Гадзіннік на каміне, канапа, шахматны столік, пісьмовы стол, шафа з кнігамі, чыгунная пераносная печка і крэслы цудоўна дэманструюць побыт гаспадара замка. Несумненна, у падобным кабінеце князь мог адасобіцца і папрацаваць у цішыні. Як вядома, князь Міхаіл амаль дзевятнаццаць гадоў свайго жыцця прысвяціў дыпламатычнай кар’еры, пабываўшы на службе пры пасольствах у Мюнхене, Стакгольме, Пекіне, Канстанцінопалі, Лондане і Сафіі. Прыехаўшы ў Мір, менавіта ён вырашыў аднавіць старадаўні замак. Да сённяшняга дня захаваліся фотаздымкі інтэр’ераў замкавых пакояў пры Святаполк-Мірскіх. Асабліва вылучалася мэбля, якую выраблялі на месцы — у сталярнай майстэрні, што размяшчалася ў заходняй сцяне замка.
У 30-я гг. ХХ ст. загадчыкам мэблевай майстэрні стаў Іван Хмель, сталяр-чырванадрэўшчык вышэйшай катэгорыі. Крэслы, зробленыя ім, цяпер прадстаўлены ў экспазіцыйнай зале і з’яўляюцца аднымі з самых каштоўных прадметаў музея. Тое і не дзіва, бо яны былі зроблены для самога гаспадара замка .
Іван Хмель паходзіў з сям’і патомных сталяроў (ягоныя дзед і бацька служылі ў князёў Святаполк-Мірскіх). Цікава, што на адным з іхніх працоўных інструментаў быў зроблены надпіс “Гонар даражэй за грошы”, і ўсё жыццё яны прытрымліваліся гэтага дэвізу. Дзяцінства і юнацтва Івана прайшлі ў мястэчку Мір. Ён і яго брат Георгій рана засталіся без маці, і выхоўвала іх мачаха Еўдакія, якая працавала ў князя Міхаіла белашвачкай. Іван скончыў чатыры класы царкоўна-парафіяльнага вучылішча. З дзяцінства ён быў цікаўны да жыцця, імкнуўся спазнаць новае, цікавіўся астраноміяй. Ён пісаў вершы, добра маляваў, але, пасталеўшы, захапіўся сталярнай справай. Майстар змог акружыць сябе людзьмі, якія поруч з ім стваралі прадметы мэблі, што не саступалі фабрычным, наадварот — шмат у чым пераўзыходзілі іх. У кожную створаную работу яны ўкладвалі не толькі ўсё майстэрства, але і часцінку душы.
Мэбля, зробленая ў замкавай майстэрні, вылучалася разнастайнасцю. Гэта не толькі крэслы, але і картачныя столікі на львіных лапах, шахматныя сталы з высоўнымі скрыначкамі для фігур з боку ігракоў, шафы для кніг і вопраткі, ложкі. Захаваліся да нашых дзён і прадстаўленыя ў экспазіцыйнай зале крэслы, якія здзіўляюць прадуманасцю кожнай дэталі. Спінкі крэслаў, што нагадваюць перавернутыя вазы, забяспечвалі належную падтрымку спіны. Грацыёзна выгнутыя лініі падлакотнікаў рабілі крэслы надзвычай зручнымі для працы і адпачынку, а ратангавая сетка на сядзенні дазваляла князю падоўгу заседжвацца над кнігамі і дакументамі.
Відавочна, што крэслы, якія захаваліся ў музейнай калекцыі, дэманструюць узоры сапраўднага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — прыгожую і зручную мэблю, вартую асобнай увагі гасцей Мірскага замка.
Вольга НАВІЦКАЯ, загадчык сектара па навуковай рабоце музея “Замкавы комплекс “Мір”