Ніхто не хоча рызыкаваць грашыма…

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Эканоміка культуры: тэрыторыя кааперацыі намаганняў Мір: аднойчы распачатая раскрутка брэнда ніколі не спыняецца

Гэта артыкул у працяг тэмы, якую можна акрэсліць як "Мірскі замак — Карэлічы — Гродзеншчына". Інакш кажучы: помнік гісторыі ў статусе нацыянальнага брэнда — бліжэйшы да яго адміністрацыйны цэнтр — рэгіён. У рамках тэмы мы спрабуем высветліць, як гэтыя чыннікі сёння ўзаемадзейнічаюць у кантэксце дзяржаўнай культурнай палітыкі. Калі Мірскі замак уяўляў з сябе занядбаны і закінуты на многія дзесяцігоддзі аб’ект, здавалася, што дастаткова вярнуць гэтаму помніку даўніны колішнюю прыгажосць ды веліч, і ўсе яго праблемы вырашацца самі сабой. Аднак, як сведчыць сусветная практыка, пасля рэстаўрацыі ў помнікаў пачынаецца новае жыццё з новымі праблемамі, досведу вырашэння якіх, прынамсі, мы дагэтуль па аб’ектыўных прычынах не мелі. Словам, аднойчы распачатая раскрутка брэнда ніколі не спыняецца. А патрабуе яна нестандартнага мыслення, арыгінальных ідэй ды крэатыўных дзеянняў. Прычым не раз ад разу, а — штодня. Высілкаў адно толькі работнікаў культуры тут недастаткова. Таму сёння мы даём слова эканамістам…

Абмінаюць Мір інвестары, або Седзячы дома, замуж не выйдзеш

"Чатыры гады, як адведзены ўчасткі пад будаўніцтва гасцініцы, гандлёва-забаўляльнага цэнтра і комплексу гасцявых дамкоў, — распавядае начальнік эканамічнага аддзела Карэліцкага райвыканкама Наталля Кныш. — Інфармацыя змешчана на сайтах Карэліцкага райвыканкама, Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства спорту і турызму. Чатыры гады чакаем інвестараў. Безвынікова. А, здавалася б, гэта не мы павінны шукаць забудоўшчыкаў, а яны самі мусяць на нас выходзіць".

Я паважаю патрыятызм спадарыні Наталлі. Мне імпануе ейная ўпэўненасць, што ля дзвярэй Карэліцкага райвыканкама мусіць стаяць чарга інвестараў, ахвотных зрабіць унёсак у развіццё мястэчка, якое пры Мірскім замку. І логіка ў яе развагах ёсць. Тое, што мястэчка Мір павінна развівацца як турыстычны цэнтр, відавочна. А значыць, укладанні ў турыстычную інфраструктуру рана ці позна вернуцца прыбыткам. Але, мабыць, для таго, каб у Мір прыйшлі гэтыя інвестыцыі, недастаткова інфармацыі на згаданых сайтах. Як кажуць у народзе, седзячы дома, замуж не выйдзеш: трэба сябе рэкламаваць — на тэлебачанні, у прэсе, заяўляць пра сябе на інвестыцыйных форумах. Інакш кажучы, шукаць.

"Былі такія, што цікавіліся, — распавядае далей Наталля Аляксандраўна, — але, у асноўным, па драбязе — накшталт, шапік паставіць. Прычым абавязкова каля самага замка, у ахоўнай зоне помніка. Бракуе тых, хто ўзяўся б за маштабны праект, — тую ж гасцініцу збудаваць на трох гектарах. Мяркую, патэнцыйныя інвестары не вераць у тое, што прыбытак будзе пастаянны. Іх палохае сезоннасць запатрабаванасці, а палова наведвальнікаў Мірскага замка — студэнты і школьнікі, людзі не надта грашавітыя…"

Шапік не ідзе ні ў якое параўнанне з гасцінічным комплексам, уганараваным трыма-чатырма зоркамі, але ў сезон і ён у Міры не лішні.

Выступаючы на апошнім справаздачным сходзе Белкаапсаюза, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь звярнуў увагу на хранічны характар праблемы забеспячэння насельніцтва якаснымі таварамі ды паслугамі і патрабаваў павышэння якасці абслугоўвання ў сферы гандлю і грамадскага харчавання. У сувязі з гэтым, пытаюся ў Наталлі Кныш, якую ролю структуры Белкаапсаюза адыгрываюць у эканоміцы раёна. Паводле папярэдняй інфармацыі, якую я атрымаў у карэліцкім філіяле Гродзенскага спажывецкага таварыства, Белкаапсаюз трымае ў Міры кавярню і дзевяць крамаў, сярод іх — адна сувенірная. Доля кааператараў у гандлі на тэрыторыі раёна — 43 працэнты. Кіраўніцтва філіяла лічыць сваю дзейнасць на Карэліччыне і канкрэтна ў Міры эфектыўнай ды прыбытковай.

Наталля Кныш мяркуе, што ўсе аўтакрамы, усе крамы ў вёсках — ад Белкаапсаюза. Не кожны інвестар будзе будаваць краму у аддаленых паселішчах. А вось аўтакрама спажывецкай кааперацыі туды даедзе. Што ж да Карэліч і Міра, дык тут згаданы Белкаапсаюз надвор’я не робіць.

Пытаюся далей: няўжо зусім не было маштабных прапаноў ад інвестараў? Наталля Кныш згадвае перамовы з кампаніяй "Трайпл", якая трымае ў замку гасцініцу на пятнаццаць нумароў і рэстаран. Кампанія, нібыта, не супраць таго, каб пашырыць бізнес на мястэчка пры замку: збудаваць там гасцініцу. Папярэдняя гаворка пра гэта вялася. Але да канкрэтыкі справа не дайшла. Прычыну спадарыня Наталля бачыць у тым, што кампанія мае зараз больш пільныя справы — у прыватнасці, у сталіцы, дзе "Трайпл" будуе гатэль для гасцей Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года. Аднак не выключана, што ў кампаніі рукі дойдуць і да адкладзенага да лепшых часоў праекта для Міра.

Маё наступнае пытанне — намесніку старшыні камітэта па эканоміцы Гродзенскага аблвыканкама Андрэю Болтрыку, адказнаму за інвестыцыйную дзейнасць у рэгіёне. Ён кажа, што брак інвестыцый у турсэрвіс пры замку толькі на першы погляд падаецца дзіўным і невытлумачальным. Маўляў, як жа гэта можа быць, што такая кропка на карце нікому не цікавая? Праблема, аднак, у тым, што сфера турыстычных паслуг для інвестараў не надта прывабная: тут абарот укладзеных сродкаў не такі хуткі, як у прамысловасці ці гандлі.

Звяртаюся па каментарый да гэтай тэзы да старшыні Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандра Калініна. Той адказаў, што ў нашай краіне прыватны капітал пэўным чынам удзельнічае ў развіцці турыстычных паслуг і адбудове помнікаў гісторыі, якія з’яўляюцца турыстычнымі аб’ектамі. Прыкладам можа быць Любча, дзе замак адбудоўваецца менавіта за кошт прыватных укладанняў. Гэтаму спрыяе прыняты летась заканадаўчы акт, які зменшыў падатковы цяжар на малы бізнес, што стварыла перадумовы для больш актыўнага ўкладання сродкаў, у тым ліку і ў сферу турызму. Што ж да ўласна гарадскога пасёлка Мір, дык там прыватнікі трымаюць кавярні, міні-рынак, вядуць гандаль сувенірамі. Але высокі кошт крэдытаў па-ранейшаму з’яўляецца перашкодай для прыватных інвестыцый у актуальныя сферы эканомікі. У тым ліку і ў турыстычны бізнес.

Турысты, у асноўным, з Расіі…

Міхаіл Кажура, намеснік па турызме старшыні камітэта па спорце і турызме Гродзенскага аблвыканкама, дадае, што турысты ў Міры, у асноўным, з Мінска: "Адлегласць да сталіцы невялікая. З Мінска турысты прыехалі і тым жа днём у Мінск вярнуліся. Ім гасцініца не надта і патрэбна. Галоўнае — іх накарміць. Калі для гэтага не хапае кавярняў, дык, зрэшты, можна задзейнічаць навакольныя аграсядзібы. Вось калі б пераважалі госці з аддаленых мясцін, а тым больш — з іншых краін, тады давялося б дбаць пра размяшчэнне, пра начлег. Гадоў сем-восем таму, калі Мір ужо ўяўляў цікавасць як турыстычны аб’ект, абласным уладам было прапанавана стварыць тут турбюро. Але мы здолелі пераканаць тых, ад каго зыходзіла прапанова, што рабіць гэта не варта, бо такое бюро не будзе прыбытковым. Турысты і так трапляюць у Мір праз пасрэдніцтва тураператараў.

Папярэдняя выснова. Мяркую, што канкрэтныя праблемы Міра могуць быць вырашаны праз комплексную праграму развіцця турызму ў Гродзенскай вобласці. У гэтым напрамку работа вядзецца. І, мяркую, чакаць пазітыўных вынікаў не так ужо доўга.

Мы, аднак, разумеем, што Мір — гэта нацыянальны брэнд. Нездарма ж Савет Міністраў даў Гродзенскаму аблвыканкаму даручэнне па развіцці турызму ў Міры і аналагічнае — Мінскаму аблвыканкаму адносна Нясвіжа. Абласныя ўлады Гродзеншчыны і Міншчыны павінны ў бліжэйшы час прадставіць на разгляд свае прапановы па гэтым пытанні. На сёння ад агульнай колькасці турыстаў у Міры замежнікі складаюць 20-30%. У асноўным, гэта расіяне. Нават блізкіх нам па культуры палякаў зацікавіць Мірскім замкам даволі складана: у іх сваіх замкаў хапае, да таго ж, музейныя калекцыі ў іх часта значна багацейшыя за тую, якую мы маем у Міры. Каб прывабіць сюды турыста з Захаду, трэба яшчэ добра парупіцца. У прыватнасці, зрабіць Мір турыстычна больш прывабным, на нашу думку, можа "прывязка" да яго некалькіх фестываляў".

Як пераадолець сезоннасць?

У Міры склалася сітуацыя, калі сезоннасць палохае патэнцыйных інвестараў, якія маглі б укласці грошы ў стварэнне турыстычнай інфраструктуры вакол Міра. У сваю чаргу, неразвітасць апошняй якраз і "правакуе" тую сезоннасць. Тэлефаную ў кампанію "Трайпл", у аддзел міжнародных сувязей, які займаецца менавіта інвестыцыйнымі праектамі. Размаўляюць са мной ветліва, пагаджаюцца, што Мір — вельмі прывабны пункт. Але адносна перспектывы будаўніцтва гасцініцы ў Міры — ніякай канкрэтыкі. Мне прапанавалі даслаць па гэтым пытанні афіцыйны запыт, на які будзе афіцыйны адказ. Праўда, з вуснаў майго суразмоўцы прагучала: "Для інвестара трэба ствараць умовы…" Можа, гэта і ёсць тлумачэнне таго факта, што адведзеныя пад стварэнне турыстычнай інфраструктуры ўчасткі ў Міры зарастаюць пустазеллем?

Ці ёсць альтэрнатыва ?

Гэта "Трайпл". А як бачыць сітуацыю ў Міры айчынны інвестар у асобе рэспубліканскай структуры, у прыватнасці, Белкаапсаюза? Найперш пытаюся, ці скаардынавана дзейнасць апошняга з дзяржаўнымі праграмамі, прынамсі — з Праграмай развіцця турызму на 2011 — 2015 гады (Пастанова Савета Міністраў №  373 ад 24 сакавіка 2011 г.)?

"Так, — адказвае намеснік начальніка ўпраўлення грамадскага харчавання Белкаапсаюза Ірына Паянкова. — У гэтай праграме Белкаапсаюз згадваецца ў раздзеле "Развіццё турыстычнай індустрыі". Летась такіх аб’ектаў мы збудавалі пяць. У Міры маем кавярню "Рагнеда". Яна стваралася адмыслова для турыстаў, але зараз надзвычай папулярная ў мясцовых жыхароў. Будаваць яшчэ адну кавярню ў Міры мы не плануем. Але зыходзячы з таго, што месца зручнае і побач спыняюцца аўтобусы, плануем пашырыць на базе існуючай кавярні колькасць паслуг, каб зручна ды ўтульна было не толькі таму, хто прыйшоў бавіць час, але і таму, хто часу не мае. Каб усё было хутка і якасна. Для гэтага будзем удасканальваць тэхналогіі ды арганізацыю працы.

Сказаць нешта пра перспектывы новай гасцініцы ў Міры я не магу: не мая кампетэнцыя. Але паколькі мы імкнёмся да комплекснага абслугоўвання грамадзян, спалучэнне гасцінічнага комплексу з прадпрыемствам грамадскага харчавання ўяўляецца цалкам лагічным…"

…І мясцовы патрыятызм

Ніхто не працуе сабе на страту. Інвестар заўжды шукае выгады. Аднак у найноўшай нашай гісторыі ёсць прыклады, калі справа, нібыта, не надта перспектыўная, распачатая на мінімальным пачатковым капітале — лічы, на чыстым энтузіязме, прыносіла някепскія дывідэнды.

Возьмем, да прыкладу, праект "Краіна замкаў". Фонд з такой назвай утварыўся ў 2006 годзе, калі праграмы "Замкі Беларусі" не было. Дзейнасць фонду распачалася з выратавання шляхецкай сядзібы пачатку ХХ стагоддзя, што за пяць кіламетраў ад Гальшан, якую збіраліся разабраць на дровы. Аляксандр Варакіш, які выкупіў яе ў не надта дбайных уладальнікаў, па прафесіі экскурсавод, знаўца гісторыі, марыў мець уласны падворак, на якім можна было б аднавіць шляхецкі побыт часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Дзеля сваёй мары ён і прыдбаў тую асуджаную на скон сядзібу. Адразу ж высветлілася, што на свае ганарары давесці сядзібу да ладу ён не здолее. Вось і пачаў Аляксандр зарабляць на ёй грошы, каб яе ж і рэстаўраваць. Стаў прымаць у сядзібе турыстаў ды арганізоўваць для іх анімацыі на тэмы беларускай гісторыі. Сумясціў звычайныя паслугі аграсядзібы з тэатрам і… асветніцкай дзейнасцю. У ягонай сядзібе госці могуць пад’есці, паслухаць старажытную беларускую музыку, патанчыць беларускія старасвецкія танцы, паслухаць гістарычныя аповеды. Сёння ў сядзібе ёсць коні, якіх улетку запрагаюць у вазок, зімой — у сані, і возяць турыстаў. Набыта яшчэ адна сядзіба. Зараз яе даводзяць да ладу. Фонд "Краіна замкаў" абслугоўвае сегмент Гродзеншчыны турыстычнай: Крэва, Буруны, Гальшаны. Да таго ж, возяць турыстаў Віленскім трактам. Увогуле, геаграфія маршрутаў разнастайная: Гродзеншчына, сумежныя краіны, Чорнае мора. З занядбанай сядзібы атрымалася паспяховае турыстычнае агенцтва — на цвярозым разліку, але найперш — на энтузіязме.

Відаць, ідэальным варыянтам для Міра, ды і ўвогуле для праектаў, дзе выразна прысутнічае культурны складнік, быў бы інвестар, здольны думаць пра вечнае. Гэткі летуценнік з грашыма. Спадар Варакіш — постаць нехарактэрная. Ягоны досвед сведчыць, што на энтузіязме можна выцягнуць лакальны праект, а нацыянальны маштаб вымагае іншых варункаў-стасункаў.

Заўважце, што нашы суразмоўцы гавораць, па сутнасці, пра адно і тое ж, але па-рознаму бачаць сітуацыю ў Міры і сваю ролю ў мірскай перспектыве. І галоўнае — ніхто не хоча рызыкаваць грашыма. Аднаго палохае сезоннасць турыстычных паслуг, другога не задавальняе недастатковая крэдытаздольнасць магчымай кліентуры, ёсць прычыны не спяшацца адкаркоўваць маргалейку у трэцяга… Не натхняе патэнцыйных інвестараў і адсутнасць актыўнага піяру з боку мясцовай ўлады. Бо што б ні казалі пра вечныя каштоўнасці, да якіх належыць і мірская перліна з яе прыродным наваколлем, але менавіта рэклама — рухавік гандлю ды магніт інвестыцый. Відаць, у раёне, традыцыйна сельскагаспадарчым, не ўсе ўсведамляюць, якім прыбытковым можа быць для Карэліччыны турызм.

Спрабуючы акрэсліць толькі некаторыя аспекты гэтага "замкнёнага кола" праблем вакол нацыянальнага помніка са статуснага спіса UNESCO, вярнуся да сентэнцыі, што прагучала ў пачатку артыкула: аднойчы распачатая раскрутка брэнда не павінна спыняцца. І параметры дапамогі ў гэтай справе — далібог, неабсяжныя. У бліжэйшы час прапановы Гродзенскага аблвыканкама па развіцці турызму ў Міры будуць разгледжаны Саветам Міністраў, які і даручыў іх распрацаваць. Хочацца спадзявацца, што гэта — першы крок да стварэння мэтавай рэспубліканскай праграмы па пераўтварэнні мястэчка Мір у буйны турыстычны цэнтр. Так, менавіта рэспубліканскай, бо вывесці Мір у вялікі свет можна толькі ўсім мірам. А ў перспектыве гэты досвед можна будзе перанесці і на іншыя помнікі гісторыі ды культуры Беларусі. Будзем і надалей трымаць нашых чытачоў у курсе справы.

Ідэі для брэнда

Нагадаем, якія прапановы былі агучаны ў нашых артыкулах, прысвечаных развіццю арэала Мірскага замка.

Калі нейкі раён не мае дастаткова сродкаў, каб выцягнуць свой культурны брэнд (скажам, музычны фестываль) на прыбытковы ўзровень, чаму б не наладзіць кааперацыю з суседзямі? Можна перадаць ім частку арганізацыйных функцый, скаардынаваць для гэтага бюджэты, а як прыйдзе час — падзяліць прыбытак у залежнасці ад прыкладзеных намаганняў.

Ад Карэліч аўтобусныя маршруты скіраваны на Гродна — праз Навагрудак і Ліду — і на Нясвіж праз Мір. Ад Навагрудка ёсць адгалінаванне на Любчу, ад Міра — на Стоўбцы, ад Нясвіжа — на Слуцк. Калі б на гэтую схему накласці адпаведную інфраструктуру ў выглядзе вялікіх і малых гатэляў, крамаў з элементамі нацыянальнай экзотыкі, аграсядзіб, забаўляльных комплексаў, дык атрымалася б турыстычнае кольца, абмінуць якое проста немагчыма. Што, можа, надзвычай важнае ў дадзенай сітуацыі — Карэлічы знаходзяцца ў самым цэнтры гэтай прасторы. Зручнае месца: адсюль да ўсяго блізка.

Цікава, а як у Міры бавілі час узімку Радзівілы? Ездзілі на санях па наваколлі? Палявалі? А можа, вандравалі па тых самых, актуальных сёння, "залатых кольцах", наведваючы Нясвіж, Навагрудак, Гродна? Уводзіны ў цяпершчыну мінулага — падстава ўбачыць будучыню. Хто не дае, скажам, у нашы дні для зімовых прагулак "з ветрыкам" коней у сані ўпрэгчы? Чаму б не распачаць праект "Залатое кольца": Нясвіж, Мір, Навагрудак"?

Аднойчы распачатая раскрутка брэнда ніколі не спыняецца. А патрабуе яна нестандартнага мыслення, арыгінальных ідэй ды крэатыўных дзеянняў. Прычым не раз ад разу, а — штодня. Намаганняў адно толькі работнікаў культуры тут недастаткова. Патрэбна і ўвага да інвестара, у тым ліку на раённым узроўні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"