным інстытуце праблем культуры штогод працуюць курсы павышэння кваліфікацыі для дадзеных спецыялістаў. Аднак ужо два гады на курсах не было ніводнага адказнага спецыяліста з Магілёўскай вобласці, на працягу 3-х гадоў з патрабуемых 25-ці слухачоў упраўленнямі культуры накіроўваліся не больш за 17, на што неабходна звярнуць асаблівую ўвагу ў будучым.
Практыка паказвае, што недастатковы ўзровень дасведчанасці кіраўнікоў выканаўчай улады на месцах пры прыняцці рашэнняў у дачыненні да аб’ектаў спадчыны прыводзіць да грубых парушэнняў заканадаўства.
Кожны квартал на адрас упраўленняў культуры аблвыканкамаў накіроўваецца інфармацыя аб выдадзеных дазволах на правядзенне работ па рэстаўрацыі і рэканструкцыі, каб забяспечыць аператыўны кантроль за станам спраў на аб’ектах. Але нярэдка такія звесткі не даводзяцца да спецыялістаў рай- і гарвыканкамаў, а калі і даводзяцца, то, як паказалі праверкі, ім не надаецца належнае значэнне.
Такім чынам, кантроль на тэрыторыях раёнаў зніжаны ці зусім не ажыццяўляецца, асабліва ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Абласным упраўленням культуры належыць змяніць гэтую сітуацыю карэнным чынам, наладзіўшы шчыльнае рэгіянальнае ўзаемадзеянне. Адказныя спецыялісты павінны ведаць, не толькі на падставе якога дакумента выконваюцца работы, але і адсочваць усе працэсы, датычныя аб’ектаў спадчыны, у тым ліку — уладкаванне рэкламы на саміх будынках і ў іх ахоўных зонах, правядзенне на прылеглых да іх тэрыторыях земляных і будаўнічых работ, арганізацыю транспартнага руху і з’яўленне іншых камунікацыйных нагрузак на гістарычныя помнікі, каб своечасова папярэджваць магчымыя парушэнні заканадаўства.
На сёння распрацавана ўсяго 42 праекты зон аховы вакол аб’ектаў спадчыны, і толькі 21 з іх зацверджаны пастановамі Міністэрства культуры, распрацаваны толькі 52 пашпарты. Таму ўпраўленням культуры неабходна больш пільна тлумачыць уласнікам і карыстальнікам каштоўнасцей неабходнасць распрацоўкі пашпартоў і асабліва— праектаў зон аховы, удзяліць значную ўвагу захаванню адметных гістарычных рыс падчас прыстасавання помнікаў архітэктуры да сучасных патрэб, вырашыць пытанні функцыянальнага прызначэння, рэстаўрацыі ці кансервацыі аб’ектаў, якія апынуліся без догляду.
У.Матвейчук настойліва рэкамендаваў усім абласцям пераняць вопыт Брэсцкага аблвыканкама, дзе плённа працуе міжведамасны каардынацыйны савет па пытаннях аховы спадчыны. Міністр таксама паставіў задачу паскорыць падрыхтоўку дасье для ЮНЕСКО па г. Полацку і па Брэсцкай крэпасці.
У.Грыдзюшка падкрэсліў, што поспех аховы спадчыны залежыць галоўным чынам ад зацікаўленых людзей на месцах. Трэба шырэй прапагандаваць перадавы вопыт тых, хто займаецца гэтай справай у раёнах і гарадах, стварыць у кожнай вобласці і кожным раёне каардынацыйны савет, які можа ўзначаліць, напрыклад, старшыня аблвыканкама або раённага Савета дэпутатаў.
На калегію былі запрошаны таксама навукоўцы, якія займаюцца пытаннямі вывучэння і аховы матэрыяльнай і духоўнай спадчыны.
Доктар мастацтвазнаўства, старшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ НАН Беларусі Тамара Варфаламеева прысвяціла сваё выступленне ахове і захаванню нематэрыяльнай спадчыны. “Найбольш важная, канкрэтная і неадкладная задача, якая стаіць перад намі зараз, — лічыць Т.Варфаламеева, — гэта складанне спісаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая ёсць на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым паўстае шэраг пытанняў, якія могуць быць вырашаны толькі на ўзроўні ўзгодненых намаганняў дзяржаўных інстытутаў, звязаных з праблемамі культуры, адукацыі, планавання і развіцця, а таксама сродкаў масавай інфармацыі”. Выступоўца лічыць неабходным стварыць міжведамасны каардынацыйны савет па праблемах аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, распрацаваць інструкцыю або Палажэнне аб фарміраванні спісу (ці некалькіх спісаў) нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, прыняць Дзяржаўную праграму прыярытэтных мерапрыемстваў, накіраваных на ахову і захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны.
Пра вопыт захавання і выкарыстання гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці распавяла галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.
Доктар гістарычных навук Вольга Ляўко, якая курыруе ахову помнікаў археалогіі па рэспубліцы, паведаміла, што нядаўна адкрыты ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі музей хутка распачне працаваць і як навукова-адукацыйны цэнтр, на базе якога будуць ажыццяўляцца трохузроўневыя адукацыйныя праграмы: для школьнікаў, студэнтаў і зацікаўленых спецыялістаў.
Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага гісторыка-культурнага запаведніка “Заслаўе” Аляксандр Рак паведаміў пра дзейнасць на тэрыторыі запаведніка музейных аб’ектаў, створаных цягам апошніх гадоў, — Музея-дота, Дзіцячага музея міфалогіі і лесу, пра выданне сёлета альбома “Сэрца Беларусі — Міншчына”. А.Рак выказаў словы падзякі спецыялістам упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, чыя дапамога прысутнічае на працягу ўсёй дзейнасці запаведніка. Закрануў ён і асноўныя праблемы запаведніка, звязаныя з захаваннем аўтэнтычнасці помнікаў драўлянай архітэктуры, з наглядам за курганнымі могільнікамі, якія знаходзяцца ў лясных масівах.
Іншыя пытанні, разгледжаныя на калегіі, — “Аб прадстаўленнях да ўзнагароджання ордэнам Францыска Скарыны, медалём Францыска Скарыны”; “Аб прысваенні музеям статуса “народны”; “Аб званні “заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”; “Аб найменнях “народны”, “узорны”...

Святлана ІШЧАНКА