КУЛУАРЫ: Праз фота і СЛОВА

№ 7 (1081) 16.02.2013 - 23.02.2013 г

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе праводзілася пасяджэнне выніковай калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, мы, па традыцыі, пагутарылі з прадстаўнікамі рэгіёнаў і сталіцы. Тэма кулуарных маналогаў была прысвечана не столькі леташнім здабыткам, колькі сёлетнім задачам і праблемам, што замінаюць іх вырашэнню.

Уладзімір ЛІТВІНАЎ, намеснік генеральнага дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля па навуковай рабоце:

— Спадзяюся, што падвядзенне вынікаў мінулага года, іх асэнсаванне дазволіць распрацаваць рэалістычныя планы на будучыню. Краіне неабходны амбіцыйныя праекты ў культурнай галіне. Культура можа быць прыбытковай, але зыходзіць трэба з рэальнага патэнцыялу: браць да ўвагі і становішча нашай матэрыяльнай базы, і кваліфікацыю кадраў. Не трэба рабіць з культуры спрынтара, якому кажуць: вось ты прабег стометроўку за дзесяць секунд, заўтра ты мусіць прабегчы за дзевяць, потым — за восем, і нарэшце — за адну. Непамерны цяжар бегу навыперадкі не на карысць справе. Задачы, якія ставяцца перад культурай, павінны быць пад’ёмнымі…

/i/content/pi/cult/412/8453/4-2.jpeg

Віктар АЛЬШЭЎСКІ, кіраўнік Творчых майстэрняў “Цэнтр сучасных мастацтваў”:

— Праблемы, якія сёння мае наш Цэнтр, — гэты праблемы росту, станаўлення. Мы набываем досвед. Цэнтр існуе нядаўна, але, спадзяюся, магу сказаць, што ён ужо адыгрывае пазітыўную ролю ў культурным працэсе і сцвердзіўся як з’ява, вартая ўвагі. Летась мы здзейснілі шэраг маштабных праектаў, да нас цягнецца творчая моладзь, намі цікавяцца, пра нас гавораць. Але ўсё зробленае — гэта толькі задзел на будучыню, гарантам якой мы ўспрымаем словы міністра культуры: “Цэнтру сучасных мастацтваў — быць!”…

Юрый ІГРУША, дырэктар “Беларускага відэацэнтра”:

— Задача калегіі, у першую чаргу, — падвесці вынікі 2012 года. Таму тут наўрад ці будуць вырашацца нейкія стрыжнявыя пытанні. Калі ж згадаць тое, што мяне хвалюе, дык зараз увогуле пад пытаннем лёс “Беларускага відэацэнтра”. Але сказаць нешта канкрэтнае я пакуль не магу.Зараз гэтае пытанне — на стадыі вырашэння...

/i/content/pi/cult/412/8453/1-4.jpeg

Ірына БЕЛЯКОВА, дырэктар Магілёўскага дзяржаўнага прадпрыемства “Кінавідэапракат”:

— Мінулы год стаў для нашай арганізацыі паспяховым: выкананы і нават перавыкананы ўсе даведзеныя паказчыкі, паспяхова адбываецца пераход кінатэатраў на лічбавае абсталяванне. На сёння ў Магілёве лічбавыя залы ёсць у кінатэатрах “Радзіма”, Космас”, “Чырвоная зорка”. Нельга забыцца і на Бабруйск, дзе за кошт бюджэтных сродкаў была адчынена лічбавая зала, і на Горкі, дзе ў рамках Рэспубліканскага свята “Дажынкі” адрамантаваны кінатэатр. Аднак трэба развівацца далей: ёсць рэзерв — тыя памяшканні, якія пакуль здаюцца ў арэнду. Гэта залы магілёўскіх кінатэатраў “Ветразь” і “Космас” — ім патрэбны рамонт і новае абсталяванне. Таму для нас пытанне фінансавання на дадзены момант — самае важнае…

Дзмітрый СУРСКІ, старшыня Беларускага саюза дызайнераў (на калегіі быў узнагароджаны Падзякай міністра культуры Рэспублікі Беларусь):

— За васямнаццаць гадоў, цягам якіх узначальваю Саюз, я ўпершыню атрымліваю такую ўзнагароду. Гэта вельмі прыемна! Ёсць шмат цікавых праектаў, якія хацелася б ажыццявіць з прыходам новага міністра. Па-першае, гэта стварэнне Музея плаката. У Беларускім Саюзе дызайнераў ёсць буйная калекцыя плакатаў. Сёння яна, на жаль, ляжыць на паліцах, а трэба, каб людзі яе бачылі. Добра, каб будучая музейная ўстанова працавала не толькі як музей: каб там праходзілі плакатныя конкурсы, біенале, самыя розныя мерапрыемствы.

Што да больш глабальных задач, то беларускаму дызайну не хапае сістэмнасці — хацелася б гэта выправіць. У свой час у нас існаваў Інстытут дызайну, Нацыянальны дызайн-цэнтр,— сёння гэтых арганізацый няма. З аднаго боку, попыт на прафесію расце (сёння ужо амаль усе педагагічныя ВНУ маюць аддзяленне дызайну), а з іншага ж — прымяніць свае веды спецыялістам у жыцці складана...

/i/content/pi/cult/412/8453/1-2.jpeg

Валерый АНІСЕНКА, дырэктар — мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, заслужаны дзеяч мастацтваў краіны:

— Насамрэч, сёння ў нас шмат падстаў для размоў, для абмеркавання праблем, якіх “вышэй за дах”, — як глабальных (як стварыць, захаваць нашае агульнае культурнае поле?), так і цалкам канкрэтных. Што да апошніх, то прыкладаў тут дастаткова. Сёння наш Коласаўскі тэатр перавыканаў план на 201%. Мы выплацілі прэмію ўпершыню за многія гады, зарабілі больш за мільярд. Але на наступны год, у выніку, будзем вымушаны зарабіць яшчэ больш. Так нельга! Відавочна, што гэтае пытанне патрабуе разгляду. Па-другое, у нашым тэатры востра стаіць кадравае пытанне. Катастрафічна не хапае моладзі. У мяне больш за 20 чалавек пенсійнага ўзросту. Пры ўсёй павазе да сталасці, маладыя людзі — гэта зусім іншая энергія. Са сцэны мусіць ісці жыццё! Але ніхто не хоча ехаць па размеркаванні, і гэта — трагедыя! З іншага боку, запрасіць маладых спецыялістаў няма куды: існуюць праблемы з жыллём і не толькі. Усе яны патрабуюць вырашэння. Пры гэтым сітуацыя ў тэатры вельмі спрыяльная: практычна нараджаецца новы тэатр…

Вераніка ВІНЕЛЬ, дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск):

— Мяркую, што і нацыянальныя, і абласныя тэатры маюць у чымсьці падобныя клопаты. Гэта — і рост выручкі ад спектакляў, і кадравы голад, і памеры зарплат… Да спецыфікі тэатра не абласнога горада варта далучыць яшчэ і неабходнасць новых пастановак. Іх цыклічнасць мусіць быць частая, бо публіка, якой у нашым горадзе каля двухсот тысяч, прагне новага матэрыялу. А гэта — дадатковыя мазгавыя штурмы. Сёлета ў нашым тэатры зноў пройдзе Фестываль беларускай нацыянальнай драматургіі. Да яго зараз і рыхтуемся…

/i/content/pi/cult/412/8453/3-1.jpeg

Сяргей ДЗЕЙКАЛА, начальнік аддзела культуры Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Адно з тых пытанняў, што актуальнае заўсёды, — паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна. Так, летась зрабілі рамонт даху Цэнтральнай раённай бібліятэкі Мастоў, які да гэтага часу працякаў. Плануем сёлета адрамантаваць фасад гэтай бібліятэкі, а таксама распачаць рамонтныя работы ў мясцовай ДШМ. Працягваецца асвойванне фінансавых сродкаў (а гэта 260 тысяч еўра), атрыманых, паводле Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва з ЕС “Польшча — Літва — Беларусь”, на рамонт Гудзевіцкага дзяржаўнага літаратурна-краязнаўчага музея. Сёлета, прыкладна ў красавіку, як я мяркую, мы скончым там усе рамонтныя работы і абавязкова зладзім у паселішчы рэгіянальны ці, калі атрымаецца, нават міжнародны фестываль традыцыйнага народнага мастацтва. Натуральна, абавязкова запросім на свята і карэспандэнтаў “К”!..

/i/content/pi/cult/412/8453/1-1.jpeg

Уладзімір САМСОНАЎ, начальнік аддзела культуры Лідскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Сёлета ў Лідзе пройдуць мерапрыемствы, прысвечаныя 690-годдзю райцэнтра. Натуральна, самы чынны ўдзел у гэтых святочных акцыях возьмуць і культработнікі раёна. А з сакавіка распачынаем рэалізацыю сумеснага з Тракайскім замкам праекта паводле Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС “Польшча — Літва — Беларусь”. Агульны кошт атрыманага гранту роўны 160 тысячам еўра. Пад час рэалізацыі сумеснага праекта, які называецца “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”, зладзім буйныя святочныя мерапрыемствы, звязаныя з традыцыйнымі народнымі рамёствамі, правядзём навукова-практычныя канферэнцыі, фальклорныя экспедыцыі і многае іншае. Таксама плануем развіваць традыцыі ткацтва: сёлета створым у Лідзе своеасаблівую ткацкую мануфактуру — будзем выконваць разнастайныя заказы ад дзяржаўных і прыватных арганізацый ды фірмаў на паясы, касцюмы, іншыя вырабы з ільну. Далучым, дарэчы, да гэтай справы і раён: сёлета запланавана адкрыць яшчэ чатыры філіялы Лідскага РЦР у сельскай мясцовасці. Цяпер падводзім пад гэта неабходную “базу”: набываем ткацкія станкі, праводзім навучанне нашых культработнікаў ткацкаму майстэрству… Гэтая дзейнасць, на мой погляд, — даволі перспектыўная, і, спадзяюся, мы зможам заняць сваю нішу на рынку, што, натуральна, прынясе дадатковы прыбытак сферы культуры Лідчыны…

Мікалай ЗАБАЎСКІ, дырэктар Вяззеўскага СДК Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці:

— Адна з праблем, якую хацелася б агучыць, — набыццё гукаўзмацняльнай і светлавой апаратуры для СДК. Наяўная тэхніка беларускай вытворчасці, на жаль, не надта якасная. Гэтае пытанне трэба абавязкова вырашаць, бо, набываючы няякасную апаратуру, якая, да таго ж, часта ламаецца і патрабуе замены ды рамонту, мы проста растрачваем дзяржаўныя грошы. А набыць прадукцыю замежных вытворцаў — больш якасную і эфектыўную — мы, як вядома, не можам, бо бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца толькі на закупку айчыннай апаратуры. Пазабюджэтныя сродкі выкарыстаць пад гэтыя мэты не заўсёды атрымліваецца, таму трэба альбо дазволіць установам культуры набываць замежную апаратуру за сродкі бюджэту, альбо павышаць якасць айчыннай прадукцыі да адпаведнага, еўрапейскага, узроўню…

/i/content/pi/cult/412/8453/1-5.jpeg

Ігар СІГОЎ, дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі:

— Сёлета будзем працягваць актыўна развіваць міжнароднае супрацоўніцтва. Так, у маі, спадзяюся, у нас атрымаецца паехаць на тэатральныя фестывалі ў Херсон, Чаркасы, Арол. Таксама сёлета ў тэатры абавязкова будуць новыя прэм’еры. Тыя прэм’ерныя паказы, што прайшлі летась, атрымаліся, на мой погляд, удалымі, таму будзем рухацца ў гэтым накірунку і надалей. Так, Аляксандр Гарцуеў зараз працуе над спектаклем “Раскіданае гняздо”, а пасля ў нашым тэатры адбудзецца пастаноўка Сяргея Паўлюка паводле п’есы ўкраінскага драматурга Віктара Понізава “Збегчы з Лісінора”. Спадзяюся, яна будзе цікавая нашаму гледачу, бо гэта незвычайны і нават, я сказаў бы, дзёрзкі спектакль. На пачатку восені плануем паказаць п’есу “Прымакі” ў пастаноўцы таго ж Аляксандра Гарцуева, а таксама, магчыма, на сцэне тэатра цягам года будуць прадстаўлены некалькі новых п’ес у пастаноўцы іншых рэжысёраў — як айчынных, так і замежных…

/i/content/pi/cult/412/8453/31.jpeg

Максім Шапавалаў, намеснік дырэктара Гомельскай абласной філармоніі:

— Сёлета запланавана актыўная гастрольная дзейнасць нашых калектываў, іх удзел у міжнародных конкурсах. Вялікія спадзяванні звязваем з дзейнасцю нашага менеджара па маркетынгу — гэтую пасаду толькі нядаўна ўвялі ў нашай філармоніі. Наш галоўны клопат сёння — адсутнасць сваёй канцэртнай залы. Абнадзейвае той факт, што нам некалькі месяцаў таму перадалі адпаведнае памяшканне, і, спадзяюся, пры спрыяльных умовах, ужо сёлета артысты змогуць радаваць сваіх прыхільнікаў на ўласнай сцэне…

/i/content/pi/cult/412/8453/7-2.jpeg

Віктар БАЖАН, начальнік аддзела культуры Жлобінскага райвыканкама:

— Асноўная задача аддзела — годна правесці ў Жлобіне Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2013". Рашэнне гэтае толькі прынята, канкрэтыкі па падрыхтоўцы аб’ектаў да дзяржаўнага свята яшчэ няма, але мы хацелі б, натуральна, каб кожнай гарадскай установе культуры была нададзена ўвага. На давядзенне да ладу музея мы ўжо атрымалі грошы. Будуць узведзены новыя гасцініца і дзіцячы садок... Зробім усё для таго, каб абноўленае аблічча займелі ДШМ № 1, Дом культуры, Цэнтральная і Дзіцячая бібліятэкі...

А год мінулы мы завяршылі няблага. Дасягнулі практычна ўсіх даведзеных паказчыкаў. План па аказанні платных паслуг выканалі больш чым на 120 працэнтаў у супастаўных цэнах пры плане 106,6 працэнта.

/i/content/pi/cult/412/8453/7-1.jpeg

Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама:

— Яшчэ летась распачалі работу над канцэпцыяй XXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Рэгулярна праходзяць пасяджэнні арганізацыйнага камітэта. Літаральна сёння, пасля пасяджэння выніковай калегіі, збіраемся па гэтым пытанні ў міністра культуры... Натуральна, мы імкнёмся, каб чарговы фэст нечым адрозніваўся ад папярэдняга. Сёлета, да прыкладу, хочам фінальны канцэрт фестывальнага дзіцячага конкурсу правесці не на сцэне Канцэртнай залы "Віцебск", а ў Амфітэатры. Канцэрт гэты, сапраўды, — заўжды цікавы і аншлагавы. Увогуле, фестываль стаў для свету яркай візітоўкай Беларусі. І гэты пашанотны статус мы будзем усяляк умацоўваць!..

/i/content/pi/cult/412/8453/5-1.jpeg

Юрый КУЛЕНІЧ, начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама:

— Распачынаем, як і паўсюдна па рэспубліцы, няпросты працэс аптымізацыі. Ён прымусіць нас значна павялічыць эфектыўнасць работы мабільных устаноў культуры. Да слова, дзейнасць нашага аўтаклуба па колькасці выездаў і якасці абслугоўвання сельскага насельніцтва прызнана лепшай на Брэстчыне...

У раёне няма Дома рамёстваў, а вельмі развіта вышыўка. Закладваюцца іншыя асновы для ўдасканалення іншых мясцовых традыцыйных промыслаў і абрадаў. Думаю, і Дом рамёстваў у нас з’явіцца. Прынамсі, пастараемся сёлета многае для гэтага зрабіць...

/i/content/pi/cult/412/8453/1-3.jpeg

Уладзімір МАРОЗ, вядучы рэдактар студыі "Летапіс" Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм":

— Сёлета тэматычная праграма нашай студыі «Летапіс» — досыць разнастайная і цікавая. Ужо гатова карціна пра першага міністра замежных спраў БССР Кузьму Кісялёва. Чакаем завяршэння сумеснай беларуска-французскай стужкі «Цені Нарвялішак». Неўзабаве запускаецца фільм «Афганцы» — пра лёсы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Дзве карціны прысвечаны мастакам-інвалідам з Івацэвіччыны і Стаўбцоўшчыны, рэжысёры — Юрый Цімафееў і Вольга Дашук. Па маім сцэнарыі Яўген Сяцько мяркуе зняць фільм пра паэта Леаніда Дранько-Майсюка...

Ірына Канапелька, начальнік аддзела Фрунзенскага раёна горада Мінска:

— Наш раён самы вялікі ў беларускай сталіцы: сёння тут пражывае больш за 400 тысяч жыхароў. Актыўнае горадабудаўніцтва фарміруе культурную палітыку раёна. Галоўны клопат — узвядзенне ўстаноў культуры. На нашай тэрыторыі — толькі пяць бібліятэк, чатыры музычныя школы і ўсяго адзін кінатэатр. Мая мара — стварыць у раёне ўстановы культуры клубнага тыпу. Хочацца, каб у спальных мікрараёнах былі маладзёжныя цэнтры з добрай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Зараз жа ў нас практычна ўсе асноўныя культурныя мерапрыемствы праводзяцца на адкрытых пляцоўках…

/i/content/pi/cult/412/8453/6-1.jpeg

Валерый ГЕЙХМАН, начальнік аддзела культуры Ельскага райвыканкама:

— Трэба закончыць распачатыя бягучыя рамонты чатырох сельскіх устаноў культуры. Вядзём мы іх сіламі сваёй гаспадарчай групы. Летась яна асвоіла 600 мільёнаў рублёў. На бягучы год выдаткавана больш за мільярд. Так што асноўную нашу праблему, звязаную з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, пакрысе вырашаем...

Працягваецца давядзенне да ладу Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра. Дарэчы, гэтая ўнікальная сельская клубная ўстанова толькі за студзень бягучага года зарабіла 24 мільёны пазабюджэтных рублёў...

Кацярына Дулава, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Сёлета ў нас вельмі шмат планаў. У першую чаргу, яны звязаны з пэўнымі пераўтварэннямі самой адукацыйнай сістэмы, яе аптымізацыяй. Гэта будзе датычыцца як спецыяльнасцей, так і саміх кафедр. Акрамя таго, наперадзе нас чакаюць два капітальныя рамонты, у тым ліку галоўнага будынка — помніка архітэктуры. У выніку мы зможам пашырыць плошчы — вельмі неабходныя для маладых творцаў, — а таксама палепшыць тэхнічную базу. Акрамя таго, яшчэ адзін наш клопат, які, будзем спадзявацца, сёлета вырашыцца, — набыццё якасных музычных інструментаў…

/i/content/pi/cult/412/8453/3-2.jpeg

Сяргей Маеўскі, дырэктар Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры":

— Калі казаць пра нашы надзённыя клопаты, то зусім мала часу засталося да выхаду новага альбома. Да таго ж, плануюцца сумесныя праекты на ўзроўні Саюзнай дзяржавы. У прыватнасці, запланавана актыўная гастрольная дзейнасць. І ўсё ж самы вялікі клопат — недахоп фінансавання. У нас ёсць цікавыя задумкі: гэта і кінапраект, і пастановачнае тэатральнае шоу. Усё тое, вядома, патрабуе адпаведных сродкаў…

Матэрыялы з пасяджэння калегіі падрыхтавалі Яўген Рагін, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ, Кастусь АНТАНОВІЧ, Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Юрый ІВАНОЎ (фота).

Напрыканцы пасяджэння калегіі міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў падзякаваў за выступленні і адзначыў, што ўсе прапановы, якія прагучалі пад час пасяджэння, будуць унесены ў заключнае рашэнне калегіі. А пасля віцэ-прэм’ер Урада Анатоль Тозік і кіраўнік Міністэрства культуры ўручылі ўзнагароды лепшым спецыялістам сферы па выніках 2012 года.

Работнікі культуры і мастацтва былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, атрымалі Падзякі міністра культуры краіны. Пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы аграгарадоцкіх устаноў культуры «Клуб года» былі ўручаны дыпломы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.