Беларусы ў Вільнюсе

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Больш за 500 беларускіх кніг прадстаўлена на ХІV Вільнюскім міжнародным кніжным кірмашы, які праходзіць з 21 па 24 лютага ў выставачным цэнтры "LitEXPO".

Выдавецтва "Мастацкая літаратура" адправіла ў Вільнюс "Зачараваную гаспадарку" Пятра Сіняўскага, "Мячы Грунвальда" Анатоля Бензерука, кнігі "Якуб Колас і легендарны дзед Талаш" Міколы Жыгоцкага, "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча ды многія іншыя.

"Пачатковая школа" прадставіць на кірмашы выданні з літаратурнага праекта "Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі". А выдавецтва "Адукацыя і выхаванне" — цэлую серыю, прысвечаную беларускім народным традыцыям.

Несумненна, прыцягнула ўвагу прэзентацыя выдання "Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава. 1911 — 1912", што адбылася 22 лютага ў бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта. Арганізатарамі імпрэзы выступілі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі", Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і бібліятэка ўніверсітэта.

Акрамя прэзентацый найноўшых выданняў і сустрэч з калегамі, айчынныя выдаўцы напрыканцы кірмашу зробяць традыцыйны "кніжны падарунак" беларускай школе імя Францыска Скарыны ў Вільнюсе: сёлета вучэбнай установе будзе падорана каля 200 кніг.

Надзея ПЯКАРСКАЯ, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ