“Свае ўспаміны напішу Вам у лісце…”

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Вялікі рукапіс мастака, які так поўна друкуецца ўпершыню

(Заканчэнне. Пачатак у №№6 — 7 за 2013 г.)

…Побытавая неўладкаванасць, цяжкае і гаротнае жыццё ў велізарным змрочным комплексе інтэрнатаў на Мясніцкай спараджалі сярод часткі студэнтаў дэкадэнцкі настрой, дзе так званая ясеніншчына адмыслова спалучалася з нэпманствам. Стракатая карціна была і ў метадах навучання, і ў праграмах, і сярод выкладчыкаў. Акрамя жывапісу ў нас выкладаліся як самастойныя дысцыпліны прастора, аб’ём і колер. І хаця пазней іх рэзка крытыкавалі, усё ж я перакананы, што яны выхоўвалі ў будучым мастаку густ да пластычнага і кампазіцыйнага мыслення.

Гэтыя прадметы выкладаў архітэктар Міхаіл Пятровіч Коржаў, дарэчы, бацька будучага знакамітага жывапісца “сурового стиля” Гелія Коржава. Колер і тэорыю колераадчування, паводле вядомага вучэння Германа Гельмгольца, вёў прафесар Фёдараў. Было мноства і тэарэтычных дысцыплін. Лекцыі па хіміі чытаў прафесар Аляксей Яўграфавіч Фаворскі — ён меў аднолькавае прозвішча са знакамітым графікам. Начартальную геаметрыю і перспектыву выкладаў прафесар Чэчэлеў. Гісторыю мастацтва — прафесар Аляксандр Георгіевіч Габрычэўскі, які дакладна адчуваў усе “таямніцы” жывапісу, асабліва эпохі Адраджэння, і прафесар Дзмітрый Мікалаевіч Сараб’янаў. Цудоўны графік і ілюстратар Уладзімір Андрэевіч Фаворскі чытаў нам лекцыі па кампазіцыі. У розныя перыяды малюнак выкладалі Леў Бруні, Канстанцін Істомін і Сяргей Герасімаў. Той самы бліскучы Герасімаў, перад якім пазней так схіляўся яго вучань — наш паважаны Віталь Цвірка. Ды я і сам схіляюся перад бліскучым талентам Сяргея Васільевіча…

/i/content/pi/cult/415/8487/2-2.jpeg

Карацей, складана ўявіць сабе лепшае суквецце педагогаў, чым тое, якое было сабрана ў нас, на Мясніцкай. Самым цяжкім стаў для мяне першы курс; апрача напружанай вучобы я цярпеў і немалыя матэрыяльныя ліхтугі. На другім курсе пайшоў у майстэрню цудоўнага мастака і педагога, латыша Аляксандра Давыдавіча Дрэвіна, які, на вялікі жаль, быў расстраляны ў 1938 годзе як “вораг народа”, пра што я даведаўся не так даўно. Дык вось, Дрэвін звычайна прыходзіў напрыканцы заняткаў, рабіў абход, даючы дасціпныя і слушныя заўвагі. Не выносіў усялякага кшталту крыўляння ў жывапісе і прэтэнзій на “нешта”. Адначасова ён мог беспамылкова “ўбачыць” малады талент і падтрымаць яго. Тады сярод студэнтаў асабліва цанілася здольнасць “бачыць колер”. Калі камусьці гэта не ўдавалася, ён пераходзіў, скажам, на графічны факультэт. Гэтаму “бачнаму колеру” надавалася асаблівае значэнне.

Вельмі даўно я прачытаў тоўстую кніжку Акіма Валынскага “Леанарда да Вінчы” выдання 1900 года, адна з цытат з якой, пра Джаконду, узгадалася мне ў ВХУТЕМАСе і не забылася дасюль. Гучыць яна прыкладна так: “А магчыма, Леанарда цікавіла не таямнічая ўсмешка загадкавай жанчыны, а проста спалучэнне зялёных і блакітных тонаў?”. Гэта — “па-вхутэмасаўску”! Усмешкай Джаконды мы зусім не цікавіліся, бо інстытут наш трымаўся на “спалучэннях” — толькі не “тонаў”, а “колераў”. Тоны ў старых майстроў — колеры ў нас. І зараз я не буду пісаць карціну, калі колеравыя рашэнні мне не цікавыя.

Хто яшчэ выкладаў у нас? Роберт Фальк, Давід Штэрэнберг і — з аднолькавым са мной прозвішчам — Аляксандр Шаўчэнка. Дарэчы, у мяне часта пыталіся: ці не сваяк ён мне? Не, адказваў я, Аляксандр Васільевіч — харкаўчанін, я ж — беларус з Гомельшчыны; ён — з сям’і прыказчыка, я — сялянскі сын. Сам я моцна сябраваў з маімі аднагодкамі-равеснікамі Расціславам Барто і Васем Пачыталавым. Дзякаваць богу, яны і зараз жывуць ды працуюць у Маскве (Р.Барто памёр у 1974 годзе, В.Пачыталаў — у 1973-м. — Б.К.). Як усе вхутэмасаўцы, я насіў кашулі з адкрытым каўняром і закасанымі рукавамі. У гэтым сэнсе Пачыталаў быў экстравагантны: прамыя доўгія рудыя валасы, зачасаныя на прамы прабор, куртка накшталт талстоўкі і вельмі шырокія зверху і вузкія ўнізе штаны. У дадатак да ўсяго — вялізны бант!

Некалькі месяцаў я наведваў майстэрню Аляксандра Шаўчэнкі. У адрозненне ад іншых, пастаноўкі ў яго мелі прадметна-сюжэтны характар. Я памятаю пастаноўку, дзе стол з абрусам, самавар, чайнік, хлеб, цукар, кубкі рабілі ўражанне нейкай вялізнай чайной. Хадзіў я і ў майстэрню Дзмітрыя Кардоўскага. Сам ён запомніўся як вельмі прыгожы чалавек: арліны нос, кучаравая барада, вогненныя выразныя вочы. Капялюш, штаны-галіфэ, цірольскія панчохі і цяжкія чаравікі дапаўнялі элегантны вобраз. А якія легенды існавалі пра Давіда Штэрэнберга, які выкладаў у суседняй майстэрні! Распавядалі, што ён напісаў свайго знакамітага аднаасобніка, распластаўшы мадэль на палатне і старанна абмаляваўшы вугалем яе сілуэт.

/i/content/pi/cult/415/8487/2-1.jpeg

Аднойчы прыехалі госці: Маякоўскі, Осіп Брык, малады паэт Сямён Кірсанаў і таксама малады мастацтвазнаўца Фёдараў-Давыдаў. Сход быў шумным, Маякоўскага віталі з захапленнем. Зняўшы пінжак, ён павесіў яго на спінку крэсла. Стрыжаны нагала, паэт быў у белай кашулі і пры гальштуку. Ён і Кірсанаў чыталі вершы. Потым нас пачалі папракаць адсталасцю. Асабліва Осіп Брык. Ён казаў, што хутка “магутныя пражэктары будуць на гарадскім начным небе замацоўваць каляровыя феерыі”; што мы, студэнты, нібыта авангардысты, але “чапляемся за свінячыя пэндзлікі”, заклікаў да “вытворчага” мастацтва, захапляўся сучаснымі формамі аэрапланаў і аўтамабіляў Форда. А Фёдараў-Давыдаў наогул казаў, што мастаку-станкавісту няма месца ў нашым грамадстве. Усё гэта бянтэжыла нашы галовы. Мы вельмі хацелі быць перадавымі, але яшчэ больш хацелі пісаць “свінячымі пэндзлікамі”. Потым слова ўзяў Давід Пятровіч Штэрэнберг. Сэнс ягонай цудоўнай прамовы: не звяртайце ні на што ўвагі, гэта толькі вечар успамінаў, і зусім не істотна, ці будуць пасля пражэктары альбо ўсе мы станем маляваць “свінячымі пэндзлікамі”. Можна, казаў ён, маляваць і цвіком, галоўнае — што сказаць і як сказаць. Апладысменты былі бурныя. Надышлі новыя часы: троху пазней Маякоўскі амнісціраваў Рэмбранта. Аднойчы да нас прыехаў знакаміты мексіканскі мастак Дыега Рывера. На сустрэчы са студэнтамі ВХУТЕМАСа ён прачытаў нам па-французску лекцыю пра сучасны жывапіс. Перакладаў Штэрэнберг. У перапынку мы былі так узбуджаны пачутым, што ледзь-ледзь не пабіліся, ацэньваючы тыя або іншыя з’явы мастацтва.

Я пайшоў у майстэрню Штэрэнберга. Першая мая работа там — партрэт бялявай Стасі. Яе, аднак, пісалі ўсе. На сценах майстэрні — рэпрадукцыі Дам’е і Цінтарэта. Памятаю маіх таварышаў: Капланскага, нязграбнага, у кепцы, з неахайна завязаным гальштукам; Сяргея Бушынскага, родам з Вінніцы, прыгожага, хворага, вельмі сур’ёзнага чалавека. Памятаю графіка Лёню Зусмана. Ён прыехаў з Ленінграда, разняволены, вясёлы, выглядаў піцерскім “братком”, добра чытаў вершы Маякоўскага і Франсуа Віёна. У пэўным сэнсе ён быў маім зямляком: з горада Гродна. А як можна забыць вельмі таленавітую і прыгожую Таю Лебедзеву з рэнуараўскай грыўкай, якая пісала “пад Дзюфі і Маціса”; вясёлага і вынаходлівага Мішу Гурэвіча са Смаленска, які цудоўна танцаваў!.. Пасля вайны я даведаўся, што малодшы лейтэнант Гурэвіч, камандзір узвода “саракапятак”, па-геройску загінуў у 1943-м у баі на Смаленшчыне і яму было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. Сябраваў з Ванем Іваноўскім, Косцем Дорахавым, бакінцам Алікперам Рзакуліевым, які стаў пазней выдатным азербайджанскім графікам. Памятаю, як Дыега Рывера, пабачыўшы жывапісны твор Рзакуліева ў ВХУТЕМАСе, сказаў: “Вы на правільным шляху. Так і працягвайце працаваць”.

Карацей, карціна была стракатая, але цікавая. Калі падумаеш, колькі было тады адораных маладых людзей, якіх цяпер так мала засталося, міжволі з’яўляецца сумная думка пра той жорсткі адбор, што робіць час. А як віравала ў той перыяд мастацкае жыццё! Тады ў Маскве існавала шмат мастацкіх таварыстваў ды груповак, пачынаючы ад “Быцця”, “ОСТа”, “Макаўца” і заканчваючы “АХРР” і “ОМАХРР”. Бадай, самая вялікая выстаўка, прысвечаная 10-годдзю РККА, адбылася ў 1928 г. у залах тады яшчэ недабудаванага Галоўпаштамта. Асабліва мне запомніліся палотны Паўла Кузняцова, Васіля Якаўлева, а таксама “Смерць камісара” Кузьмы Пятрова-Водкіна і “Людзі ў рагожах” Паўла Радзімава.

Увогуле, мы не прапускалі ніводнай выстаўкі — ні “правай”, ні “левай”. У той час прыхаваная барацьба кірункаў і груповак у мастацтве ўжо набірала моц, але пакуль яшчэ мірна суіснавалі такія супрацьлегласці, як, напрыклад, Давід Штэрэнберг і Дзмітрый Кардоўскі. Безумоўна, самай уплывовай і шматлікай арганізацыяй была Асацыяцыя мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (АХРР) і арганізацыя моладзі, якая існавала пры ёй, — ОМАХРР. Многія з нас, вхутэмасаўцаў, уваходзілі ў яе склад, наведвалі яе студыю на Валхонцы, дзе пастаянна экспанаваліся невялікія выстаўкі, у тым ліку і нашы, студэнцкія. Ну і, натуральна, наведвалі музеі, асабліва — Музей новага заходняга мастацтва (з прыватных збораў братоў Шчукіных і І.Марозава), адкрыты ў 1928 годзе, і Музей іканапісу і жывапісу імя І.С. Астравухава. У гэтых музеях мы праводзілі практычна ўвесь вольны час.

Лета 1928-га я правёў у вёсцы Захаркава Краснагорскага раёна, каля падмаскоўнага пасёлка Архангельскі, дзе пісаў пейзажы, партрэты, невялічкія карціны і эцюды. У гэтыя часы я сябраваў з Мечыславам Васільевічам Дабракоўскім, які быў трошкі старэйшы за мяне. Выхадзец з беларускага мястэчка Відзы, што пад Браславам, ён прайшоў вельмі складаны шлях жыцця, служыў на Балтфлоце, сябраваў з В.Хлебнікавым. Вучыўся спачатку ў ВХУТЕМАСе (калі я жыў яшчэ ў Гомелі), потым, разам са мной, — у Ленінградскім інстытуце пралетарскага мастацтва, хаця пазнаёміліся мы раней, яшчэ ў Маскве. Ён быў таленавітым графікам, плакатыстам, ілюстратарам, жывапісцам і зрабіў на мяне нейкі ўплыў, заклікаючы да вялікай “інтэнсіфікацыі” выказвання. З гэтым я набыў і нейкі густ да гратэску.

Што потым здарылася з маім сябрам — не ведаю. Дзесьці чуў, што ён быў рэпрэсіраваны. (А.М. Шаўчэнка пры жыцці так і не даведаўся, што ў студзені 1938 года мастака расстралялі на Бутаўскім палігоне па абвінавачанні ў так званым шпіянажы на карысць шпіёнска-тэрарыстычнай польскай арганізацыі. На гэтым жа падмаскоўным палігоне былі расстраляны Раман Семашкевіч і Аляксандр Дрэвін. Дабракоўскі быў рэабілітаваны пасмяротна ў кастрычніку 1957-га. — Б.К.)

…Мінуў яшчэ адзін год. На пачатку 30-га разам з Дабракоўскім я ўступіў у ОСТ (Таварыства мастакоў-станкавістаў). Мы былі на парозе новага мастацтва. ВХУТЕМАС-ВХУТЕИН ішоў да свайго фіналу. Кажуць, што яго праграма была адарваная ад жыцця, занадта абстрагаваная. Тым не менш, у гэтай школе панаваў дух творчай бескарыслівасці і спаборніцтва, клопаты пра цэласнае вырашэнне жывапіснага палатна, пра форму, якая адна робіць акаляючы свет каштоўным.

І вось скончыліся гады навучання. Наперадзе быў цяжкі і доўгі шлях з тупікамі ды ростанямі, доўгія гады пошукаў і знаходак, памылак ды ўзлётаў. І ўсё ж ВХУТЕМАС назаўжды застаўся для мяне тым компасам, які дапамог мне знайсці свой уласны шлях. Ніколі не забудуся на маіх цудоўных педагогаў ды сяброў і той няўлоўны водар незабыўнага часу, які падарыў мне лёс…

P.S. Акім Міхайлавіч не паспеў скончыць успаміны, дзе меўся распавесці пра сваю далейшую вучобу ў Ленінградскім інстытуце пралетарскага мастацтва (з 1932 года — Усерасійская акадэмія мастацтваў), пра вяртанне ў родныя мясціны, пра свае першыя буйныя поспехі ў мастацтве, калі ягоная карціна “Плытагоны” зрабіла сапраўдны фурор у тагачасным жывапісе “атакуючага сацрэалізму”. Ён хацеў расказаць мне пра тое, як ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай і як складана ішло станаўленне нашага мастацтва ў першыя пасляваенныя гады…

Не паспеў… Магчыма, у гэтым ёсць і мая віна: дробязная занятасць, штодзённая мітусня, творчая “цякучка” адсоўвалі нашыя сустрэчы ці то “на заўтра”, ці то “на наступную нядзелю”, ці то “на потым”. А “потым” ужо не надышло… Дасюль вельмі шкадую аб гэтым…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"