Каб бляклых фарбаў не было

№ 36 (1058) 08.09.2012 - 14.09.2012 г

Некалькі разваг пасля летняга фестывальнага калейдаскопа / Хэдлайн рэгіёна: брэндавасць культуры

Адшыкавала насычанае на падзеі лета — гарачая пара шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх ды міжнародных фестываляў. “К” змяшчала на сваіх старонках справаздачныя артыкулы, бадай, пра кожны. Многія з імпрэз сталі сапраўды брэндавымі. А пэўныя да гэтага высокага ўзроўню пакуль не дацягнуліся. І ёсць таму канкрэтныя прычыны.

Ад Моталя да Зэльвы

Напрыклад, кулінарны фестываль, што ладзяць на Іванаўшчыне ў вёсцы Моталь, даўно набыў статус міжнароднага і стаў “смачнай” прэзентацыйнай “фішкай” Брэстчыны. Як і Міжнародны пленэр ганчароў у Гарадной, праведзены ў чарговы раз на Століншчыне. Ды і фестываль “Ружанская брама”, які заявіў пра сябе не так даўно, таксама займеў сталае месца ў пярэстай фестывальнай палітры Брэсцкай вобласці.

Не адстаюць ад брэстчан і іншыя рэгіёны краіны. Напрыклад, у Зэльве была паспяхова адроджана традыцыя правядзення Ганненскага кірмашу. Як сведчаць гістарычныя дакументы, менавіта дзякуючы гэтаму мерапрыемству Зэльва была вядомая ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі аднымі з буйнейшых у Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым лейпцыгскім.

У 2001 годзе Ганненскі кірмаш займеў “новае дыханне”: раённае свята сталася адным з самых масавых і жаданых для жыхароў, Зэльвеншчыны ды гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі. Тут можна паслухаць выступленні зорак беларускай эстрады, убачыць прэзентацыю аграэкасядзіб і мясцовых падворкаў, набыць сувеніры ў “Горадзе майстроў”, паўдзельнічаць у гульнях і наведаць старадаўні кірмашовы карнавал, а таксама пабываць на выстаўцы-продажы зэльвенскіх караваяў…

У гасцях у парнасаўскага Тараса

На Віцебшчыне адзін з цікавых фестываляў рэгіянальнага маштабу — свята народнай творчасці, беларускай паэзіі і фальклору “Гарадоцкі Парнас”. Натуральна, мясціны, звязаныя з імем Канстанціна Вераніцына — аўтара легендарнай паэмы “Тарас на Парнасе”, які нарадзіўся ў тутэйшых мясцінах, — прывабліваюць штогод шмат удзельнікаў.

Таму свята паступова ператварылася з раённага ў рэгіянальнае: у Гарадок прыязджаюць калектывы з Полацка і Віцебска, не кажучы ўжо пра шматлікія раённыя. На мерапрыемстве можна паслухаць выступленні шматлікіх аматарскіх і прафесійных калектываў, паўдзельнічаць у “Кірмашы ля Парнаса”, прадэгуставаць стравы нацыянальнай кухні, прыняць удзел у майстар-класах па традыцыйных народных рамёствах, наведаць выстаўку работ мясцовых умельцаў.

Мерапрыемствы зазвычай працягваюцца святам паэзіі і песні “Гарадоцкая ліра”, пад час якога ладзяцца тэатральныя пастаноўкі, чытаюцца вершы мясцовых паэтаў… Словам, свята ў Гарадку поўніцца настолькі цікавымі акцыямі, што яго варта наведаць кожнаму турысту як з Беларусі, так і замежжа…

Крэатыву бракуе

Натуральна, іншыя раёны могуць таксама пахваліцца насычаным фестывальным жыццём. Узгадаю хоць бы “Покліч Палесся”, што літаральна нядаўна прайшоў у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці, “Цукеркавы фэст” у Івянцы Валожынскага раёна Мінскай вобласці, Мiжнародны фальклорны фестываль “Вянок дружбы” ў Бабруйску і Мiжнародны фестываль дзiцячай творчасцi “Залатая пчолка” ў Клiмавiчах…

Але ж не ўсе фестывалі, што ладзяцца ў раёнах, здолелі стаць вядомымі і значнымі. Чаму? Ды проста крэатыву бракуе! І ў распрацоўцы фестывальнай ідэі, і ў “раскрутцы”… Вось і атрымліваецца, што часцяком “новае” раённае мерапрыемства ўжо падобнае на тыя, якія даўно ладзяцца ў іншых, нават і суседніх, рэгіёнах. Вось таму яно, хутчэй за ўсё, і нецікавае ні журналістам, ні шматлікім турыстычным фірмам, што арганізуюць “дастаўку” масавага гледача на знакавыя летнія імпрэзы ды фэсты…

Шукаць свой унікальны стыль, арыгінальную форму правядзення мерапрыемства, натуральна, значна складаней, чым праводзіць шаблонны раённы фэст. Але ж толькі самабытныя імпрэзы маюць шанц “прабіцца” на насычаным інфармацыйным полі Беларусі, не кажучы ўжо пра замежжа. Толькі пры такой умове фестывальны партрэт краіны ўзбагаціцца новымі цікавымі ды яркімі фарбамі, а не шараговымі мерапрыемствамі для справаздачнай “птушачкі”.

Што трэба зрабіць, каб раёны займелі непаўторнае фестывальнае аблічча? Пішыце на адрас: 220013,  г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77 або kultura@tut.by, тэлефануйце ў рэдакцыю па нумары 8-017-334-57-23, абмяркоўвайце тэму на www.facebook.com/kimpressby і www.twitter.com/kultura_by! Нам важная менавіта ваша думка!

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"