Што ў “Запавеце Максіма Беларуса”?

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага распачаўся цэлы цыкл разнастайных мерапрыемстваў, скіраваных на падрабязнае знаёмства з жыццём і творчасцю выдатнага пісьменніка.

Напярэдадні дня нараджэння творцы ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХІ Гарэцкія чытанні “Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць”. Сёлета ў традыцыйных Чытаннях узялі ўдзел некалькі дзясяткаў літаратуразнаўцаў і мовазнаўцаў, айчынных гісторыкаў. Таксама ў сценах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка “Запавет Максіма Беларуса” з уласных фондаў музея, а таксама збораў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Рэспубліканскага музея гісторыі медыцыны Беларусі. У выставачным праекце прадстаўлены цудам ацалелыя асабістыя рэчы творцы, у тым ліку ягоныя рукапісы. Яны ў чарговы раз прымушаюць задумацца над словамі пісьменніка: “Толькі таго прарока пашырыцца вера паміж народа, каторы быў прарокам як на слове, так і на справе”.

/i/content/pi/cult/415/8486/1-3.jpeg

Акрамя таго, да юбілею аднаго з пачынальнікаў сучаснай нацыянальнай прозы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася выстаўка “Браму скарбаў сваіх адчыняю…” Экспазіцыя падрыхтавана на аснове шматлікіх архіўных матэрыялаў і друкаваных дакументаў з фонду аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў. У рамках выстаўкі можна пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам выдатнага сына беларускага народа. Сярод экспанатаў — першыя спробы пяра, датаваныя 1912 годам, рукапіс “Камароўскай хронікі”, пераклад на рускую мову “Віленскіх камунараў”, розныя занатоўкі, накіды, незавершаныя творы, іншыя творчыя матэрыялы, а таксама фальклорныя запісы. Экспазіцыя ўключае дакументы да біяграфіі пісьменніка, фотаздымкі Максіма Гарэцкага і яго родных, выданні твораў пісьменніка...

Захоўваюцца ўнікальныя прыжыццёвыя выданні Максіма Гарэцкага, яго публікацыі ў перыядычным друку тых гадоў ды іншыя матэрыялы, якія звязаны з жыццём і творчасцю самабытнага і яркага мастака слова, і ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Да юбілею пісьменніка аддзелам старадрукаваных і рэдкіх выданняў падрыхтавана выстаўка “Максім Гарэцкі. Асоба і час”, якая дазваляе ўбачыць першы зборнік пісьменніка “Рунь”, што выйшаў у 1914 годзе, аповесць “Дзве душы”, “Гісторыю беларускай літаратуры”. Адметнае месца ў экспазіцыі займаюць пераклады Гарэцкага на беларускую мову твораў М.Горкага “Зброднік”, “Канавалаў”, А.Фадзеева “Разгром”, якія выйшлі на пачатку 30-х гадоў, а таксама ІІІ том Збору твораў У.Леніна, у якім Максім Гарэцкі пераклаў артыкулы і дадаткі.

Не менш цікавыя матэрыялы выстаўкі, звязаныя з роднымі і блізкімі пісьменніка. Да прыкладу, малавядома, што кнігу “Народныя песні з мелодыямі” пісьменнік выдаў з прысвячэннем сваёй маці Ефрасінні Міхайлаўне, ад якой запісаў шмат народных песень. Прадстаўлены выданні і Леанілы Чарняўскай, жонкі пісьменніка, якая не толькі рупліва працавала на ніве педагогікі, але і зрабіла значны ўнёсак у літаратуру.

Не абмінуў сваёй увагай юбілей Максіма Гарэцкага і Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У прыватнасці, у выставачнай зале дома Песняра днямі адкрылася выстаўка “Сябры майго далёкага юнацтва”,
у рамках якой прадстаўлены арыгіналы лістоў Якуба Коласа да Леанілы Чарняўскай, Гаўрылы Гарэцкага, каштоўны рукапіс успамінаў Галіны Максімаўны Гарэцкай пра бацьку, сямейныя фотаздымкі з дарчымі надпісамі…

К.А.