Ле Карбюзье “нервова курыць”

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

“Нулявы” слой — і будзе аднаўленне?

Ёсць гарады, на вуліцах якіх “повязь часоў” адчуваецца сапраўды непасрэдна. Не будзем лішні раз тлумачыць, чаму Мінск да іх не належыць. За сваю імклівую эвалюцыю ад сціплага губернскага цэнтра да двухмільённай сталіцы еўрапейскай дзяржавы ён заплаціў папраўдзе вялікую цану. З гэтым нічога ўжо не зробіш. Застаецца хіба вызначыцца, як ставіцца да цяперашняга статус-кво.

Нядаўнія бурлівыя абмеркаванні карэкціроўкі дэтальнага Плана гістарычнага цэнтра Мінска нагадалі пра тое, што пытанне — па-ранейшаму дыскусійнае. Як сведчаць шматлікія публікацыі ў СМІ, нямала ёсць тых, хто прагне ўзяць у гісторыі рэванш, паспрабаваўшы аднавіць даўно страчаны горад у нетрах горада сучаснага. Альбо нават на яго руінах.

/i/content/pi/cult/416/8498/1-1.jpeg

Ідэй шмат: ад узнаўлення зруйнаваных яшчэ ў вайну пабудоў Нізкага і Мяснога рынкаў, для якога спатрэбіцца ўсяго толькі дэмантаж Дома фізкультуры (і без таго, зрэшты, запланаваны), і да тых пражэктаў, што прымусілі б “нервова курыць” самога Ле Карбюзье. Скажам, вынас транспарту па-за межы гістарычнага цэнтра (а яго, нагадаем, сёння рассякаюць такія магутныя магістралі, як праспект Пераможцаў і вуліца Багдановіча) альбо ліквідацыя шэрага гмаху “Прампраекта” на плошчы Свабоды. І не толькі яго. Пералік патэнцыйных “ахвяр” папраўдзе ўнушальны. “Напрыклад, увесь фронт забудовы па вул. Раманаўская Слабада з унутрыдваравой забудовай, будынак кінатэатра ”Беларусь”, будынак “Дома моды” па вул. Мельнікайтэ, 2 і аналагічны будынак па праспекце Пераможцаў, 1, увесь фронт забудовы праспекта Пераможцаў ад яго пачатку да вул. Мельнікайтэ, жылы шматпавярховы мікрараён, абмежаваны вуліцамі Дзімітрава, Мельнікайтэ, Шпалерным завулкам, Палац спорту, крытая лядовая пляцоўка і шмат чаго іншага”, — дэталізуе на адным з форумаў карыстальнік antonastapovicz.

Нешта падобнае некалі прапаноўваў зрабіць у Парыжы ўтрапёны авангардыст Ле Карбюзье. Хіба з той розніцай, што ён прагнуў “зачысціць” 240 га старэнькіх камянічак, каб вызваліць месца пад хмарачосы, а вось айчынныя рупліўцы спадчыны задумваюць акурат адваротныя працэсы. Але сам прынцып...

/i/content/pi/cult/416/8498/1-2.jpeg

Без сумневу, смелыя архітэктурныя фантазіі маюць поўнае права на існаванне (хаця фіксаваць іх у афіцыйных горадабудаўнічых дакументах, як настойваюць адэпты культу гістарызму, падаецца ўсё ж зусім неабавязковым). Тыя самыя ідэі Ле Карбюзье выклікаюць захапленне сваім палётам думкі — не раўнуючы, быццам авангардныя вершы. Пагатоў, непакоіцца пра магчымасць іх практычнай рэалізацыі наўрад ці выпадае: архітэктурная паэзія ніколі не пройдзе рэдакцыйнай цэнзуры панылых прагматыкаў, з іх улюбёным (і справядлівым!) выразам “фінансава немэтазгодна”. Здаровы сэнс падрэжа фантазіі крылы.

Непакоіць у дадзеным выпадку зусім іншае. У свядомасці многіх сучаснікаў адбылася падмена “традыцыйных” прынцыпаў аховы гісторыка-культурнай спадчыны ідэямі “аднаўлення з нуля”, якія з дзіўнай настойлівасцю транслюе пэўны сегмент айчынных СМІ. А таму і само паняцце спадчыны становіцца досыць плыткім. Сапраўды, навошта гэтак дбайна захоўваць апошнія цаглінкі Навагрудскага замка, калі можна потым усё ўзяць і адбудаваць? Натуральна, на добрым навуковым базісе, “як было”... Ну, ці амаль.

І таму разумееш тую катэгарычнасць Венецыянскай хартыі рэстаўратараў, якая жорстка забараняе рэканструкцыю. Думаю, гэта — не столькі імператыў, колькі менавіта своеасаблівы пасыл у свядомасць: трэба перадусім захоўваць, а не аднаўляць...

“Відавочна, што аднаўленне страчаных архітэктурных помнікаў ідзе ў Беларусі вельмі марудна”, — канстатаваў на пачатку свайго артыкула адзін калега. І ўжо толькі потым мімаходзь агучыў “яшчэ адну” праблему: аказваецца, і рэстаўрацыя — таксама... І нават кансервацыя, дадамо ад сябе. Нават самыя элементарныя супрацьаварыйныя меры, на якіх, без сумневу, сёння і трэба засяродзіць асаблівую ўвагу, каб зберагчы тыя сапраўдныя перліны айчыннага дойлідства (замкі, барочныя храмы, сінагогі, палацы...), што і пагэтуль знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і пра якія пішуць куды радзей, чым пра задумы аднаўлення на роўным месцы асяроддзевай грамадзянскай забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Хаця, здавалася б, прыярытэты тут відавочныя.

/i/content/pi/cult/416/8498/1-3.jpeg

Толькі сляпы не заўважыць, што яны вельмі адэкватна адлюстраваны ў найважнейшых прававых дакументах апошняга часу, якія датычацца сферы аховы спадчыны, — дзяржпраграмах “Культура Беларусі” і “Замкі Беларусі”. Але апошняе зусім не перашкаджае іх ініцыятару — Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь — выконваць функцыю мішэні для дартса сярод карыстальнікаў некаторых форумаў.

Зрэшты, вернемся да шараговай гістарычнай забудовы, якая, без сумневу, таксама ўяўляе немалую каштоўнасць. Варта адзначыць, што яе захаванне з’яўляецца вялікай праблемай не толькі для Беларусі. Згадайма хаця б сусветна вядомы тэрмін “бруселізацыя”, які акрэслівае хітрую метадалогію замены старых будынкаў “камерцыйна матываванымі” навабудамі. Ад назвы якога горада ён паходзіць?

І праблема тут сапраўды складаная. Бо голас ужо згаданых прагматыкаў папраўдзе немагчыма пакінуць без увагі. Архітэктурныя рашэнні — усё ж не вершы, іх немагчыма пісаць у стол, а для рэалізацыі патрэбны фінансы. Як сведчыць міжнародны досвед, грамадская і медыйная ўвага — гэта акурат тая сіла, якая можа ў пэўнай меры ўраўнаважыць камерцыйны інтарэс, прывесці да разумных кампрамісаў.

На шчасце, пакуль у нас ацалелі вельмі цікавыя фрагменты гістарычнай асяроддзевай забудовы. Прыкладам, у сціплым, але насычаным цікавосткамі Іўі ёсць ці не цэлая вуліца старасвецкіх местачковых будыначкаў. Паколькі на сёння яны нават не ўнесены ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, над імі валадарыць звычайны броўнаўскі рух: там шклопакет з’явіўся, тут — прыбудоўка з сілікатнай цэглы... І каму да гэтага справа? Раённым уладам хаця б з галоўнымі сваімі адметнасцямі разабрацца — Жамыслаўлем ды Геранёнамі, — у чым яны, зрэшты, спакваля прагрэсіруюць...

/i/content/pi/cult/416/8498/1-4.jpeg

Альбо яшчэ больш красамоўны прыклад. За які кіламетр ад скрыжавання згаданых вышэй тлумных магістралей месціцца суцішны ды мала каму вядомы куточак пад назвай Паўночны завулак. Тут дух старога Мінска пакуль ацалеў — папраўдзе цудам! І каб яго захаваць, няма ніякай патрэбы руйнаваць вялізныя гмахі альбо “паварочваць” транспартныя рэкі. Вось, здавалася б, той магніт, да якога мусіць быць прыкута ўвага ўсіх, хто дбае пра захаванне мінскай даўніны. Такі культурны “мікраландшафт” — папраўдзе ўнікальны! Але... Як казаў той чукча-паліглот з анекдота, каму гэта патрэбна? Захады вядомага рупліўцы на ніве спадчыны Анатоля Бутэвіча па стварэнні там своеасаблівага скансена застаюцца “гласом вопиющего в пустыне”, не знаходзячы належнай медыяпадтрымкі.

Што ж да сучаснага аблічча гістарычнага цэнтра Мінска... Хочам мы таго ці не, але галоўны прынцып яго фарміравання ўжо замацаваны і нават мае пэўныя гістарычныя карані — не вельмі глыбокія, ды тым не менш... Імя яму — эклектыка. І вельмі добра, каб побач з ХХ стагоддзем, а таксама і ХХІ — ад якога, падазраю, нікуды ўсё ж не падзецца, — у яго прасторы было б прадстаўлена і ХІІ, няхай сабе і ў выглядзе адмысловага музея.

А як прадставіць усе астатнія перыяды... Думаецца, тут існуе просты алгарытм: устанавіць на кожным кутку інфармацыйныя шчыты з малюнкамі, фота і звесткамі пра тое, што рабілася ў тым або іншым месцы 100, 200 альбо колькі яшчэ гадоў таму. Нават дзіўна, чаму яны дагэтуль не з’явіліся…

P.S. Калі матэрыял ужо быў падрыхтаваны да друку, на электронны адрас рэдакцыі прыйшла рассылка ад Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў. Допіс мае звыклы для палемічнага стылю гэтай арганізацыі загаловак “Герастраты адказваюць рупліўцам” і з’яўляецца рэакцыяй (ізноў жа, звыкла эмацыйнай) на адказ намесніка старшыні Цэнтральнага раёна горада Мінска Дзмітрыя Ляшчынскага на прапановы таварыства адносна аднаўлення гістарычнага цэнтра Мінска. Факсіміле самога афіцыйнага дакумента далучана да ліста. Змяшчаем яго фрагмент без каментарыяў:

“Вамі прапануецца фактычна перапісаць гісторыю горада, знішчыўшы ўсё створанае ў цэнтры пасля 1945 года, і пабудаваць замест гэтага муляж цэнтра Мінска канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Такіх радыкальных рэканструкцый гістарычнай спадчыны сусветная практыка не ведае, тым больш, што ні адно збудаванне, прапанаванае да аднаўлення, не з’яўлялася гісторыка-культурнай каштоўнасцю і не знаходзілася пад апекай дзяржавы. Аднаўляць іх прапануецца па вельмі схематычных архіўных дакументах. Разам з тым, Ваша заклапочанасць лёсам гістарычнага цэнтра зразумелая і заслугоўвае ўважлівага стаўлення”.