Па традыцыі, каліграфія з’яўляецца класічным відам кітайскага жывапісу. Найстаражытнейшым узорам каліграфіі служыць стыль пісьма на варажбітных касцях і панцырах чарапах — ізягувань і гувань. Гэта прыкладна ІІ і сярэдзіна І тыс. да н. э.
Напрыканцы ІІІ ст. да н. э. пры імператары Цынь Шыхуандзі быў прыняты афіцыйны стыль пісьма сяочжуань (пісьмёны на малой пячатцы).
Якраз у гэтым стылі паспяхова працуе мастак Лі Цзо. Дарэчы, гэты кірунак вельмі спрасціў грувасткасць больш ранняга — дагжуаня і з’явіўся галоўным штуршком для развіцця пазнейшай кітайскай каліграфіі ды жывапісу. Яго называюць яшчэ “драцяным пісьмом”, “металічнай ніткай”.
Увогуле, уся кітайская каліграфія — гэта дзіўная і непаўторная з’ява ў гісторыі сусветнай культуры, унікальная перліна Усходу. Як вобразнае мастацтва яе часта параўноўваюць з жывапісам, бо яна аказвае на чалавека моцны эмацыйны ўплыў багаццем форм і разнастайнасцю стыляў. Як беспрадметная творчасць яна нагадвае музыку — па рытме і гармоніі. Разам з тым, яна мае і практычны аспект — запіс графічных знакаў, якія складваюць кітайскае пісьменства як бачнае ўвасабленне паняццяў мовы. Невыпадкова каліграфія ў Кітаі лічыцца “першым” мастацтвам сярод іншых.
Вось у гэтай складанай і цудоўнай галіне і працуе Лі Цзо. Яму 56 гадоў. Ён скончыў факультэт рускай мовы Пекінскага педагагічнага ўніверсітэта. Потым выкладаў рускую мову ва Універсітэце шляхоў зносін. З 2009-га з’яўляецца выкладчыкам кітайскай мовы на факультэце міжнародных адносін БДУ, дзе паралельна навучае будучых кітайцаў-міжнароднікаў азам каліграфіі.
“Я маю гонар прадставіць свае новыя каліграфічныя творы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, — сказаў мастак перад вернісажам. — Я па-сапраўднаму шчаслівы, бо на гэтай выстаўцы самае старажытнае і адначасова вельмі сучаснае кітайскае мастацтва каліграфіі суседнічае з шэдэўрамі Беларусі. Вялікі дзякуй усім, хто аказаў мне дапамогу і падтрымку!”
Б.К.