Даверныя лісты — UNESCO

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

25 лютага Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры UNESCO Павел Латушка ўручыў даверныя лісты Генеральнаму дырэктару арганізацыі Ірыне Бокавай. Афіцыйная цырымонія ўручэння прайшла ў Штаб-кватэры UNESCO ў Парыжы.

Пасля цырымоніі адбылася размова паміж Паўлам Латушкам і Ірынай Бокавай, у якой была падкрэслена вядучая роля UNESCO ў развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў сферах культуры, адукацыі і навукі. Генеральны дырэктар дала высокую ацэнку ўкладу Беларусі ў дзейнасць гэтай міжнароднай арганізацыі.

У сваю чаргу, Пастаянны прадстаўнік Беларусі падкрэсліў актыўнае ўзаемадзеянне нашай краіны і UNESCO ў справе рэалізацыі сумесных праектаў. Так, у 2012 годзе ў Беларусі было рэалізавана 40 праектаў пад эгідай альбо з удзелам міжнароднай арганізацыі. Таксама станоўча адзначана актыўная праца Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO.

Павел Латушка пацвердзіў гатоўнасць ў якасці Пастаяннага прадстаўніка працягваць працу, скіраваную на далейшае развіццё супрацоўніцтва Беларусі з UNESCO. Ён адзначыў, што Беларусь і беларуская культура з’яўляюцца часткай агульнаеўрапейскай культурнай спадчыны і робяць свой унёсак у сусветную культуру.

Пастаянны прадстаўнік нашай краіны звярнуўся да Генеральнага дырэктара з просьбай падтрымаць прапанову Беларусі аб уключэнні ў каляндар памятных дат UNESCO на 2014 — 2015 гады 250-годдзе з дня нараджэння Міхала Клеафаса Агінскага і 200-годдзе з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча.

Ірына Бокава ў адказ адзначыла, што рашэнне па ўключэнні памятных дат будзе прымацца на Генеральнай канферэнцыі UNESCO ў лістападзе бягучага года, але, са свайго боку, выказала падтрымку дадзеным прапановам. Таксама Генеральны дырэктар арганізацыі адзначыла гатоўнасць падтрымліваць ініцыятывы Беларусі ў сферы культуры.

У якасці памятнага падарунка Ірыне Бокавай была ўручана паэма Якуба Коласа "Новая зямля" з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, выдадзеная Беларускім фондам культуры, і арыгінал адной з ілюстрацый — "Буслы".