"Падарожная" да аднаго лёсу

№ 4 (1078) 26.01.2013 - 02.02.2013 г

Мікалай Шчакаціхін: "Я паспеў зрабіць штосьці для навукі..."

…Але ўсе гэтыя лекцыі пра рускіх дзеячаў культуры хутка адышлі на другі план, бо Шчакаціхін вельмі сур’ёзна захапіўся гісторыяй беларускага мастацтва. Летам 1923-га ён распрацаваў курс па гісторыі і тэорыі беларускага мастацтва. У кастрычніку таго ж года абараніў даследаванне пад назвай “Ілюстрацыі Даніэля Хадавецкага да “Буры” Шэкспіра. Цяжка сказаць, чаму ён абраў для сваёй працы гэтую тэму. Можа, Хадавецкі яго натхніў, таксама, як паэта Сярэбранага веку Міхаіла Кузьміна? Памятаеце:

Наверно, нежный Ходовецкий

Гравировал мои мечты,

И сельский дом, немного детский,

И барбарисные кусты…

Даніэль Хадавецкі — нямецкі гравёр, рысавальшчык і жывапісец ХVIII ст., па паходжанні паляк. Скончыў Берлінскую акадэмію мастацтваў. Напрыканцы жыцця яе ўзначальваў. Вядомыя ягоныя ілюстрацыі да кніг Гётэ, Русо, Шылера, Шекспіра, Сервантэса, Лесінга, Вальтэра, Рычардсона, шыкоўныя гравюры “Развітанне Каласа з яго сямействам”, “Вільгельм Тэль”, “Жыццё Бункеля”, а таксама мініяцюрныя партрэты. Дарэчы, у Эрмітажы калісьці я бачыў яго цікавы афорт “Вялікі ламберны стол” (такі складны стол з зялёным сукном для картачнай гульні ў ламбер).

/i/content/pi/cult/410/8488/15-2.jpeg

Вось пра гэтага мастака і расказаў Шчакаціхін, за што атрымаў рэкамендацыі на права самастойнага выкладання ва ўніверсітэце, а ў пачатку 1923 г. упершыню прачытаў курс па беларускім мастацтве. Больш за тое: за кароткі тэрмін ён падрыхтаваў рукапіс першага тома “Нарысаў з гісторыі беларускага мастацтва” (рукапіс кудысьці знік), а ў кастрычніку 1924-га стаў дацэнтам і… бацькам свайго першынца Валодзі (другі сын, Саша, нарадзіўся восенню 1926 г., а дачка Алена — летам 1929-га, за год да першага арышту вучонага).

Самае цікавае: Шчакаціхін так хутка вывучыў у дасканаласці беларускую мову, што ўжо на пачатку 1925-га чытаў свае лекцыі на ёй! Тады ж яго прызначылі на пасаду навуковага сакратара Секцыі беларускага мастацтва, потым — старшынёй Камісіі гісторыі мастацтваў пры Інстытуце беларускай культуры, які праз чатыры гады быў рэарганізаваны ў Беларускую акадэмію навук. Акрамя ўласна навуковай працы, Шчакаціхін актыўна садзейнічаў падрыхтоўцы і правядзенню Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі 1925 года, праводзіў экспедыцыі па даследаванні і вывучэнні старажытных помнікаў Беларусі, займаўся бібліятэчнай і архіўнай працай у Мінску, Маскве і Ленінградзе, друкаваўся ў газетах “Звязда”, “Савецкая Беларусь”, “Чырвоная Беларусь”, у часопісах “Трыбуна мастацтва”, “Наш край”, “Полымя”, у “Гістарычна-археалагічным зборніку” Інбелкульта і г. д. Пісаў пра фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра, пра сярэднявечнага магілёўскага гравёра Васіля Вашчанку, жывапісца Міхася Філіповіча і мастака XVIII ст. Рыгора Мядзвецкага, пра старажытную беларускую архітэктуру ды сучаснае айчыннае мастацтва 1920-х гадоў.

Шчакаціхін першым у савецкай Беларусі звярнуўся да спадчыны Францыска Скарыны: аналітычныя артыкулы “Дрэварыты і арнамент у выданнях Скарыны”, “Калі нарадзіўся Францішак Скарына”, “Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францішка Скарыны”, “Да пытання аб храналогіі “Малой падарожнай кніжыцы” Скарыны”. А яшчэ займаўся фалерыстыкай (калекцыянаванне памятных медалёў), сфрагістыкай (гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пячаткі ды іх адбіткі на розных матэрыялах), нумізматыкай, тапаграфіяй манетных знаходак, цікавіўся філатэліяй і быў членам Беларускага аддзялення Усерасійскага таварыства філатэлістаў. У аўтабіяграфіі, напісанай 12 жніўня 1939 г. на допыце пад час следства па справе так званага Саюза вызвалення Беларусі, ён казаў: “…Займаўся сфрагістыкай і нумізматыкай; апошнім часам па даручэнні кафедры археалогіі займаўся абагульненнем матэрыялаў па вывучэнні манетных знаходак…”

/i/content/pi/cult/410/8488/15-1.jpeg

Незадоўга да смерці ў лісце ад 2 лютага 1939-га Шчакаціхін пісаў з башкірскай ссылкі ў Мінск свайму сябру, акадэміку Уладзіміру Пічэту: “…Яшчэ напрыканцы майго знаходжання ў Мінску, калі памятаеце, стаў назірацца пэўны пералом у маіх навуковых зацікаўленнях. Пазней ён акресліўся канчаткова: я зусім адышоў ад гісторыі мастацтваў і стаў працаваць выключна ў галіне дапаможных дысцыплін. У гэтай галіне я і займаўся, калі жыў у Белябеі. Я напісаў і падрыхтаваў да друку дзве працы, а менавіта: 1) вадзяныя знакі Літоўскай Метрыкі (7 друкаваных аркушаў тэксту і 38 табліц з малюнкамі), 2) клады з літоўскімі манетамі як матэрыял для гісторыі літоўскай нумізматыкі і грашовага абарачэння да канца XVII ст. (каля 10 друкаваных аркушаў)…”

Сваю працу па нумізматыцы ссыльны Шчакаціхін выслаў на рэцэнзію ў ленінградскі Эрмітаж і прасіў зберагчы рукапіс. Вучоныя-нумізматы А.Ільін і Н.Баўэр далі вельмі высокі станоўчы водгук. Але справа на тым і скончылася: рукапіс Шчакаціхіна так і не быў надрукаваны. Такі ж лёс напаткаў і яшчэ адну працу вучонага — “Нарысы гісторыі літоўскай манеты XVI — XVII стагоддзяў”. Мікалай Мікалаевіч пісаў Пічэту, што вывучэнне літоўскай манеты заслугоўвае асобнай кнігі, а такой кнігі няма. Тое ж, што напісана польскімі нумізматамі, — зроблена тэндэнцыйна. І далей: “…На сёння (2 лютага 1939 г. — Б.К.) я закончыў першую частку працы — да Люблінскай уніі. Патроху працую над другой. Але гэтую працу, пакуль яшчэ не закончаную, я нікуды не спрабаваў уладкаваць… Такія сумныя мае навуковыя справы…”

Дзе зараз гэты рукапіс — невядома… Яшчэ да арышту Шчакаціхін у Мінску падрыхтаваў да друку некалькі артыкулаў пад назвай “Агляд манетных знаходак Беларусі за 1926 — 1928 гг.” і “Апісанне манетных знаходак на тэрыторыі Мінска”, але, зноў-такі, дзе яны — таксама невядома. Зніклі і іншыя рукапісы, прысвечаныя Гродзенскаму феадальнаму і гарадскому будаўніцтву XVI ст., навуковай тэрміналогіі па гісторыі, тэорыі і тэхніцы выяўленчага мастацтва, развіцці народнага мастацтва пад уздзеяннем рэвалюцыі, ахове помнікоў мастацтва і старажытнасці Беларусі, і г. д.

Акрамя ўсяго іншага, велізарнай заслугай Шчакаціхіна было тое, што ён быў першым даследчыкам археалогіі і гісторыі старажытнай архітэктуры Беларусі. Вышэй я ўжо трошкі казаў пра віцебскую Дабравешчанскую царкву. А між тым, ён вывучаў і іншыя гістарычныя ды культурныя помнікі нашай краіны: зрабіў абмеры надземных частак полацкай Сафіі і прапанаваў план яе рэканструкцыі; даследаваў рэшткі храмаў славутага Бельчыцкага манастыра — былой рэзідэнцыі полацкіх князёў — і фрэскі Барысаглебскай ды Пятніцкай цэркваў; падрабязна апісаў унікальную будаўнічую тэхніку Каложскай царквы ў Гродне. Ён даказаў, што яшчэ ў XII ст. беларуская архітэктура, якая апынулася пад візантыйскім і заходнееўрапейскім уплывам, па-свойму перапрацоўвала замежныя формы і на аснове мясцовых асаблівасцей знайшла свой своеасаблівы мастацкі стыль.

Словам, шчырая, апантаная дзейнасць Шчакаціхіна, заснаваная на навуковым таленце, надзвычайнай энергіі, шырокай эрудыцыі і велізарных энцыклапедычных ведах на карысць беларускага адраджэння, была вельмі разнастайная. Ён па-сапраўднаму ацаніў каштоўнасць беларускіх старажытнасцей, адзначаў вялікі ўплыў беларускага мастацтва на мастацкую культуру Маскоўскай Русі і як чалавек, што ведаў шмат замежных моў, змог правесці трапныя паралелі паміж рознымі нацыянальнымі культурамі, заглыбіцца ў іх карані.

/i/content/pi/cult/410/8488/15-3.jpeg

А якім ён быў чалавекам дома, у побыце, сярод сяброў? Ганна Мацвееўна Шчакаціхіна ўспамінае: “…Быў М.М. эстэтам у навуцы і жыцці. Любіў прыгожыя рэчы і абсталёўваў імі свой кабінет. Збіраў карціны, манеты, адбіткі пячатак на паперы, старадаўнія гербы на камянях… Па-дзіцячаму радаваўся, калі знаёмыя прыходзілі паглядзець яго калекцыі і называлі кабінет “музеем у мініяцюры”. Пунктуальны і педантычна акуратны, М.М. быў строгі, сур’ёзны і, разам з тым, жыццярадасны, таварыскі, дасціпны, любіў танцаваць, асабліва мазурку, цаніў сур’ёзную музыку і спяваў рускія, беларускія народныя песні, акампануючы сам сабе на цытры, крыху маляваў ды пісаў вершы, добра фатаграфаваў. Заўсёды элегантна апрануты, ён выклікаў да сябе прыхільнасць людзей. Росту быў вышэй сярэдняга, хударлявы, вочы вялікія, шэрыя, насіў акуляры, валасы каштанавыя, хадзіў з кійком. З многімі М.М. сябраваў, з некаторымі сходзіўся асабліва блізка, як з прафесарамі Нікольскім і Міхайлоўскім, хірургам Трамповічам і інш. Да нас на кватэру (а жылі мы ў доме прафесуры на рагу вуліц Валадарскага і Кірава) прыходзілі супрацоўнікі М.М., студэнты. Частымі гасцямі былі мастакі Тычына, Волкаў, Бразер, Крыгер (памылка: маецца на ўвазе мастак Я.Кругер. — Б.К.), Станюта і многія іншыя. Сяброўскія адносіны звязвалі М.М. з калектывам Віцебскага мастацкага тэхнікума… Уся атмасфера нашага жыцця была насычана яго нястомнай навуковай працай, яго тонкім густам, любоўю да прыгожага і нашымі нязменнымі душэўнымі пачуццямі…”.

Асабліва хачу падкрэсліць, што яго, рускага чалавека, прафесійна і эмацыйна цікавіла ўсё, што лічылася менавіта нацыянальнай беларускай культурай, і ў гэтым ён быў асобай сапраўды ўнікальнай. Як пісала Ганна Мацвееўна, Шчакаціхін “…палюбіў беларускую мову так, як любіў Беларусь, дзе расквітнела яго дараванне вучонага-даследчыка. Да канца сваіх дзён ён адчуваў у душы сябе беларусам. Спадзяваўся вельмі шмат зрабіць для Беларусі, якая стала яму роднай… Штогод выязджаў у навуковыя камандзіроўкі, у архівах вывучаў культуру старажытнай Беларусі, побыт і характар беларускага народа…”. У нейкім сэнсе я магу параўнаць Шчакаціхіна з іншым ураджэнцам Расіі — Уладзімірам Мулявіным, які ў душы лічыў сябе таксама беларусам. Урэшце, ёсць і іншыя прыклады такога роду: Валянціна Гаявая, Валянцін Елізар’еў, Уладзімір Гасцюхін, Расціслаў Янкоўскі, Аляксандр Кішчанка, Яўген Чамадураў ды яшчэ шмат імёнаў, якія назаўсёды застануцца ў гісторыі нацыянальнай беларускай культуры і мастацтва…

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"