Музыка як радасць

№ 48 (814) 01.12.2007 - 07.12.2007 г

29 лістапада Беларуская дзяржаўная філармонія адзначыла сваё 70-годдзе. Урачыстасць з гэтай нагоды стала адметнай культурнай падзеяй, бо канцэртная праграма сімвалічна паяднала многія напрамкі дзейнасці гэтай канцэртнай установы.

 /i/content/pi/cult/139/848/Muzyka48.jpg
Прывітальнае віншаванне калектыву ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зачытаў намеснік міністра культуры Валерый Гедройц. Ён жа выканаў яшчэ адну прыемную місію— уручыў лепшым калектывам, артыстам і супрацоўнікам Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта краіны, Савета Міністраў, нагрудныя знакі Міністэрства культуры. Цырымонію ўзнагароджання прадоўжыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Аўдзеева, якая ўручыла Ганаровыя граматы Нацыянальнага сходу.
Сярод уганараваных — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча, мастацкі кіраўнік філармоніі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар Юрый Гільдзюк, такія знаныя артысты, як Ірына Шуміліна, Ігар Алоўнікаў, Святлана Лясун, Віктар Каўрэцкі, Ларыса Рыдлеўская, Зінаіда Феакцістава, і многія іншыя. Філармонія-юбілярка атрымала віншаванні ад сваіх замежных “калег” — устаноў культуры Расіі, Польшчы, Літвы, Эстоніі, Азербайджана і іншых краін, ад шматлікіх арганізацый і ўстаноў Беларусі. Са словамі шчырай удзячнасці роднай краіне, Кіраўніку дзяржавы, Міністэрству культуры, дыпламатычнаму корпусу, СМІ выступілі Генеральны дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар і мастацкі кіраўнік Ю.Гільдзюк. Дарэчы, ужо зранку адміністрацыя філармоніі правяла “карпаратыўны” ўрачысты сход, на якім былі ўганараваны ветэраны гэтай канцэртнай арганізацыі і яе супрацоўнікі.
Ды ўсё ж галоўнай дамінантай вечара стала музыка. Ужо перад пачаткам урачыстасці гасцей, сярод якіх былі дэлегацыі з Масквы, абласных філармоній, ветэраны, сустракалі выступленні Дзяржаўнага камернага хору Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай і Дзяржаўнага камернага аркестра на чале з Пятром Вандзілоўскім. У фае была выстаўка магнітаальбомаў, выдадзеных у розныя часы калектывамі і салістамі Белдзяржфілармоніі, а ў кнізе водгукаў кожны мог пакінуць свае ўражанні. Са сцэны, што яшчэ на пачатку ўрачыстасці была ўпрыгожана кветкамі ад Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, гучалі старонкі славутай гісторыі канцэртнай установы. Канцэртная праграма пачыналася часткамі з твораў беларускіх кампазітараў — аднагодкаў філармоніі: прагучалі ўрыўкі з сімфоніі № 6 “Полацкія пісьмёны” Андрэя Мдзівані і Канцэрта № 2 для цымбалаў з аркестрам Дзмітрыя Смольскага. Завяршылася першае аддзяленне гэткім “масточкам” да ІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смыкавых інструментах імя М.Ельскага: прагучаў фінал Скрыпічнага канцэрта Я.Сібеліуса. Другое ж аддзяленне склала знакамітая 9-я сімфонія Л.Бетховена з заключным хорам “Да радасці”: менавіта гэты твор выконваўся ў 1963 г. падчас адкрыцця цяперашняга будынка філармоніі.
Сімвалічна, што саліравалі ў сімфоніі спевакі розных краін — Расіі, Балгарыі, Германіі, Беларусі. Не менш сімвалічна, што ўсе беларускія салісты — Таццяна Гаўрылава, Кацярына Васількова, Улада Беражная, Аксана Волкава — з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. “Міні-парад” дырыжораў адбыўся і за пультам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі: у першым аддзяленні ім кіраваў народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Казінец, у другім— заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, знакаміты Аляксандр Анісімаў.
А да капэлы імя Р.Шырмы далучыўся камерны хор Гродзенскай капэлы. 

Надзея БУНЦЭВІЧ