Фестывальны герой — не толькі абаранак

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

РЭГІЁНЫ: майстар-клас крэатыву ГРОДЗЕНШЧЫНЫ

Гэтым разам матэрыял рубрыкі прысвечаны творчым знаходкам адной вобласці. Справа ў тым, што начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі на выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а крыху раней — для СМІ, агучыў цэлы россып ідэй, звязаных з развіццём мясцовага фестывальнага руху. У тым, што кірунак і раней быў далёка не стандартны, сумнявацца не выпадае. Толькі за мінулы год у вобласці праведзены два міжнародныя мерапрыемствы, столькі ж — рэспубліканскіх і 16 рэгіянальных. Сярод гэтых фестываляў — IX Рэспубліканскі нацыянальных культур, праваслаўных песняспеваў “Каложскі дабравест”, слонімскі “Паланэз”, “Гродна-джаз”, артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”, рок-байк-фестываль “Хавайся ў бульбу!”.

Змест фестывальных мерапрыемстваў бягучага года быў абмеркаваны і на калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама, пасяджэнне якой адбылося 20 лютага.

/i/content/pi/cult/415/8479/1-1.jpeg

Скульптуры з сыру

Дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Ірына Дземянчук паведамляе, што ў чэрвені абласны цэнтр прыме Адкрыты фестываль сыру. Заснавальнікі мерапрыемства — упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і адкрытае акцыянернае таварыства “Малочны свет”. У фестывалі прымуць удзел малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы рэгіёнаў Гродзеншчыны. Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у парку Жылібера і на плошчы Тызенгаўза.

Па словах Ірыны Дземянчук, пад час сырнага свята адбудзецца тэатралізаванае шэсце, пройдзе конкурс страў з гэтага малочнага прадукту. Запланавана і прэзентацыя скульптур, якія таксама будуць выкананы з “сыраматэрыялу”.

Прадукцыя “Малочнага свету” карыстаецца попытам і добра вядомая не толькі ў кожным раёне вобласці. Спадзяёмся, гэткі ж лёс напаткае і Фестываль сыру.

Рэй будзе весці квас

Чарговы фестываль павінен таксама паспрыяць турыстычнай прывабнасці Гродзеншчыны. Гаворка — пра Фестываль квасу, які запланаваны на верасень у Лідзе. Начальнік аддзела культуры Лідскага райвыканкама Уладзімір Самсонаў распавядае, што ідэю гэтую гараджане ўспрынялі на ўра. Але “смачны” фэст запросіць да ўдзелу не толькі найбуйнейшага ў вобласці вытворцу гэтага напою — у госці да Лідскага квасу прыедуць усе яго рэспубліканскія “калегі”. Восеньскую Ліду таксама чакаюць тэатралізацыі, шматлікія творчыя акцыі і разнастайныя канцэртныя праграмы. А ідэя “смачнага” фестывалю не можа не натхніць іншыя рэгіёны рэспублікі на пошук уласных і брэндавых у перспектыве культурных праектаў ды тэматычна-жанравых доўгатэрміновых акцый.

Тэатр — на вуліцы

Паколькі на Гродзеншчыне дзейнічае каля 300 самадзейных тэатральна-драматычных фарміраванняў (гурткоў, студый, батлеек і г. д.) ды звыш паўсотні з іх атрымалі званні заслужаных, народных і ўзорных, чарговы фэст у вобласці вырашана прысвяціць вулічным тэатрам. Такое мерапрыемства таксама мяркуецца правесці ў першы месяц восені.

Дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культасветработы Ірына Дземянчук кажа, што такі нестандартны фэст не можа не прыцягнуць павышаную ўвагу да самадзейнага тэатральнага мастацтва. Калектывы запоўняць вуліцы і пляцы Гродна, прадэманструюць лепшыя ўзоры сваёй творчасці... Да слова, свята вулічных музыкаў у свой час спрабавалі ладзіць у Ашмянах. Па усім відаць, Гродзеншчына становіцца заканадаўцай моды на разнастайнасць фестывальнага руху.

Апрача згаданых мерапрыемстваў, падкрэслівае Ірына Дземянчук, у бягучым годзе пройдуць не менш знакавыя для вобласці творчыя акцыі. Сярод іх — фестывалі абрадаў і рамёстваў у Лідзе і ў аграгарадку “Гудзевічы” Мастоўскага раёна. У гадавым плане новых праектаў — і Абласное свята абаранкаў у Смаргоні…

На здымках: ля сцен Лідскага замка збяруцца аматары квасу.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"