Музычная плошча якасці

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі атрымала сертыфікат якасці адукацыйных паслуг і падрыхтоўкі кадраў — і праекты новага вучэбнага корпуса.

Супадзенне ў часе гэтых дзвюх урачыстых падзей успрымаецца сімвалічна: ВНУ расце — ва ўсіх сэнсах слова. Сертыфікат адпаведнасці Нацыянальнай сістэмы пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь уручыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Валерый Гурэвіч, які прыехаў для гэтага на пасяджэнне вучонага савета БДАМ. Атрыманне такога сертыфіката для творчай ВНУ — практыка незвычайная. Але гэта сведчыць пра найвысокія паказчыкі ў сферы адукацыі, навукі, міжнароднай і выхаваўчай дзейнасці.

Лагічным працягам "росту якасці" стала і "нарошчванне плошчы".

— Сёння ў нашай навучальнай установе, — падзялілася сваім клопатам рэктар БДАМ, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава, — папросту катастрафічная сітуацыя: не хапае класаў для заняткаў, месца для захоўвання бібліятэчных фондаў, рэпетыцыйнай базы для той жа опернай студыі (у нашых суседзяў студыя звычайна займае асобны будынак). Рамонт, запланаваны на наступны год, не вырашыць усіх праблем. Таму захады па далейшым развіцці ВНУ лічу неабходнымі…

Праводзячы відэапрэзентацыю магчымага пашырэння навучальных плошчаў БДАМ, доктар архітэктуры Армэн Сардараў сціпла назваў зробленае ім "канцэпцыяй развіцця". Па яго словах, пры падрыхтоўцы ўласна архітэктурнага праекта будуць яшчэ больш уважліва ўлічвацца пажаданні факультэтаў і кафедраў. Новы будынак размесціцца ва ўнутраным двары цяперашняга галоўнага корпуса, што побач з гатэлем "Еўропа". І каб не разбурыць складзены там архітэктурны комплекс, чатырохпавярховае збудаванне будзе "расці ўніз": сталовую, да прыкладу, прапанавана змясціць у цокалі…

Н.Б.