“Свае ўспаміны напішу Вам у лісце…”

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

Вялікі рукапіс мастака, які так поўна друкуецца ўпершыню

(Працяг. Пачатак у № 6 за 2013 г.)

“…Так здарылася, што з Жорам мы кантактавалі і ў час нашай вучобы ў ВХУТЕМАСе-ВХУТЕИНе, а на пачатку 1930-х разам уступілі ў мастацкае аб’яднанне станкавістаў (ОСТ). Потым я выехаў на Радзіму, у Беларусь, потым — вайна, фронт... І толькі праз дваццаць гадоў пасля Перамогі я зноў сустрэўся з Георгіем у яго маскоўскай творчай майстэрні на Вялікай Маслаўцы: ён ужо быў народным мастаком Расіі, шырока вядомым савецкім пейзажыстам-наватарам. За кілішкам “Cтоличной” гарэлкі мы з асалодай доўга ўзгадвалі той далёкі і незабыўны час — час бурлівай маладосці, дзёрзкіх мар і надзей, светлых памкненняў…

Сярод мастакоў-педагогаў, якія паказвалі свае творы ў студыі, запомніўся Сяргей Аляксандравіч Каўроўскі (ён пайшоў з жыцця ў час Вялікай Айчыннай вайны ва ўзросце 54 гадоў. — Б.К.) з ягонай “Месячнай сімфоніяй”. Карціна таксама, як у Ніскага, была выканана мазочкамі, але акрэслена чорным контурам накшталт візантыйскай мазаікі. Хаця, аднак, тады я гэтых слоў — “Візантыя”, “мазаіка” — не ведаў. Памятаю, на палатне быў намаляваны чалавек у лодцы, сярод зараснікаў. Усе магчымыя адценні блакітных, ружовых, зеленаватых і сініх тонаў рабілі гэты твор вельмі прывабным ды святочным.

/i/content/pi/cult/412/8454/2-1.jpeg

З работ іншых мастакоў запомніў серыю карцін Афанасія Сазонава, таго самага аўтара роспісаў на вакзале. Назваў палотнаў зараз не памятаю, але ўсе яны былі прысвечаны злабадзённай на той час тэме — мяшэчнікам і іхняму нялёгкаму побыту. Карціны распавядалі, як гэтыя людзі ехалі на Украіну, каб набыць там зерне і муку; як прывозілі адтуль сваім галодным сем’ям харчы альбо проста перапрадавалі іх на базары, каб набыць газу ці соль. На адной карціне — адчыненыя дзверы таварнага вагона, а ў вагоне ўжо поўна людзей з мяхамі ды рукзакамі, але людзі ўсё працягваюць ламіцца і караскацца ў тамбур. На другой карціне — таксама таварны вагон, але цягнік ужо рухаецца. На даху сядзяць і ляжаць мяшэчнікі, паміж імі складзены мяхі. А на буферах вагона, на дошках, — таксама людзі. Наступная карціна: на даху вагона сядзяць маладыя хлопцы і дзяўчына, над іхнімі галовамі — высокае сонечнае неба…

Усе творы былі напісаны алеем на фанеры, у акадэмічнай манеры, але добра зроблены па колеры. На жаль, работ гэтага мастака мне больш бачыць не давялося. Праўда, пазней, у 1930-я гады, я неяк набыў адну паштоўку з рэпрадукцыяй карціны Сазонава “Беларускія партызаны”: на саламяным даху вясковай хаты — два мужыкі, адзін з якіх, са стрэльбай, углядаецца ўдалечыню, відаць, у бок размяшчэння белапалякаў… Неяк я сустрэў Афанасія Сцяпанавіча ў студыі Урубеля: ён быў апрануты ў форму дэмабілізаванага вайскоўца — у фрэнч і боты. Запомніўся адзін сказ з ягонага аповеду: “Сёння рэалізм не ў пашане”. Тады я даведаўся: Сазонаў толькі што вярнуўся з Петраграда, куды ездзіў восенню 1923 года паступаць у толькі што створаны петраградскі ВХУТЕМАС. Але — не паступіў...

Што я рабіў у студыі імя Міхаіла Урубеля? Маляваў, рысаваў, кампанаваў. Як усе — нічога асаблівага. Памятаю, пры ўваходзе ў нашу студыю стаяла велізарнае пано, зробленае з некалькіх аркушаў фанеры, з постаццю сцяганошы, выкананае таленавітым мастаком Аляксандрам Быхоўскім, дарэчы, як я даведаўся пазней, першым ілюстратарам апавяданняў І.Бабеля. А побач, на Працоўнай вуліцы, знаходзілася тая самая майстэрня Дэ Валера. Сярод маіх знаёмых там працаваў і скульптар Нісан Шыфрын. Пасля вайны я сустрэў яго ў Маскве: ён — вядомы мастак-сцэнограф, заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР, лаўрэат Сталінскай прэміі за афармленне спектакляў па п’есах А.Астроўскага ў Тэатры Савецкай Арміі.

/i/content/pi/cult/412/8454/2-2.jpeg

…У тыя часы скульптурныя партрэты былі ў Гомелі паўсюль: у клубах, школах, на прадпрыемствах, у агіткутках, у чырвонаармейскіх частках. Большасць з іх выконвалася з гліны асаблівага, чырванаватага, колеру і ніколі не псавалася. Захаванасць была ідэальнай! А што да газетна-часопіснай графікі, дык гэтая галіна таксама была прэрагатывай прафесійных мастакоў. Той самы Аляксандр Якаўлевіч Быхоўскі пастаянна выконваў для абласной газеты “Палеская праўда” арыгінальныя малюнкі, застаўкі, невялікія кампазіцыі (у 1926 г. выйшла кніга “А.Быхоўскі. Графіка”, а ў 2005-м у Пушкінскім музеі адбылася яго персанальная выстаўка. — Б.К.). На газету працавалі і Малец, і Каўроўскі, і Балашоў — прыроджаны газетны графік. Той самы Балашоў, які ў 30-я як мастак зрабіў “цукерачку” з часопіса “Вокруг света”! Пазней Масква дала прытулак і іншаму вельмі таленавітаму мастаку — А.Яўмененку, які стварыў у Гомелі яскравыя ды прыгожыя плакаты для вітрын кнігарняў. У сталіцы ён стаў вядомым мастаком-мультыплікатарам. Нешта і я спрабаваў рысаваць для газет. Гэта былі першыя мае спробы ў галіне графікі, што потым мне нейкім чынам спатрэбілася ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны, калі я прымаў удзел у стварэнні агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну!”.

Ішоў час. І аднойчы заняткі ў студыі Урубеля перапыніліся. Безумоўна, было шкада, але доўга мы не засмучаліся, бо ў Гомелі было дзе папрацаваць. Нядоўга думаючы я скіраваўся на вуліцу Савецкую, дзе месцілася гарнізонная студыя, што падпарадкоўвалася Чангарскай кавалерыйскай дывізіі. Там, на трэцім паверсе будынка, кожны вечар адбываліся заняткі па маляванні. Любы ахвотны атрымліваў аркуш шэрай паперы і стрыжань пячнога вугалю. Праўда, большасць пачаткоўцаў-мастакоў былі вайскоўцы-кавалерысты, пераможцы белага генерала Урангеля, хаця заходзілі і цывільныя. У вялікай, добра асветленай зале былі ўстаноўлены спецыяльна зробленыя падстаўкі. Ты падыходзіш да падстаўкі, прымацоўваеш паперу, і — малюй на здароўе! Сюды прыходзілі дзяўчаты ды хлопцы: хтосьці — проста дзеля цікаўнасці, нехта — папазіраваць.

/i/content/pi/cult/412/8454/2-3.jpeg

Сярод кавалерыстаў, між іншым, былі адораныя хлопцы, адзін з якіх нават захапляўся жывапісам Барысава-Мусатава! У адным з куткоў для будучых скульптараў у вялікім чане мокла гліна; у іншым — стаялі мяхі з гіпсам альбо цэментам. А кіраваў гэтай цудоўнай студыяй Яўген Паўлавіч Краўчанка. Аднойчы, згодна з ягонай просьбай, кавалерысты прывялі проста на трэці паверх сапраўднага, жывога каня! Нейкі хлапчук сеў на яго, і ўсе мы з вялікім задавальненнем малявалі “натуру”! Прыходзілі ў гэтую студыю папрацаваць і мае старыя знаёмцы па былой “урубелеўцы”: Каўроўскі, Сазонаў, Малец.

Сярод выкладыкаў запомніліся Мікалай Яфрэмавіч Русецкі і Усевалад Уладзіміравіч Зорын. Дарэчы, на гэтую студыю ўскладаліся вельмі вялікія нагрузкі напярэдадні рэвалюцыйных святаў. Трэба было аформіць горад, і ў кожнай галіне мастацкага афармлення былі свае спецыялісты. Велізарныя пано на фанерных шчытах зазвычай ствараў Быхоўскі. Чырвоныя з бронзай сцягі для дэманстрацый з’яўляліся прэрагатывай Краўчанкі. Між іншым, Яўген Паўлавіч у студзені 1924-га выканаў і агромністы жалобны вянок з партрэтам Леніна, які быў пасланы ў Маскву на пахаванне правадыра.

Гарнізонная студыя Краўчанкі праіснавала да 1940 года. Неаднойчы змяняла яна сваё месцазнаходжанне. Але, пастаянна папаўняючыся мастацкімі матэрыяламі, муляжамі птушак, звяроў, гіпсавымі адліўкамі, маскамі, арнаментыкай, а галоўнае — новымі і новымі людзьмі, якія прагнулі далучыцца да мастацтва, яна заваявала прызнанне не толькі ў мастакоў, але і ва ўсіх гамяльчан…

Ну а мой лёс пасля Гомеля склаўся наступным чынам. У 1926-м я дэмабілізаваўся з Чырвонай Арміі і стаў настаўнікам малявання ў пачатковай школе, марачы, натуральна, пра вялікае мастацтва. І праз год — рызыкнуў: паехаў паступаць у маскоўскі ВХУТЕМАС. За плячыма — толькі школа майго настаўніка Сяргея Грамыкі, вопыту і ўмення ў акадэмічным малюнку — амаль што няма. Тым не менш — вырашыў паспытаць шчасця. Памятаю, пад час іспыту па жывапісе нам паставілі нацюрморт. Ён быў амаль беспрадметны і спалучаў у сабе заданні на колер, аб’ём і фактуру. Пісалі яго на працягу трох сеансаў. Я выканаў пастаноўку даволі хутка і астатні час рабіў выгляд, што заканчваю працу. На іспыце па малюнку, атрымаўшы аркуш паперы, я пачаў маляваць аголеную натуру — першую ў маім жыцці. Натуршчыцу звалі Надзя Асіповіч. Казалі, што раней яна пазіравала ў студыі знакамітага “бубновавалетаўца” Ільі Машкова. Я хутка намаляваў яе з пэўнай доляй шаржу, скончыў малюнак падтушаванымі дужкамі, не ведаючы, што рабіць далей. Я назіраў, як побач гумкай мае таварышы праціралі паперу да дзірак. Да мяне падышоў прафесар графікі Павел Якаўлевіч Паўлінаў і, аглядзеўшы малюнак, прапанаваў зрабіць на гэтай жа паперы іншы. Як я вытрымаў уступныя іспыты па іншых прадметах — ведае адзін Бог…

Тады пры паступленні ў ВХУТЕМАС ільготамі карысталіся рабфакаўцы, якіх прымалі без уступных экзаменаў і якія складалі асноўную масу абітурыентаў. Астатнія дапускаліся да іспытаў па прафсаюзных пуцёўках, і толькі невялікая колькасць месцаў пакідалася для тых, хто паступаў па конкурсе. У ліку апошніх быў і я. Карацей, я быў прыняты на жывапісны факультэт. А ўсяго было сем факультэтаў, у тым ліку жывапісны — з трыма аддзяленнямі: станковага жывапісу, манументальнага жывапісу і тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва.

Для мяне пачалася няпростая вучоба. Я сталеў хутка, і мае наіўныя ўяўленні пра мастацтва саступалі месца сур’ёзнаму стаўленню да жывапісу ды яго традыцый. Сацыяльны склад маіх калег-студэнтаў быў неверагодна стракаты. Многія прыйшлі ў інстытут проста з франтоў Грамадзянскай вайны, некаторыя ўдзельнічалі і ў Імперыялістычнай. Былі студэнты з правінцыйных ускрайкаў Расіі, вялікі працэнт складалі рабфакаўцы, і ўзрост іх вагаўся ў межах ад 18 да 40 гадоў"...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"