"Варыяцыі без тэмы" не чыталіся

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Тэатр і пластыка: суладдзе ці барацьба за першынство?

Разнастайныя пластычныя і танцавальныя праекты даўно ўжо сталі неад’емнай часткай нашай тэатральнай прасторы. Раз-пораз яны робяць фурор сярод прыхільнікаў мастацтва, выклікаюць самыя зацікаўленыя дыскусіі, а то і рэзкае непрыняцце. Даўно наспеў час з’яднаць намаганні, падзяліцца досведам, нарэшце, правесці агляд таго, што назапашана ў гэтай сферы ў рэспубліцы ды замежжы, хаця б у суседніх краінах. Усяму гэтаму і быў прысвечаны Адкрыты форум пластычных і танц-тэатраў Беларусі “ПлаSтформа-Мінск-2013”, што прайшоў у лютым у Палацы культуры чыгуначнікаў і сабраў, акрамя сталічных удзельнікаў, калектывы з Гомеля і Гродна, а таксама прадстаўнікоў Польшчы і Швецыі.

Большасць арганізацыйных пытанняў усклаў на сябе добра вядомы, у тым ліку ў замежжы, пластычны тэатр “ІнЖэст” і яго кіраўнік Вячаслаў Іназемцаў. Але ініцыятыва, што асабліва прыемна, зыходзіла з абласных цэнтраў, ад Аляксандра Цебянькова і Іны Асламавай — апантаных кіраўнікоў, адпаведна, гродзенскага танц-тэатра “Галерэя” і гомельскай групы сучаснай харэаграфіі “Quadro”, якія ўжо неаднаразова ладзілі сумесныя выступленні ў Беларусі ды замежжы. Цяперашні праект, як і многія ранейшыя, шмат у чым трымаўся на энтузіязме. Гасцей мінчане размяшчалі па сваіх кватэрах, вячэрнія паказы і буклеты форуму былі платнымі для публікі, адзін з майстар-класаў — таксама, каб аплаціць арэнду залы. Астатнія ж тры, што праходзілі ўжо ў Маладзёжным тэатры эстрады, — бясплатнымі. Як і лекцыя пра стан польскай тэатральнай пластыкі, дзе словы, зразумела, спалучаліся з відэапраглядамі. А тое, якія дасведчаныя ў гэтым відзе мастацтва валанцёры працавалі на форуме, з якой шчырай зацікаўленасцю ўспрымала відовішча пераважна маладзёжная аўдыторыя, якімі гарачымі, нягледзячы на холад у зале, былі штовячэрнія абмеркаванні ўбачанага з удзелам публікі, — усё гэта дадаткова пераконвала ў важнасці не толькі ўласна эстэтычнага, але і сацыяльнага складніка пластычна-тэатральнага кірунку. Актуальнасць развіцця гэтага мастацтва як для нацыянальнай культуры ўвогуле, так і для маладзёжных субкультур ды разнастайных згуртаванняў была падкрэслена таксама на фінальным “круглым стале”. На яго пасяджэнні не толькі падводзіліся вынікі, але і, галоўнае, вызначаліся далейшыя перспектывы, ішла размова і пра магчымую дзяржаўную падтрымку пластычна-тэатральнай дзейнасці энтузіястаў — з боку Міністэрства культуры краіны і БРСМ.

Вось тут і давядзецца разглядаць два бакі танц-тэатраў паасобку: з мастацкага і маладзёжна-сацыяльнага ракурсаў. Сапраўды, ці адпавядала ўбачанае не толькі маладзёжным запытам, але і высокаму мастацкаму ўзроўню, годнаму прэзентаваць нашу культуру на ўнутраным і знешнім рынку?

/i/content/pi/cult/416/8505/2-1.jpeg

Выхаванне — экстраклас!

Мы цяпер ідзём да вас

Вялізнае выхаваўчае значэнне маладзёжных студый пластыкі відавочнае. Больш за тое: пашырэнне гэтага руху, прыцягненне да яго яшчэ большай увагі з боку падлеткаў і юнакоў, усебаковая падтрымка такіх захапленняў магла б дапамагчы вырашыць многія сацыяльныя праблемы. Асноўнае адрозненне пластычных студый ад іншых згуртаванняў — у магчымасці падарыць падлеткам гармонію душы і цела. Бо незадаволенасць сваёй знешнасцю, фігурай, рухамі часам і прыводзіць да канфліктаў з самім сабой.

У адрозненне нават ад эстраднага танца, куды моладзь ідзе больш ахвотна, пластычны тэатр патрабуе большага інтэлектуальнага напружання, выхавання не толькі цела, але і розуму. Да таго ж, многія адгалінаванні гэтага напрамку сёння ў той або іншай ступені звязаны з імправізацыйнасцю, якая таксама патрабуе не толькі фантазіі, але і асэнсавання сваіх дзеянняў, непрыняцце механічных паўтораў. А значыць — патрабуе інтэлекту. Невыпадкова адным з прыстанішчаў шырокага масавага развіцця пластычнага тэатра на ўзроўні аматарства маглі б стаць сярэднія і асабліва вышэйшыя навучальныя ўстановы, не спецыялізаваныя ў харэаграфіі. Акурат так, як было ў 1960-я з джазам, калі яго гралі найперш “фізікі” ды іншыя “тэхнары”. Скажаце, заманлівыя перспектывы? Але адразу паўстануць пытанні нават не матэрыяльна-арганізацыйныя, а творчыя, бо пакуль такіх спецыялістаў у нас — амаль няма. Дык што ж мы, вынаходзім веласіпед замест таго, каб пра яго даведацца? Тыя, хто сёння займаецца пластычным і танц-тэатрам, прыходзілі да гэтага часцей самастойна, праз самаадукацыю, наведванне замежных майстар-класаў, семінараў, фестываляў з разнастайнымі праграмамі. І на пытанне “круглага стала”: “Дзе можна павучыцца?” — давалі адказ: “У мяне, у якой-небудзь з іншых нашых студый, у замежжы”. Іншымі словамі — дзе заўгодна, акрамя беларускіх навучальных устаноў.

Але веды, нават самыя грунтоўныя, — зусім не панацэя ад усіх праблем. Вельмі важным аказваецца, наколькі адораны чалавек узначальвае калектыў. І наколькі такі кіраўнік адэкватна ўспрымае тое, што ставіць сам, а што — іншыя. Маўляў, як там з мастацкасцю?

/i/content/pi/cult/416/8505/2-2.jpeg

Мастацкасць — фактар тонкі:

не ўсё тут бачна звонку

На жаль, цяперашні форум, добра сакцэнтаваўшы маладзёжна-сацыяльны кірунак, часам забываўся на вырашэнне яшчэ і мастацкіх ідэй. У некаторых творах, на ім паказаных, на першым плане была ідэя, часам сфармуляваная толькі ў час абмеркаванняў, бо іначай яна “не чыталася”, прычым з вельмі простай прычыны, а менавіта — з-за недахопу мастацкасці свайго ўвасаблення.

Пэўна, арганізацыйныя цяжкасці паўплывалі на склад удзельнікаў, бо ён аказаўся не самым паказальным. З розных прычын у форуме не ўдзельнічалі самыя, бадай, выбітныя калектывы, сярод якіх — тыя ж “Karakuly” Вольгі Лабоўкінай. Не было і прызнанага “Карняг-тэатра”, хаця сам Яўген Карняг прысутнічаў ледзь не на ўсіх паказах, а яго дзённы майстар-клас, уключаны ў праграму “ПлаSтформы”, папярэднічаў вячэрняй урачыстасці адкрыцця. Намецілася і пакуль незразумелая альтэрнатыва IFMC — Міжнароднаму фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску. Так, на ім крыху іншыя прыярытэты, падкрэсленыя словам “харэаграфія”. Але з усіх, хто апошнім часам выстаўляў там свае творчыя работы (і вельмі паспяхова, дасягаючы конкурсных перамог), у “ПлаSтформе” ўдзельнічала хіба актрыса Купалаўскага тэатра Вольга Скварцова-Кавальская са сваёй “SKVO’s Dance Company”, рэзка вылучаючыся сярод іншых у лепшы бок. Запомніўся аднаактовы бута сола-перформанс “У пустэчы” Ірыны Ануфрыевай, якая вучылася ў студыі тэатра "ІнЖэст", а потым у Швецыі. Сучаснай жывой класікай успрымаўся шмат у чым эпатажны, але разам з тым глыбока філасофскі спектакль “…Пасля” пластычнага тэатра “ІнЖэст” на чале з неўтаймоўным Вячаславам Іназемцавым. Дзякуючы гэтаму адкрыццё форуму набыло канцэптуальнасць і ўдала перагукалася з адмысловай і святочнапрыўзнятай цырымоніяй закрыцця, падрыхтаванай тым жа калектывам. А што ж іншыя?

На жаль, складалася ўражанне, што запрашэнне ўдзельнікаў было шмат у чым спантанным, а іх рэпертуар папросту не адбіраўся. Бо ў некаторых можна было пакінуць усяго адзін нумар — як надзею на далейшы творчы рост. І гэта, паверце, успрымалася б сапраўднай падтрымкай маладога аматарскага калектыву — куды большай, чым пакінутае ім канцэртнае аддзяленне, складзенае з бясконцых “варыяцый без тэмы”.

/i/content/pi/cult/416/8505/2-3.jpeg

Востра паўстала і пытанне творчай самастойнасці. Бо ў некаторых работах надта кідалася ў вочы прамое ўздзеянне таго ж Матса Эка. Вядома, папросту абысці такую значную фігуру сучаснай харэаграфіі немагчыма. Але ж нельга і заставацца ўвесь час у ягоным цені!

Ледзь не агульным пралікам, на што звярнулі ўвагу і прадстаўнкі замежжа, была слабая праца пастаноўшчыкаў з самім чалавечым целам як галоўным выразным сродкам пластычных відаў мастацтва. Часам вербальнае, “размоўнае” тлумачэнне ідэі спектакля ці мініяцюры атрымлівалася куды больш цікавым за яго непасрэднае ўвасабленне на сцэне.

Магчыма, больш глыбокімі маглі б стаць і абмеркаванні, калі б яны былі скіраваны не толькі на эмоцыі ды атрыманне інфармацыі ад удзельнікаў форуму, але і на выразныя сродкі паказаных імі спектакляў і мініяцюр.

Так што перспектыў у форуму — шмат. Ёсць куды расці, у чым удасканальвацца і асобным калектывам. Востра паўстае і пытанне сапраўднага, а не толькі “знешняга” сінтэзу пластыкі і тэатра. Пад час правядзення Нацыянальнай тэатральнай прэміі неаднаразова паўставала пытанне аб магчымасці ўдзелу пластычных і танц-тэатраў у гэтым найпрэстыжным конкурсе. Пакуль гэта немагчыма з-за незразумеласці статуса такіх калектываў: афіцыйна яны — аматарскія, а на справе?

Дзяржаўную падтрымку маюць на сёння “D.O.Z.SK.I” Дзмітрыя Залескага: яны сталі “калектывам пры калектыве” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Але той сам пакуль перажывае складаны перыяд рамонту будынка. Так што плён іх супрацоўніцтва мы зможам пабачыць не адразу. Але хацелася б спадзявацца, што такое “існаванне пад адным дахам” дасць штуршок творчаму натхненню як драматычнай трупы, так і пластычна-харэаграфічнай. Тым больш, галоўным рэжысёрам Маладзёжнага тэатра нядаўна стаў Віталь Катавіцкі, вядомы сваімі пластычнымі захапленнямі. Дарэчы, ён быў адным з самых зацікаўленых гледачоў “ПлаSтформы” і актыўным удзельнікам фінальнага “круглага стала”, унёс шмат папраўдзе рэальных, а не адно марных (у тым ліку ад слова “мары”) прапаноў. Так што — засталося дачакацца ўвасаблення новых ідэй. І не толькі ў разнастайных асобных праектах, якія апошнім часам ладзіць той жа Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ды іншыя ўстановы, але і непасрэдна на Другім такім жа форуме з красамоўнай назвай “ПлаSтформа”. А што? Так і ёсць! Калі правільна “расшыфраваць” назву, можна ўбачыць, што ў ёй закладзена галоўнае: форма спектакля — гэта ўжо вялізны, калі не галоўны, пласт яго зместу.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

На фота:Ірына Ануфрыева (Беларусь — Швецыя), “SKVO’s Dance Company”, Пластычны тэатр “ІнЖэст” на чале з Вячаславам Іназемцавым.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"