Жураўлі на Палессе (пры)ляцяць?

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Барацьба за інвестыцыі: погляд грантадаўцаў

Частка 1

“К” неаднаразова пісала пра шматлікія праекты ў сферы рэгіянальнай культуры, якія былі ажыццёўлены ў нашай краіне пры дапамозе разнастайных праграм міжнароднага супрацоўніцтва. Паспрабуем раскрыць гэтую тэму больш шырока і практыкаарыентавана.

Сарамлівасць — не да месца

Натуральна, падобнае ўзаемадзеянне з міжнароднымі арганізацыямі дапамагае аддзелам культуры краіны прыцягваць дадатковыя — і, скажам шчыра, даволі значныя па сённяшнім часе — інвестыцыі для паляпшэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Прыкладам, як адзначыў на выніковай калегіі Міністэрства начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі, летась толькі ў гэтым рэгіёне былі адобраны праекты трансгранічнага супрацоўніцтва на агульную суму амаль у 600 тысяч еўра! Падобныя паспяховыя прыклады міжнароднага супрацоўніцтва ёсць і ў іншых абласцях, хаця, на жаль, сустракаюцца яны не так часта.

Між тым, неаднойчы пад час камандзіровак даводзілася чуць ад культработнікаў многіх раёнаў, што яны не ведаюць, як напісаць заяўку і падаваць неабходныя дакументы для атрымання гранта — карацей, як вырашыць арганізацыйныя пытанні. А яшчэ, што, мабыць, самае галоўнае, супрацоўнікі аддзелаў культуры часцяком… “саромеюцца” адпраўляць свае праекты для ўдзелу ў міжнародных конкурсах: маўляў, яны  — нецікавыя і не здолеюць прывабіць інвестара…

Для таго, каб падобныя меркаванні не перашкаджалі культработнікам у іх паспяховай праектнай дзейнасці, карэспандэнт “К” звязаўся з прадстаўніцтвамі ААН і ЕС на Беларусі і даведаўся, якія менавіта праекты цікавяць інвестараў, а таксама пра тое, наколькі складана падаць заяўку на атрыманне гранта ад названых арганізацый.

Дзе журавіны не растуць?

Спачатку — колькі слоў пра самі праекты. Так, адзін з яскравых прыкладаў, на маю думку, — той, які адбыўся ў верасні 2012 года ў Міёрах. Там мясцовыя ўлады пры падтрымцы праекта ЕС/ПРААН “Экапартнёрства” зладзілі першае экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”.

Так, менавіта жураўлі і журавіны сабралі гасцей, арганізатараў і, вядома, мясцовых жыхароў. На імправізаваных падворках удзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з мясцовымі традыцыямі ды фальклорам, пакаштаваць прысмакі з журавін... Чым не прыклад выкарыстання асаблівасцей свайго рэгіёна для правядзення цікавай ды адметнай акцыі? А чаму ж падобныя міжнародныя акцыі не ладзіць, прыкладам, на Палессі, у краі балот і журавін, прыцягваючы дадатковае фінансаванне да развіцця сферы культуры?

Як распавёў супрацоўнік прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі Уладзіслаў Хількевіч, значны вынік і ў праекта “ICRIN”, які быў рэалізаваны сумеснымі намаганнямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Дзіцячага фонду ААН, Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі і Праграмы развіцця ААН. Так, пасля завяршэння такога супрацоўніцтва ў постчарнобыльскіх раёнах Беларусі адкрыліся шэсць цэнтраў доступу да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Яны забяспечаныя сучасным камп’ютарным і прэзентацыйным абсталяваннем, цяпер працуюць на базе цэнтральных раённых бібліятэк Веткі, Ельска і Чэрыкава, сельскіх дамоў культуры пасёлка Ільіч і пасёлка Беліцк (Рагачоўшчына), а таксама мемарыяльнага музея ў пасёлку Ліцвінавічы, што на Кармяншчыне. Сярэдні кошт абсталявання аднаго цэнтра склаў каля 9 тысяч долараў.

У рамках праекта “ICRIN” быў таксама арганізаваны конкурс лакальных праектных ініцыятыў. З больш чым ста разгледжаных заявак членамі Кансультацыйнага камітэта былі адабраны дванаццаць лепшых праектаў, прафінансаваных у 2011 — 2012 гадах. Напрыклад, вынікам аднаго з іх сталася адкрыццё і абсталяванне выставачнай залы ў Рагачове. А напярэдадні аддзел культуры тамтэйшага райвыканкама пры падтрымцы таго ж міжнароднага праекта зладзіў конкурс на лепшы сувенір для айчынных і замежных турыстаў…

Як прывабіць спонсара?

Праектаў, словам, хапае. Але што ж трэба зрабіць дзеля таго, каб прэтэндаваць на спонсарскую падтрымку? Нехта з начальнікаў аддзелаў культуры раёнаў знаходзіць выйсце ў тым, што наўпрост кантактуе з кіраўніцтвам музеяў ці гарадоў-пабрацімаў з суседніх краін, нехта самастойна выходзіць на прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Беларусі… Шляхі тут могуць быць розныя, але галоўнае — ініцыятыва, якая павінна зыходзіць менавіта ад культработнікаў. Бо спадзявацца на тое, што ў СДК якой-небудзь вёскі ці нават у РДК райцэнтра завітае багаты спонсар з кішэнямі, поўнымі грошай, наўрад ці даводзіцца.

Вось, прыкладам, увосень 2012-га распачалася рэалізацыя праекта “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”. Фінансаванне ў суме да 15 тысяч долараў будзе прадастаўлена прыкладна 30-ці тэматычным ініцыятывам, цэнтрам па падтрымцы бізнесу, а таксама мясцовым органам кіравання і самакіравання Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, у якіх плануецца актыўна развіваць экалагічны, сельскі і іншыя віды турызму. “К” пісала пра дадзены праект яшчэ восенню мінулага года, але пакуль аддзелы культуры ў гэтай праграме так і не засвяціліся...

А шкада. Бо, нягледзячы на тое, што названы праект толькі стартаваў, гэта не першы досвед працы ПРААН у сферы аграэкатурызму. Напрыклад, дзякуючы арганізацыйнай і спонсарскай падтрымцы міжнароднай структуры ў гарадскім пасёлку Зэльва Гродзенскай вобласці быў адроджаны “Ганненскі кірмаш” — адзін з найбуйнейшых у мінулым гандлёвых і забаўляльных фэстаў Усходняй Еўропы. Адраджэнне яго — вынік менавіта сумесных намаганняў кіраўніцтва раёна і праекта ЕС/ПРААН “Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні”. Садзейнічанне ў рамках агучанага праекта таксама атрымаў Зэльвенскі экамузей рэчаў і адзення, вырабленых з традыцыйнага беларускага матэрыялу — лёну...

Як зазначылі “К” у аддзеле праектаў і праграм прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза, яны фінансуюць праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю ў аб’ёме каля 100 мільёнаў еўра (калі ўлічваць і тыя, што яшчэ распрацоўваюцца). Многія начальнікі аддзелаў культуры ведаюць, што цікавыя ініцыятывы з ЕС ажыццяўляюцца ў фармаце памежнага супрацоўніцтва (праграмы “Беларусь — Польшча — Украіна”, “Латвія — Літва — Беларусь”, “Рэгіён Балтыйскага мора”). Гэта і распрацоўка супольных турыстычных маршрутаў, планаў культуралагічных даследаванняў, захадаў па захаванні і аднаўленні гістарычных помнікаў ды старых сядзіб... А цяпер, да прыкладу, ладзіцца цікавы рэгіянальны праект, які называецца “Сямейны альбом Усходняга партнёрства”: ён спрыяе абмену досведам і супольнай творчай працы выбітных фатографаў з Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы ды Украіны...

Як адзначылі ў аддзеле праектаў і праграм прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, актывізацыі культурных працэсаў павінна паспрыяць Першая Канферэнцыя міністраў культуры рэгіёна Усходняга партнёрства, што пройдзе ў Грузіі 26 — 28 чэрвеня бягучага года. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках праграмы Чацвёртай платформы Усходняга партнёрства і павінна, на думку арганізатараў, стаць важнай падзеяй для ажыццяўлення дыялога ў галіне культуры.

Падаць заяўку — проста

Але наколькі просты механізм падачы заявак і прапаноў да ўдзелу ў той або іншай праграме? Галоўнае, па меркаванні супрацоўнікаў аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, — гэта ведаць дакладна, што і з якой мэтай хочаш зрабіць. А для таго, каб прачытаць правілы і запоўніць заяўку, прыдасца веданне англійскай мовы. Па падтрымку і парады, як запэўнілі карэспандэнта “К”, можна заўсёды звяртацца ў Нацыянальнае каардынацыйнае бюро па праграмах ЕС, адрасы якога лёгка знайсці ў Інтэрнэце. Дарэчы, офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацыі праводзяцца семінары па напісанні заявак для падачы праектаў на фінансаванне ЕС...

Але варта памятаць пра тое, што па самой сваёй прыродзе шырокае супрацоўніцтва не можа быць цэнтралізаваным: у шматлікіх праграмах і праектах прымаюць удзел тысячы і тысячы актыўных людзей, сотні арганізацый, ведамстваў і суполак у дзясятках краін. На думку прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці, трэба прыгледзецца да таго, што ўжо робіцца ў сферы, якая цікавіць, за мяжой, вызначыць патэнцыйных партнёраў і выбраць прыдатны фармат і інструмент супрацоўніцтва. А своеасаблівай “кропкай уваходу” ў інфармацыйную прастору супрацоўніцтва можа быць любы чалавек або любая арганізацыя, якія ўжо ажыццяўляюць ці ажыццяўлялі нейкі праект або праграму: ад Нацыянальнага каардынацыйнага бюро праграм ЕС да каардынатара любога з праектаў. Таму начальнікам аддзелаў культуры, якія яшчэ не маюць досведу ўдзелу ў міжнародных праектах, параіць можна толькі адно: звязвайцеся са сваімі больш вопытнымі калегамі, выходзьце праз Сеціва па кансультацыі.

Тое ж самае датычыцца і супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі: выхады на супрацоўнікаў, а таксама формы заявак да праграм і грантаў можна з лёгкасцю знайсці ў Інтэрнэце. Але галоўнае, паўторымся, — гэта жаданне тварыць, якое павінна зыходзіць менавіта ад культработнікаў. “Сціпласць” тут наўрад ці будзе да месца. Бо нехта рассылае дзясятак адметных праектаў у розныя міжнародныя праграмы, а іншы працягвае наракаць на недахоп фінансавання. Які шлях выбраць — справа за канкрэтным кіраўніком канкрэтнага аддзела культуры, РДК ці ЦБС...

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"