“Каліграфія — гэта музыка для вачэй”

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Так гучыць кітайскі афарызм. 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка каліграфіі сучаснага кітайскага мастака і педагога Лі Цзо пад назвай “Знакі, накрэсленыя на нябёсах”.

Па традыцыі, каліграфія з’яўляецца класічным відам кітайскага жывапісу. Найстаражытнейшым узорам каліграфіі служыць стыль пісьма на варажбітных касцях і панцырах чарапах — ізягувань і гувань. Гэта прыкладна ІІ і сярэдзіна І тыс. да н. э.

Напрыканцы ІІІ ст. да н. э. пры імператары Цынь Шыхуандзі быў прыняты афіцыйны стыль пісьма сяочжуань (пісьмёны на малой пячатцы).

/i/content/pi/cult/416/8506/1-1.jpeg

Якраз у гэтым стылі паспяхова працуе мастак Лі Цзо. Дарэчы, гэты кірунак вельмі спрасціў грувасткасць больш ранняга — дагжуаня і з’явіўся галоўным штуршком для развіцця пазнейшай кітайскай каліграфіі ды жывапісу. Яго называюць яшчэ “драцяным пісьмом”, “металічнай ніткай”.

Увогуле, уся кітайская каліграфія — гэта дзіўная і непаўторная з’ява ў гісторыі сусветнай культуры, унікальная перліна Усходу. Як вобразнае мастацтва яе часта параўноўваюць з жывапісам, бо яна аказвае на чалавека моцны эмацыйны ўплыў багаццем форм і разнастайнасцю стыляў. Як беспрадметная творчасць яна нагадвае музыку — па рытме і гармоніі. Разам з тым, яна мае і практычны аспект — запіс графічных знакаў, якія складваюць кітайскае пісьменства як бачнае ўвасабленне паняццяў мовы. Невыпадкова каліграфія ў Кітаі лічыцца “першым” мастацтвам сярод іншых.

Вось у гэтай складанай і цудоўнай галіне і працуе Лі Цзо. Яму 56 гадоў. Ён скончыў факультэт рускай мовы Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта. Потым выкладаў рускую мову ва Універсітэце шляхоў зносін. З 2009-га з’яўляецца выкладчыкам кітайскай мовы на факультэце міжнародных адносін БДУ, дзе паралельна навучае будучых кітайцаў-міжнароднікаў азам каліграфіі.

“Я маю гонар прадставіць свае новыя каліграфічныя творы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, — сказаў мастак перад вернісажам. — Я па-сапраўднаму шчаслівы, бо на гэтай выстаўцы самае старажытнае і адначасова вельмі сучаснае кітайскае мастацтва каліграфіі суседнічае з шэдэўрамі Беларусі. Вялікі дзякуй усім, хто аказаў мне дапамогу і падтрымку!”

Б.К.