Магілёў: тройчы сталіца

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

20 лютага ў Магілёве адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння гораду сертыфіката "Культурная сталіца Садружнасці Незалежных Дзяржаў 2013". Самой імпрэзе папярэднічала прэс-канферэнцыя, на якой журналісты мелі магчымасць задаць пытанні прадстаўнікам кіраўніцтва вобласці і горада, міністэрстваў культуры і інфармацыі, каардынацыйных органаў Садружнасці, акрэдытаваным у Беларусі дыпламатам краін СНД, дзеячам культуры.

Статус Культурнай сталіцы СНД Магілёў сёлета дзеліць з азербайджанскім горадам Габала і армянскім — Гюмры. Культурныя сталіцы вызначаюцца ў Садружнасці трэці год запар. У 2011-м імі былі наш Гомель і расійскі Ульянаўск, летась — казахстанская Астана і туркменскі горад Мары. Дагэтуль праект лічыўся, так бы мовіць, пілотным. Цяпер жа, калі стала зразумела, што справа гэтая — вартая, перспектыўная, калі напрацаваны вопыт дазволіў вызначыць крытэрыі — праект пераходзіць у новую якасць. Цяпер штогод у Садружнасці будзе менавіта тры Культурныя сталіцы. Краіны ж, да якіх належаць гэтыя гарады, у праекце будуць чаргавацца ў алфавітнай паслядоўнасці.

/i/content/pi/cult/415/8458/1-1.jpeg

На прэс-канферэнцыі прагучала пытанне: чаму беларускі горад атрымаў гэты прэстыжны статус не ў чаргу, бо Культурнай сталіцай СНД ужо быў Гомель? Намеснік выканаўчага дырэктара Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД Эльвіра Доля на гэта адказала: людзі галасуюць за тое, што ведаюць. Памяць пра ролю, якую Беларусь адыгрывала ў Савецкім Саюзе, яе сённяшні прэстыж у Садружнасці і паўплывалі на тое, што Магілёў "не ў чаргу" стаў Культурнай сталіцай СНД. А міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алег Праляскоўскі дадаў, што ў Садружнасці ведаюць: справа, даручаная беларусам, будзе зроблена якасна. І гэта таксама было аргументам на карысць Магілёва.

Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Станіслаў Барадаўка, згадаўшы культурныя дасягненні магіляўчан, выказаў упэўненасць у тым, што духоўны чыннік пазітыўна адаб’ецца на і побытавай сферы, і на эканоміцы горада ды вобласці. А народны артыст Малдовы Яўген Дога, адзначыў, што людзей на абсягах былога СССР сёння аб’ядноўвае найперш культурная субстанцыя. На ягоную думку, статус для Магілёва — добры знак і добрая магчымасць звяртацца па дадатковую падтрымку культуры як да Урада сваёй краіны, так і да каардынацыйных органаў СНД: "Я часта чую, літаральна ўсё жыццё: маўляў, таго не хапае, гэтага… Сёння гэта ўжо не аргумент. Тое, што чагосьці не стае, каб зрабіць справу якасна, — гэта як печ, ад якой мы ўвесь час танчым. А давайце танчыць ад іншай "печы" — давайце дбаць пра духоўнасць". Маэстра — за тое, каб не шкадаваць на культуру грошай, бо ад яе карысць — усяму грамадству.

У Магілёве на свяце прысутнічала народная артыстка Казахстана Роза Рымбаева. Яна лічыць неабходным спрыяць праекту "Культурныя сталіцы Садружнасці", бо ён дае магчымасць распавесці новаму пакаленню ў зразумелай форме пра нашу агульную гісторыю, пра тое, што яднае народы на велізарнай прасторы СНД.

/i/content/pi/cult/415/8458/1-2.jpeg

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі бачыць асноўны сэнс праектаў культурных сталіц Беларусі і СНД у тым, каб усе грамадзяне краіны, а не толькі жыхары адміністрацыйнай сталіцы мелі магчымасць пазнаёміцца з лепшым, што ёсць у нашай культуры і ў культуры суседзяў. Тадэуш Іванавіч не сумняваецца, што Магілёў з гонарам выканае высокую місію.

На прэс-канферэнцыі, а потым і ўласна на ўрачыстай імпрэзе была агучана тэза, што Магілёў тройчы ўганараваны сталічным статусам: ён — сталіца Прыдняпроўя, Культурная сталіца Беларусі і Культурная сталіца Садружнасці. Тое, што магіляўчане вартыя гэтага гонару, мелі давесці выстаўка эканамічных дасягненняў, разгорнутая ў фае абласнога Палаца культуры, а затым і дзея, што адбылася на яго сцэне. Мясцовыя артысты прадставілі гледачам карціны з гісторыі Магілёва. Грамада цёпла вітала сваіх творцаў, а таксама — артыстаў з Арменіі, Азербайджана, Малдовы, Украіны, Расіі. Варта адзначыць якасную рэжысуру сцэны. Для кожнага выканаўцы на плазменным экране былі падабраны дынамічныя выявы, што адпавядалі зместу і духу выступлення. Я меў магчымасць пабачыць не адзін музычны фестываль і магу канстатаваць: такая сінхроннасць здараецца не часта.

Розныя культурныя іпастасі горада выяўлены ў паэтычных дэвізах мерапрыемстваў, што будуць адбывацца тут цягам года: "Радзімы нашай скарб", "Духоўнай шчырасці імгненне", "З крыніц адвечнай прыгажосці", "Рэальнасць у пражэктарах ілюзіі" і гэтак далей. Усяго ж плануецца больш за тры тысячы культурных мерапрыемстваў.

 наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"