Музей Пэна: ёсць канцэпцыя

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

У бліжэйшыя гады ў Віцебску мае з’явіцца Музей Юрыя (Юдаля) Пэна. Пра гэта карэспандэнту "К" паведаміла загадчык філіяла "Мастацкі музей" Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Акуневіч. "Прынята рашэнне аблвыканкама аб яго стварэнні, — зазначыла яна, — і сёння ідзе праца над ягонай канцэпцыяй". Скарыстаўшыся магчымасцю пад час камандзіроўкі ў Віцебск, наш карэспандэнт распытаў кіраўніка распрацоўкі канцэпцыі будучай музейнай установы пра абрысы новага праекта.

З гісторыі

Нагадаем, што сёння самай вялікай музейнай калекцыяй знакамітага настаўніка Марка Шагала — 183 работы — валодае менавіта Віцебскі мастацкі музей. "Увесь фонд мастака ў нашай установе налічвае 370 адзінак захоўвання: гэта не толькі яго жывапісныя і графічныя творы, але і дакументы, мноства фатаграфій", — удакладняе Вольга Акуневіч. І гаворка пра стварэнне асобнага музея ўзнікла далёка не ўчора: Віцебску даўно ёсць што паказаць ды распавесці пра вядомую мастацкую постаць.

Увогуле, першапачаткова калекцыя знакамітага мастака была значна большая, адзначыла спецыяліст. Пасля яго сыходу ў 1937 годзе ў спадчыну віцебскага музея перайшло каля 800 яго работ. Захаваўся будынак, дзе месцілася майстэрня Майстра, і ў 1939 там была адкрыта карцінная галерэя Пэна, дзе гледачы маглі пазнаёміцца з ягонымі творамі.

/i/content/pi/cult/415/8463/2-1.jpeg

Але вайна ўнесла свае карэктывы ў лёс карціннай галерэі. Частка спадчыны Пэна ў пачатку Вялікай Айчыннай была эвакуіравана ў Саратаўскую карцінную галерэю. Астатняе — а гэта каля 600 работ — згубілася пры нявызначаных абставінах. Штосьці было знішчана, штосьці — перапрададзена, а штосьці, па адной з існуючых версій, — нават вывезена ў Аўстрыю. Як бы там ні было, але з вялізнай калекцыі засталася толькі чацвёртая яе частка — каля 200 твораў, якія вярнуліся з эвакуацыі з Саратава.

"Прыгоды" спадчыны Майстра і на гэтым не скончыліся. У 1946 годзе, адным з першых рашэнняў улад, зазначае Вольга Акуневіч, было рашэнне аб адраджэнні карціннай галерэі Пэна. Але ўжо ў 1947-м калекцыя зноў пераязджае — у Мінск, у Дзяржаўную карцінную галерэю БССР (з 1957-га — Дзяржаўны мастацкі музей БССР). Там яна знаходзіцца ажно да 1992 года, і толькі дзякуючы Мікалаю Паграноўскаму, які быў галоўным захавальнікам галерэі, вяртаецца ў Віцебск, дзе ў тым жа 1992-м "атрымлівае прапіску" ў Мастацкім музеі горада.

— Цяпер вы разумееце, якім унікальным скарбам мы валодаем, і чаму для нас так важна, каб работы мастака атрымалі належнае атачэнне, — падкрэсліла Вольга Іванаўна.

На жаль, на сёння мемарыяльны будынак на былой вуліцы Гогалеўскай, 1, дзе месцілася майстэрня Пэна, не захаваўся. Але пад будучы музей плануецца аддаць пабудову "з гісторыяй" — будынак па вуліцы Калініна, у якім на пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася яўрэйская пачатковая школа. Што ж у ім будзе?

Праект канцэпцыі, над якім працаваў калектыў Мастацкага музея на чале з Вольгай Акуневіч, прапаноўвае наступныя акцэнты.

Акцэнты канцэпцыі

— У першай зале музея, — распавядае загадчык філіяла, — мы хочам арыентаваць наведвальніка на ўспрыняцце Пэна як з’явы, феномена праз прызму гістарычнай ацэнкі, прадставіць яго ролю не толькі ў мастацтве Беларусі, але і ягоны ўплыў на развіццё сусветнага мастацкага працэсу. Калі задумацца: не прыйшоў бы ў яго школу Марк Шагал — ці стаў бы ён мастаком, ці ўзнікла б потым Мастацкае вучылішча, якое прыцягнула Малевіча, Лісіцкага, Ермалаеву ды іншых, і, увогуле, ці з’явіўся б феномен Віцебскай мастацкай школы? Мы можам разважаць у гэтых катэгорыях. У гэтай частцы музея мае быць адлюстраваны вобраз Пэна — мастака, чалавека, педагога, які адкрыў свету шэраг іншых знакавых асоб. Пакуль пытанне, хто з мастакоў здолеў бы стварыць такую вобразную карціну-прэзентацыю. Важнае месца зоймуць і выказванні вучняў пра свайго настаўніка.

/i/content/pi/cult/415/8463/2-2.jpeg

Другая зала, — працягвае распавядаць спецыяліст, — мае пазнаёміць наведвальнікаў з біяграфіяй мастака. Тут "чырвонай лініяй" праз экспазіцыю праходзіць тэма "Віцебск у жыцці і творчасці Пэна". Атачэнне, у якім працаваў Юрый Майсеевіч, сам горад, якому ён прысвяціў сорак два гады свайго жыцця, — усё будзе пададзена праз адмысловыя прадметы, афармленне экспазіцыі. І такім шляхам, паступова, мы ўвойдзем у трэці блок, які ўжо будзе прадстаўляць знакамітую пэнаўскую школу-студыю. Атмасфера яго майстэрні мае быць адноўлена музейна-вобразнымі сродкамі. Але, зноў-такі, вельмі важным у дадзеным блоку стане крэатыўны падыход мастака, які створыць рашэнне экспазіцыі. Мемарыяльных матэрыялаў захаваліся, лічы, адзінкі, таму тут хацелася б прыдумаць і ўвесці арыгінальны вобраз. Вядома, што ў зале будуць прадстаўлены фатаграфіі яго вучняў, іх партрэты, зробленыя рукой мастака, успаміны пра школу-студыю, якія захаваліся ў Шагала, Заіра Азгура… Але ж без яскравага візуальнага вобразнага акцэнту не абысціся.

І трэці блок, — завяршае Вольга Іванаўна, — уласна, галерэя Юрыя Пэна на другім паверсе будынка. Тут мы размесцім яго работы па жанрах: напрыклад, "Пейзаж у творчасці Пэна", фігуратыўныя карціны, графічныя творы, партрэты… Апошнія, дарэчы, можна прадставіць некалькімі блокамі: Юрый Майсеевіч маляваў партрэты як у атачэнні — той жа "Гадзіншчык", так і іх класічныя ўзоры — мужчынскія, жаночыя, партрэты старых людзей, якія параўноўвалі са старымі Рэмбранта…

Канцэпцыя Музея Пэна ўтрымлівае і стварэнне адмысловай бібліятэкі, удакладніла кіраўнік яе распрацоўкі.

— Гэты музей будзе ўнікальны, — кажа Вольга Акуневіч, — бо экспазіцыя такой тэматыкі не мае аналагаў ва ўсім свеце…

Нягледзячы на тое, што будучы Музей Юрыя Пэна стане той самай галоўнай установай, дзе будуць захоўвацца ды прэзентавацца творы прабацькі віцебскай школы, мясцовы Мастацкі музей пакіне невялікую калекцыю і ў сваім будынку, які сёлета святкуе 130-годдзе.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Віцебск — Мінск

На здымках: зала твораў Пэна ў Мастацкім музеі Віцебска.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"