Кульмінацыя "Баграціёна"

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Да 95-й гадавіны Узброеных Сіл нашай краіны ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася беларуска-расійская мастацкая выстаўка “Айчыне служым”. Яе экспазіцыю складаюць творы двух, так бы мовіць, профільных творчых аб’яднанняў — Студыі ваенных мастакоў імя М.Б. Грэкава (Масква) і Студыі ваенных мастакоў (Мінск).

Расійскае аб’яднанне існуе з 1934-га, наша — сёлета адзначае дзесяць гадоў з моманту ўтварэння. Беларускія мастакі прадставілі творы, прысвечаныя арміі суверэннай дзяржавы, а іх расійскія калегі — у асноўным, палотны 1950 — 1970-х гадоў пра Савецкую армію. Людзі старэйшага пакалення памятаюць карціны мастакоў студыі імя Грэкава па рэпрадукцыях у папулярных часопісах ды падручніках гісторыі СССР. Некаторыя з тых хрэстаматыйных твораў ёсць і ў гэтай экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/415/8476/2-1.jpeg

Мастакі Студыі імя Грэкава славутыя, сярод іншага, тым, што па-майстэрску робяць панарамы і дыярамы на тэмы ваеннай гісторыі. Вось і для нашага Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны яны стварылі дзве дыярамы: “Абарона Мінска 25 — 28 чэрвеня 1941 года” і “Мінскі кацёл”. Першая была адкрыта летась, другую мінская публіка пабачыла напярэдадні Дня абаронцы Айчыны. Новая дыярама адлюстроўвае адзін з кульмінацыйных эпізодаў аперацыі “Баграціён”: разгром і паланенне 105 тысяч гітлераўцаў на чале з генералам В.Мюлерам. На велізарным палатне паказана баявое ўзаемадзеянне Чырвонай Арміі і партызанаў. Расійскім мастакам у рабоце над дыярамай дапамагалі беларускія калегі.

Гэтая дыярама мае замяніць тую, што была створана ў 1980-х беларускімі жывапісцамі. Лёс таго твора ўжо вырашаны. На гэты конт музей мае дамоўленасць з губернатарам сталічнай вобласці. Для “старой” дыярамы будзе пабудавана спецыяльнае памяшканне побач з Курганам Славы — твор будзе экспанавацца якраз на месцы баёў.

П.В.