Прэміі — таленавітым

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Віцебшчына: вобласць адзначае творчыя перамогі

Адна з самых значных культурных падзей Віцебскай вобласці — уручэнне прэмій абласнога выканаўчага камітэта па падтрымцы таленавітай творчай моладзі за 2012 год. Навучэнцы Аршанскай дзіцячай школы мастацтваў № 3 Кірыл Атрошчанка і Дзіяна Рудакова атрымалі гэтую высокую ўзнагароду “за талент і імкненне быць лепшымі”.

Урачыстае ўручэнне прэміі адбылося 11 лютага на абласной калегіі дырэктараў устаноў культуры ў Віцебску. Абласная прэмія, як вядома, з’яўляецца часткай дзяржаўнай сістэмы выхавання, развіцця і станаўлення творчай моладзі, а таленавітыя людзі — аснова любой дзяржавы.

/i/content/pi/cult/415/8480/1-2.jpeg

Кірыл Атрошчанка і Дзіяна Рудакова — уладальнікі пяці дыпломаў на трох конкурсах, якія праходзілі ў Беларусі і на Украіне. У намінацыі “Сола” Кірыл з’яўляецца лаўрэатам II ступені IV Адкрытага фестывалю-конкурсу юных піяністаў “Музычныя іскрынкі”, што адбыўся ў Клецку, а таксама міжнародных конкурсаў — маладых выканаўцаў “Мастацтва ХХI стагоддзя” (Кіеў, Украіна) і дзіцячага выканальніцкага мастацтва “Узыходжанне” (Ялта, Украіна).

А ўжо фартэпіянны дуэт Кірыла Атрошчанкі і Дзіяны Рудаковай стаў лаўрэатам I ступені названых конкурсаў у Клецку і Ялце. За кожнай з гэтых перамог — вялікае педагагічнае майстэрства настаўніка, велізарная воля да перамогі вучняў і, несумненна, дапамога ды падтрымка бацькоў.

Настаўніку Галіне Высоцкай, лаўрэатам абласной прэміі Кірылу Атрошчанку і Дзіяне Рудаковай жадаем далейшых творчых поспехаў у 2013 годзе!

Наталля ЛАТЫШАВА, настаўнік ДШМ № 3

Орша

На здымку: Галіна Высоцкая са сваімі вучнямі Дзіянай Рудаковай і Кірылам Атрошчанкам.