На прадстаўнічым міжнародным фэсце сабраліся калектывы з васьмі краін: беларускія духоўныя і свецкія хоры, госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Сербіі, Румыніі і Францыі — усяго звыш 40.
Пад час "Каложскага дабравесту" ў абласным цэнтры адкрылася выстаўка з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, прайшлі вечары духоўнай паэзіі і аўтарскай песні, кіналекторыі, выстаўка мастацкіх твораў на рэлігійную тэматыку ў Гродзенскай выставачнай зале.
Акрамя таго, у рамках фэсту жыхары і госці горада змаглі ўбачыць шэраг адметных канцэртных праграм. Так, пазаўчора, 28 лютага, адбылося выступленне хору студэнтаў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага, а ўчора, 1 сакавіка — канцэрты Архірэйскага хору Свята-Аляксандра-Неўскага кафедральнага сабора з Парыжа і хору пеўчых стараверскіх прыходаў Сібіры.
Пераможцы фестывалю будуць уганараваны сёння, 2 сакавіка, у Гродзенскім абласным драматычным тэатры, дзе адбудзецца цырымонія закрыцця гэтага прадстаўнічага міжнароднага форуму.
Ю.Ч.