Калькуляцыя бяросты

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Магілёўшчына: партрэт прафесіянала / Маркетынг рамяства

На Магілёўшчыне мастацтва апрацоўкі бяросты сёння не вельмі распаўсюджана. Ім займаюцца лічаныя майстры, да прыкладу, Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў. І спецыялізуюцца яны збольшага на вырабе берасцяных пано. А вось традыцыйная разьба і цісненне — справа надзвычай рэдкая. Менавіта таму творы маладога майстра Яўгена Хаменкі — ці не на вагу золата.

Таленавіты хлопец нарадзіўся ў вёсцы Юрцава Аршанскага раёна, цяпер жыве і вучыцца ў Магілёве. Для Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці майстар стаў сапраўдным адкрыццём. Работы Яўгена раней не экспанаваліся на буйных выстаўках, конкурсах і фестывалях народнай творчасці. Творчым дэбютам для яго стала калядная выстаўка ў МАМЦНТ, дзе прэзентаваліся вырабы мясцовых майстроў народнай творчасці. Ягоная бяроста стала перлінай экспазіцыі. Аздобленыя шматслойным арнаментам шкатулкі, рамкі для фотаздымкаў, бранзалеты, каралі, берасцяныя бутэлькі выкананы пры дапамозе ціснення і разьбы, некаторыя — з выкарыстаннем інкрустацыі. Наведвальнікі выстаўкі былі захоплены вытанчанымі і далікатнымі бярозавымі карункамі.

/i/content/pi/cult/415/8481/1-4.jpeg

Яўген Хаменка — самародак, для яго творчасць — частка жыцця, а з бярозавай карой ён працуе са школьных гадоў. У свой час атрымаў дыплом абласнога этапа Рэспубліканскай выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва навучэнцаў “Калядная зорка”. Цяпер вучыцца ў Магілёўскім архітэктурна-будаўнічым каледжы, але марыць і пра мастацкую адукацыю. Пакуль набывае яе самастойна, асвойвае новыя рамесніцкія тэхнікі і прыёмы, напрыклад, пляценне з бяросты.

Імкнецца зарабляць на ўласных вырабах. Ці рэальна гэта? Яўген мяркуе, што так. Але для гэтага патрэбна не толькі майстэрства. Не лішнім будзе і досвед маркетолага, бо зрабіць унікальны твор — гэта палова справы, трэба яшчэ яго прадаць. Сувенірныя крамы пакуль не надта распаўсюджаны, кірмашы і выстаўкі-продажы праводзяцца не часта. Для рэгулярнага прыбытковага продажу застаецца карыстацца Інтэрнэтам: у Сеціве ёсць спецыялізаваныя сайты, дзе кожны ахвотны можа выбраць і замовіць у майстра вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку — рэчы з бяросты. Яўген таксама выклаў у Інтэрнэт фотаздымкі сваіх твораў і інфармацыю пра іх, чакае заказчыкаў.

/i/content/pi/cult/415/8481/1-3.jpeg

А як выставіць кошт свайму тавару? “Вельмі цяжка яго ацаніць, — прызнаецца майстар-маркетолаг. — Ты ўкладваў сілы, час, грошы, а пакупнік часцяком гэтага не разумее, не пагаджаецца з рэальнай цаной. Яшчэ больш павялічвае кошт інкрустацыя каштоўнымі ці напаўкаштоўнымі камянямі… Мала хто ведае, што і бяроста назапашваецца толькі ў пэўны час: у спякотныя дні на пачатку лета. Інакш матэрыял будзе няякасным. Дарэчы, нарыхтоўваю я яго без нанясення шкоды прыродзе, асцярожна выразаючы толькі невялікія пласты кары…”

Яўген ахвотна дзеліцца і іншымі “берасцянымі” таямніцамі. Вы заўважалі, якое чыстае паветра ў бярозавым гаі? Гэткія ж гаючыя бактэрыцыдныя якасці, аказваецца, маюць і вырабы з бярозавай кары, дзе ёсць кампаненты срэбра. У берасцянках добра захоўваюцца малако, смятана, кедравае масла, жывёльны тлушч, мёд, салёная рыба... У спёку ў такі посуд можна наліць квас — ён будзе прахалодным, а малако ў берасцянцы не кісне з тыдзень. Соль і цукар у гэткім посудзе практычна не набіраюць вадкасць, а берасцяныя заколкі ды абадкі не збіраюць статычнай электрычнасці. Словам, усе гэтыя рэчы — карысныя для здароўя: супакойваюць, саграваюць, нармалізуюць крывяны ціск, здымаюць стомленасць… Сапраўды, бяроста — на вагу золата.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці

і культурна-асветніцкай работы

На здымках: малады майстар Яўген Хаменка і яго вырабы.