Пароль роднай мовы

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Цягам тыдня ў розных кутках краіны прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы.

Літаратурны вечар “Пароль неўміручасці — родная мова” ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа быў прысвечаны аднаму з найвялікшых знаўцаў роднай мовы. Пад час вечара прагучалі не толькі вершы Песняра ды іх пераклады на рускую, армянскую, курдскую мовы, але і ўласныя творы і проста добрыя словы гасцей свята.

21 лютага ў межах гомельскай гарадской акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску!” у Дзіцячай бібліятэцы № 5 імя С. Маршака адбылася імпрэза “Чарую душу родным словам”. Наведвальнікі пазнаёміліся з экспанатамі этнаграфічнага кутка, з маршрутамі і аб`ектамі экатурызму, а таксама з кніжнымі выстаўкамі, прысвечанымі датам пісьменнікаў.

На тэрыторыі Беларусі жывуць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей, кожная — са сваёй мовай. Пераканацца ў гэтым можна было 21 лютага ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, дзе ў гэты дзень, па традыцыі, сабраліся прадстаўнікі армянскай, грузінскай, нямецкай, эстонскай, украінскай, яўрэйскай і многіх іншых дыяспар. Сёлета сустрэча была прысвечана тэме пісьменства народаў свету і асаблівасцям алфавітаў.

Сімвалічным працягам дня роднай мовы стала Ноч беларускай літаратуры, якую ўчора зладзіў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Вечарына прайшла ў фармаце свабоднага мікрафона. Кожны меў магчымасць пазнаёміцца з творчасцю сучасных літаратараў і прадставіць за кубачкам гарбаты свае творы.

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ